скрыві́цца, скрыўлюся, скрывішся, скрывіцца; зак.

1. Зрабіцца крывым, няроўным; перакрывіцца, выгнуцца. [Лявон:] — Полаз у санак скрывіўся. Жычка. На вуліцы жоўты пясок, Скрывілася хата набок, Яе кулямётныя кулі Навылет, як ветрам, прадзьмулі. Астрэйка. Прыплёўся .. [сабака] з лесу галодны, хворы, з абмарожанымі пярэднімі нагамі, якія пасля скрывіліся так, што было смешна і балюча глядзець, як бяжыць гэтае сабачаня. Ваданосаў. Скрывіўшыся ў сядле,.. [коннік] кінуў каманду назад: — А ну, падцягніся! Лынькоў.

2. Разм. Зрабіць грымасу, міну, якая выказвае незадавальненне, пагарду, боль і інш. — Я нікому не казаў, — закрычаў Міхалка і ад болю ў плячы скрывіўся. Чорны. [Алесь:] — Яшчэ і мой Андрэй напэўна скрывіцца, як даведаецца, што бацька ў сорак пяць гадоў надумаўся ажаніцца. Васілевіч. Бародка зноў спыніўся каля ложка, і твар яго так скрывіўся ад болю і злосці, што Марына спалохалася. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДУ́БЛІН (Dublin; ірл. Бале-Аха-Кліях),

горад, сталіца Ірландыі. Размешчаны на У краіны, у вусці р. Ліфі, якая ўпадае ў зал. Дублін Ірландскага м. 915,5 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог, гал. марскі порт. Каналамі Роял і Гранд злучаны з унутр. раёнамі. Міжнар. аэрапорт. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (эл.-тэхн. і радыёэлектроннае, прылада- і трактарабудаванне, суднабудаванне і суднарамонт, с.-г.), металаапр., харчасмакавая (піваварная, мясакансервавая, беконная, мукамольная, тытунёвая, вытв-сць віскі), тэкст. (шарсцяная і льняная), швейная, джутавая, буд. матэрыялаў. Дублінскі ун-т, Нац. ун-т, АН і Акадэмія мастацтваў. Тэатры. Штогадовы міжнар. Дублінскі тэатр. фестываль (з 1948).

Паходзіць ад стараж назвы ўчастка р. Ліфі (Dubhlin — чорная затока). Упершыню ўпамінаецца пад 291. У 9 ст. заваяваны нарманамі, якіх паступова асімілявалі ірландцы. У 1170 захоплены англ. феадаламі, з канца 12 ст. цэнтр заваяванай імі калоніі. Гар. права з 1171. У 1613—1800 месца знаходжання ірл. парламента. З 17 ст. Д. — адзін з цэнтраў ірл. вызв. руху. У Д. адбылося Ірландскае паўстанне 1916. У 1919 тут засядаў Ірл. парламент, які абвясціў незалежнасць Ірландыі. Паводле англа-ірл. дагавора 1921 з Д. выведзены англ. гарнізон, горад стаў сталіцай Ірландскай вольнай дзяржавы, з 1949 — Ірландскай рэспублікі.

Са стараж. забудовы захаваліся замак (зараз Палац юстыцыі; 13 ст.), гатычныя царква Крайст-чэрч (1038—1225) і сабор Сент-Патрык (1190, перабудаваны пасля 1362). З 1757 перапланаваны цэнтр, дзе склаліся парадныя ансамблі ў стылі класіцызму. Парламент (1745—48), Трыніты-каледж (зараз ун-т; фасад — 1759), Чарлімант-хаўс (зараз Галерэя сучаснага мастацтва; 1763—70, арх. У.​Чэймберс), ратуша (б. біржа; 1769, арх. Т.​Кулі), Ірл. банк (1729—1805); будынкі «Чатырох судоў» (1786—1800), царква Сент-Джордж (1794—1802). У 1913 складзены план рэканструкцыі Д. (арх. П.​Аберкрамбі); пабудаваны аэравакзал (1937—41), аўтавакзал (1951—53), шэраг жылых і прамысл. комплексаў. Музеі: Нац. музей, Нац. галерэя, Муніцыпальная галерэя сучаснага мастацтва, Грамадзянскі музей.

Дублін. Вуліца О’Конел-стрыт.

т. 6, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бурча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць глухія гукі, выказваючы нездавальненне або пагрозу (пра жывёл). Кудлаты і нязграбны малы сабака папробаваў бурчаць, пасля сціх. Чорны. // Утвараць падобныя гукі (пра нежывыя прадметы). Насоўвалася хмара, недзе далёка бурчаў гром. Рылько. Рэзка бурчалі і вылі асколкі, ціўкалі кулі. Сачанка.

2. Разм. Сярдзіта, нездаволена мармытаць; бубніць. — Вось бяда, дык бяда, ледзь не праспаў, а сёння апошні дзень старога года, — бурчаў сам на сябе дзед. — Працы ж у мяне, бацюхны мае... П. Ткачоў. Ужо дзед.. [Сашку] будзіць. Бабка ж Вікця нездаволена бурчыць на дзеда: куды гэта ён у такую рань малога ўскатурхвае. Даніленка.

3. безас. у знач. вык. Утвараць глухія пераліўныя гукі; бурліць. — У мяне, чалавека цярплівага, і то ў жываце бурчыць, пара і перакусіць, — ранейшай скорагаворкай прамовіў.. [Бабейка]. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пракулі́ка ’нешта незвычайнае, цуд (аб чалавеку)’ (слонім., Нар. лекс.). Дэрыват ад *пракулікаць з суф. ‑а або, паколькі няясна значэнне прыстаўкі, утварэнне з прыстаўкай пра- ад * кулі к (гл.). У такім выпадку, відаць, звязана з кулікушкі ’гульня ў жмуркі’, пры якой той, што жмурыць кугікае (пераймае крык куліка?), параўн. рус. кули кіі ’дзіцячая гульня ў хованкі’. Больш верагодна, аднак, непасрэдная сувязь з рус. кулік ’пераадзеты’, куликать ’п’янстваваць’, польск. kulik, kulig ’масленічная забава, калі пераапранутыя едуць на санях з музыкай і песнямі і адведваюць па дарозе суседзяў’, ст.-польск. kulig, kulik ’удзельнік масленічнай забавы’. Польскія і рускія словы параўноўваюцца з назвай птушкі кулік, паколькі гэтая забава ў Польшчы мае назву kiłliga gonić, na kuliga jeździć (m. Брукнер, 281; Фасмер, 2, 411). Паводле Банькоўскага (2, 851), завадзіла ў гэтай забаве быў у масцы з доўгім птушыным носам, удзельнікаў называлі ’начнымі кулікамі”, а сам звычай трапіў у Польшчу ’z Rusi”. Слаўскі (3, 350 і наст.) лічыць гэту версію народнай этымалогіяй і спасылаецца на параўнанні Мікпашыча (147) і Мацэнаўэра (LF, IX, 37) з лат. kulnas lėkt ’гуляць на масленіцу, браць удзел у маскарадзе’, якія, паводле Мюленбаха (2, 309), роднасныя лат. kuls ’грамада’, kula разам5, ст.-інд. kida‑ ’грамада’. На карысць гэтай версіі, магчыма, і акупіць ’адрынуць, адцурацца, аднесціся з пагардай’ (Нас.), што звязваюць з куляць (гл. акупяцца). Сувязь гэтай групы слоў з рус. о‑кула ’падманшчык’ і далей з лац. occulere ’ўкрываць, таіць’ < і.-е. *kel‑ ’зачыняць’, якую прапануе Патабня (РФВ, 3, 167 і наст.), Фасмер (2, 411) лічыць сумнеўнай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

берагчы́, ‑рагу, ‑ражэш, ‑ражэ; ‑ражом, ‑ражаце, ‑рагуць; незак., каго-што.

1. Захоўваць цэлым, не расходаваць. — Можа трошкі віна і знайшлося б, — усміхнулася настаўніца, — але мы яго беражом для раненых. Маўр. // Вельмі эканомна, беражліва расходаваць. Пры другіх абставінах Платон Дулеба і сам арганізаваў бы абстрэл самалётаў, але цяпер трэба было берагчы кожны патрон. Шчарбатаў. // Ашчадна карыстацца якімі‑н. рэчамі, імкнуцца захаваць іх у найлепшым стане. — Ты кнігу беражы, сынок, Прыходзь часцей у госці! Агняцвет.

2. Клапатліва ахоўваць каго‑, што‑н., засцерагаць ад чаго‑н. [Арына] сама любіла і берагла свайго бацьку. Кавалёў. [Маці:] — Хай беражэ цябе ад кулі І ад варожых злых штыкоў Святое пачуццё матулі — Мая бязмежная любоў. Глебка. [Пітолін:] — Неяк раз на зборы перад усімі праводзіў гутарку, як трэба берагчы баявыя традыцыі. Грамовіч. // Захоўваць у памяці, помніць. Берагчы наказ бацькоў.

•••

Берагчы сваю шкуру — клапаціцца, думаць толькі пра сябе.

Берагчы як зрэнку вока — старанна, беражліва захоўваць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Утвараць глухія гукі, якія нагадваюць працяжнае вымаўленне гука «с». Летам .. [Яша] амаль кожны дзень што-небудзь прыносіў: то гадзюку, якая злосна сыкала... то нейкіх рэдкіх матылькоў, якіх ніхто дагэтуль не бачыў. Даніленка. Кулі злавесна сыкаюць у паветры. Паслядовіч. Чэсік пагрозліва замахваецца, і раменная пуга свішча і сыкае ў паветры вужакаю. Васілевіч. Спорна тупае конік, сыкае пясок пад коламі. Б. Стральцоў. // Вымаўляць працяжнае «с», заклікаючы да цішыні, супакойваючы каго‑н. Гэтага было даволі, каб на Шахрая напаўжартам, напаўсур’ёзна з усіх бакоў пачалі сыкаць. Шарахоўскі. На мяне ўжо сыкала некалькі мужчын з капелюшамі ў руках, а я ўпарта крочыў наперад. Карпюк.

2. Разм. Выказваць сваё нездавальненне, злоснічаць (звычайна спадцішка). Бацька ўсміхаецца: рады, Што наступіў такі час, Кажа: — Хоць сыкаюць гады, — Арганізуем калгас! Смагаровіч.

3. Разм. Гаварыць здаўленым ад раздражнення, злосці і пад. голасам. [Апанас] ўскідваў на жонку раз’яраныя вочы і сыкаў праз зубы: — Не твая справа... Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

куль 1, ‑я, м.

1. Тоўсты сноп выбранай няцёртай саломы, з якой звычайна робяць стрэхі. Малацілі да змроку. Тады Андрэй пачаў перабіраць салому на кулі, а Іван панёс коням канюшыну. Чарнышэвіч. Дзед Ігнат сядзеў на страсе і распускаў куль саломы. Васілевіч.

2. у знач. прысл. кулём. Пераварочваючыся, куляючыся ў час руху, падзення. З тэндэра кулём скаціўся ў будку качагар Юрка Лунец. Васілёнак. // Імкліва, вельмі хутка. Платон чагосьці шукаў. І Марына з жахам зразумела, што ён шукае сякеру. Ён усё мог зрабіць. І яна, ратуючыся, кулём кінулася ў хату. Ракітны.

куль 2, ‑я, м.

1. Вялікі, звычайна рагожны мяшок. Куль мукі. □ Грузавік быў нагружаны бочкамі, скрынкамі, рагожнымі кулямі. Хадкевіч.

2. Старая гандлёвая мера сыпкіх цел (каля 9 пудоў).

куль 3, ‑я, м.

Задняя частка рыбалоўнай снасці (невада, жака і пад.) у выглядзе вузкага доўгага мяшка, куды пападае рыба пры лоўлі. Касцы доўга не ляжалі, хоць хацелася прыдрамаць. Прычына гэтаму была сетка-таптуха, якая стаяла тут жа пад дубам, кулём угору. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

засячы́ 1 і засе́кчы 1, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; каго-што.

1. Зрабіць зарубку, адзнаку сякерай, нажом і інш.; адзначыць засечкай. Засячы дрэва. Засячы бервяно.

2. Зачапіўшы на хаду адной нагой за другую, параніць. Конь засек нагу.

3. Выявіўшы месцазнаходжанне чаго‑н., нанесці на план, карту і пад. Засячы курс карабля. Засячы агнявыя пункты ворага. // Разм. Убачыць, заўважыць таго (тое), што ўтойваецца, хаваецца. Калі [Даніла] поўз ад ручая цераз пустку, яго, няпэўна, засеклі, бо кулі ціўкалі навокал, ссякалі лазу. Шамякін.

•••

Засячы час — адзначыць час пачатку, канца чаго‑н. і пад.

засячы́ 2 і засе́кчы 2, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце; пр. засек, ‑ла; зак., каго.

1. Збіць розгамі, бізуном і пад. да смерці, да страты прытомнасці. — Ды хутчэй жа ты! — злуецца лёкай, — а то пан цябе розгамі засячэ... Якімовіч.

2. Забіць (сякерай, шабляй і пад.). — Мяне чуць не засеклі дзянікінцы шаблямі, і рубцы чырванеюць яшчэ і цяпер на спіне. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.

1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.

2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.

3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.

4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.

•••

Віцца роем гл. віцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае здольнасць беспамылкова пападаць у цэль. Леанід Васільевіч, трапны стралец і нястомны хадок, ідзе далей па падсохламу балоту, уважліва разглядаючы сляды. В. Вольскі. // Накіраваны ў цэль. Другі раз .. [Яська] цэліўся нядоўга, і зноў стрэл быў трапны, бо газ таксама саскочыў з цвіка. Хомчанка. // Які без промаху пападае ў цэль (пра зброю, снарад і пад.). Ад трапнай ад снайперскай кулі тваёй Палезла нямала фашыстаў крывавых. Астрэйка. Ад трапных гранат уздрыгваюць земляныя каптуры бункераў. Брыль.

2. перан. Які дакладна і правільна падмячае, схоплівае што‑н. [Рэферэнт:] — Нават у дурняў бываюць трапныя думкі, апрача «жалезнай логікі». Машара. // Які дакладна і востра выражае, перадае асноўную сутнасць з’явы і пад. Гэты дзядзька ўмеў стаць на роўную нагу з Панасам, умеў сказаць трапны жарт і развесяліць хлопца. Колас. Адзін з першых крытыкаў і даследчыкаў нашай літаратуры Максім Багдановіч .. зрабіў вельмі трапнае назіранне, што «па-першае, гэта белетрыстыка ідзе ў народ і, па-другое, што яна ідзе з народа». С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)