МАСКО́ЎСКІ ТЭА́ТР «ШКО́ЛА СУЧА́СНАЙ П’Е́СЫ».
Засн. ў 1989. Стваральнікі: І.Райхельгаўз, М.Дружыніна, Л.Палішчук і А.Філозаў і інш. Ставіць п’есы пераважна сучасных аўтараў, спалучае ў спектаклях розныя тэатр. жанры і формы — ад традыцыйнага псіхал. т-ра да балета, оперы і клаунады. Сярод пастановак: «Прыйшоў мужчына да жанчыны» (1989), «Усё будзе добра, як вы хацелі» (1993) і «Сыходзіў стары ад старой» (1995) С.Злотнікава, «А чаго гэта ты ў фраку?» С.Нікіціна (паводле «Прапановы» А.Чэхава, 1992), «Крэслы» Э.Іанескі, «Без люстэркаў» М.Клімантовіча (абодва 1994), «Місіс Леў» С.Какоўкіна, «Антыгона ў Нью-Йорку» Я.Главацкага (абодва 1995), «З прывітаннем, Дон Кіхот!» (паводле М.Сервантэса, Л.Мінкуса, 1997), «Чайка» А.Чэхава, «Каханне Карлаўны» В.Мухінай, «Нічога асаблівага» В.Ветхава (усе 1998), «Нататкі рускага падарожніка» Я.Грышкаўца (1999) і інш. Маст. кіраўнік тэатра Райхельгаўз, гал. мастак Б.Лысікаў. У розныя гады ў трупе працавалі: Т.Васільева, М.Глузскі, У.Качан, Палішчук, У.Сцяклоў, Філозаў і інш. У спектаклях таксама прымалі ўдзел І.Алфёрава, В.Астравумава, Э.Вітарган, Л.Гурчанка, Я.Дваржэцкі, Л.Дураў, М.Міронава, В.Нявінны, А.Пятрэнка, Н.Ценякова, С.Юрскі, В.Якаўлева, М.Яфрэмаў і інш.
т. 10, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВАРЫЯ́НІ (Аляксей Давідавіч) (н. 6.10.1913, г. Горы, Грузія),
грузінскі кампазітар, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Грузіі (1950). Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Тбіліскую кансерваторыю (1936), з 1939 выкладае ў ёй (з 1963 праф.). У 1934—37 заг. муз. часткі Груз. т-ра муз. камедыі, у 1956—58 маст. кіраўнік Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. У 1962—68 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Грузіі, у 1962—73 сакратар Саюза кампазітараў СССР. Творчасць М. з яе яскравым нац. каларытам і рамант. прыўзнятасцю адыграла значную ролю ў развіцці груз. муз. мастацтва. Сярод твораў: оперы «Маці і сын» (паст. 1945), «Гамлет» паводле У.Шэкспіра (1967); балеты «Атэла» паводле Шэкспіра (паст. 1957), «Віцязь у тыгравай шкуры» паводле Ш.Руставелі (1973, паст. 1985); муз. камедыя «Клоп» паводле У.Маякоўскага (паст. 1980), араторыя «Дзень маёй Радзімы» (1952); 5 сімфоній (1947—86); канцэрт для скрыпкі з арк. (1949) і інш.; 5 маналогаў для барытона і сімф. арк. на словы В.Пшавелы (1968); камерна-інстр. ансамблі; санаты, «Грузінскія фрэскі», «Парыжскія замалёўкі» для фп.; хары, рамансы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэмія Грузіі 1971.
т. 10, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),
бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.Гурскага (1931), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.Горкага (1953), «Гаіці» У.Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.Купалы — «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1951).
Літ.:
Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Б.І.Бур’ян.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ЦІН (Леанід Аляксандравіч) (14.5.1896, г. Разань, Расія — 20.10.1942),
расійскі мастак тэатра, жывапісец. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у прыватных студыях у Э.Ліснера, А.Ленскага, скульптара А.Бяссмертнага. Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1922). З 1920 працаваў у тэатр. сектары Пралеткульта, дзе з С.Эйзенштэйнам аформіў спектаклі «Мексіканец» паводле Дж.Лондана, «Лена» В.Плятнёва, «Зоры Пралеткульта» В.Ігнатава. У 1924—26 кіраўнік курса гісторыі мастацтваў ў Бел. драм студыі ў Маскве. Аформіў спектаклі студыі «Цар Максімілян» у апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча (1924), «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Гавань» Гі дэ Мапасана, «Пільны вартавы» М.Сервантэса, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля, «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (усе 1925), «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «У мінулы час» І.Бэна (абодва 1926); у БДТ-2 — «Эрас і Псіхея» Жулаўскага (1926), «Дуброўскі» паводле А.Пушкіна, «Банкір» А.Карнейчука (абодва 1937). Аўтар афармлення «Вечара бел. танца і песні» (пастаноўка А.Лашчыліна, 1925) у Вял. т-ры. Пісаў партрэты (Бяссмертнага, жонкі, сына), пейзажы («Стары Віцебск», «Дняпро каля Канева» і інш.). Працаваў у кніжнай і прамысл. графіцы.
Літ.:
Никитина В.Р. Дом окнами на закат: Воспоминания. М.,1996.
А.Л.Нікіцін.
т. 11, с. 343
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАРЭ́ЛАЎ (Леў Мікалаевіч) (н. 27.6.1929, г. Ачакаў Мікалаеўскай вобл., Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1973). Скончыў Адэскі інж.-буд. ін-т (1954). У 1954—91 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1964 кіраўнік майстэрні). Асн. работы (у Мінску): жылыя дамы па вуліцах Казлова, Енісейскай, Апанскага, Партызанскім праспекце, у мікрараёне Чыжоўка (1960—70-я г.), па вул. М.Танка (1977—84, у сааўт.), Омскім зав., на Велазаводскай пл.; масты цераз р. Свіслач па вуліцах Кастрычніцкай і Аранскай (1962); будынкі Цэнтр. н.-д. і праектна-тэхнал. ін-та арг-цыі і тэхнікі кіравання (1973), ін-та «Мінскпраект» (1975, абодва ў сааўт.), гасцініц «Турыст» (1972); «Кастрычніцкая» (1980) і «Беларусь» (1987), Мінскі аўтавакзал «Усходні» (1983, у сааўт.), будынак Епархіяльнага ўпраўлення па вул. Вызвалення (1984); станцыі метрапалітэна «Маскоўская» (1984) і «Пралетарская» (1990), б. Дом паліт. асветы (цяпер канцэртная зала «Мінск»; 1987, усе ў сааўт.), і інш. Паводле праектаў П. будуюцца комплекс Дома міласэрнасці (з 1997; царква, дом для састарэлых, школа для дзяцей-інвалідаў, мед. цэнтр), храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць бязвінна забітых у нашай Айчыне па вул. Каліноўскага (з 1998).
т. 11, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАТО́РАЎ (Генадзь Панцеляймонавіч) (н. 11.3.1929, Масква),
расійскі і бел. дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1981). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па кл. фп. ў А.Тальдэнвейзера (1952) і дырыжыравання ў А.Гаўка (1956). З 1960 дырыжор, гал. дырыжор у муз. т-рах Расіі, у т. л. Маскоўскага т-ра імя К.Станіслаўскага і У.Неміровіча-Данчанкі, Ленінградскага Малога т-ра оперы і балета, Адэскага т-ра оперы і балета і інш. У 1984—89 гал. дырыжор Дзярж. акад. Вял. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1994 маст. кіраўнік і гал. дырыжор Мінскага духавога аркестра «Няміга», з 1998 гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь. З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1994 праф.). На сцэне т-ра імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі аднавіў оперу «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча (1963, запіс адзначаны Гран-пры ў Парыжы, 1966). Гал. працы на бел. сцэне: оперы «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Кавалер руж» Р.Штрауса (1987), «Візіт дамы» С.Картэса (1995); балеты «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага, «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (абодва 1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988), «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995) і інш. Сярод вучняў П.Вандзілоўскі, В.Чарнуха. Дзярж. прэмія Беларусі 1997.
А.Л.Карацееў.
т. 12, с. 527
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ШКАЎСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 на чале з асн. групай у в. Прошкі Асвейскага р-на Віцебскай вобл. (кіраўнікі В.І.Лукашонак, Я.У.Фралёнак) пад кіраўніцтвам Асвейскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ. Мела групы (каля 30 чал., беларусаў, латышоў, рускіх, яўрэяў і інш.) у в. Забор’е (Рэзекненскі пав., Латвія, кіраўнік А.М.Гром), Рылькі (П.С.Смычкоў) і Ляхава (М.І.Сасноўская; абедзве ў Себежскім р-не, Расія), Востраў (С.Аржанік), Сукалі (В.Шыпіла), піянерскае звяно ў в. Стралкі (Дз.Зубар; усе Асвейскага р-на) і інш. Трымала сувязь з падпольшчыкамі Асвеі, Расон, Латвіі, партыз. атрадам імя Фрунзе. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, падбіралі людзей у партызаны, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад, вялі разведку, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, разграмілі валасныя ўправы ў вёсках Ляхава Себежскага і Ігналіна Асвейскага р-наў, з партызанамі — ням. гарнізон у мяст. Шкяўне (Латвія). Вясной 1942 падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. У в. Прошкі Верхнядзвінскага р-на ў гонар падполля стэла.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.
В.М.Кучарэнка.
т. 13, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЕ́УСКІ (Уладзімір Федасеевіч) (8.4.1795, с. Хварасцянка Чарамісінаўскага р-на Курскай вобл., Расія — 20.7.1872),
рускі паэт, публіцыст; дзекабрыст. Адукацыю атрымаў у Маскоўскім універсітэцкім пансіёне, у 2-м кадэцкім корпусе ў Пецярбургу. Удзельнік вайны 1812, замежных паходаў рус. арміі. Чл. «Саюза дабрабыту», кіраўнік яго кішынёўскай групы. У 1822 арыштаваны, зняволены ў Ціраспальскай крэпасці. З 1827 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Першыя вершы напісаў у гады вайны 1812. Значнае месца ў творах займае грамадз. тэма (пасланні «Голас праўды», 1814?; «Шлях да шчасця», 1819; «Пасланне Г.С.Баценькаву», сатыры «Смяюся і плачу», «Сатыра на норавы», усе 1816—22; «Элегія I», «Элегія II», 2-я пал. 1810-х г.). Пісаў артыкулы-адозвы, у якіх асуджаў прыгоннае права («Пра рабства сялян...», 1820; «Пра салдата», 1822). У зняволенні напісаў вершы «Спявак ў цямніцы» і «Да сяброў у Кішынёў» (абодва 1822, распаўсюджваліся ў спісах), у якіх звяртаўся да А.Пушкіна (пасябраваў з ім у Кішынёве). Пушкін адрасаваў некалькі пасланняў Р. Аўтар успамінаў.
Тв.:
Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1967.
Літ.:
Колесников А.Г. В.Ф.Раевский: полит. и лит. деятельность. Ростов н/Д, 1977;
В.Ф.Раевский: Материалы о жизни и рев. деятельности. Т. 1—2. Иркутск, 1980—83.
Л.В.Календа.
т. 13, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў жн. 1941 — вер. 1942 у г.п. Расоны і раёне Віцебскай вобл. Аб’ядноўвала групы (больш за 100 чал.): у Расонах (38 чал., арганізатар і кіраўнік настаўнік П.М.Машэраў), вёсках Альбрэхтава (П.А.Альшанікаў), Грачушына (У.А.Яфрэменка), Клясціцы (С.П.Пархімовіч, І.М.Малахаў, Б.Я.Руба), Мілавіды (І.М.Марачкоўскі), Пірагі (У.А.Хамчаноўскі), Ражнова (М.М.Іваноў), Шалашнікі (М.Я. і П.Я. Гігелевы), Ізбішча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, што ўцяклі з палону. Узначальваў падполле к-т, які наладзіў сувязі з Гарбачэва-Мурагоўскім, Заборскім, Межаўскім, Сельніцкім, Сакалішчанскім падполлямі, Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, праводзілі агітац. работу, здабывалі бланкі дакументаў акупац. улад, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі, перашкаджалі акупантам вывозіць да чыгункі нарабаваныя ў насельніцтва прадукты харчавання. Сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партыз. руху. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва арг-цыі распрацавала план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Да восені 1943 амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны. Памяць аб загінуўшых падпольшчыках увекавечана ў мемар. комплексе ў Расонах, у в. Сельнікі пастаўлена стэла.
Л.А.Папкоўскі.
т. 13, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎНЕНСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,
бой партызан з ням. фашыстамі па разгроме гарнізона і чыг. ст. Слаўнае Талачынскага р-на Віцебскай вобл. на лініі Мінск—Орша 28 жн. ў Вял. Айч. вайну. Станцыя была важным пунктам для забеспячэння акупац. войск і хуткага перакіду іх да фронту. Ахоўны гарнізон (каля 120 гітлераўцаў) быў узброены мінамётам, станковым і 10—13 ручнымі кулямётамі, аўтаматамі, умацаваны акопамі, меў каля 10 пастоў аховы. Аперацыю праводзілі атрады С.Г.Жуніна (кіраўнік), Дз.А.Кулікова, Г.С.Місніка 8-й Круглянскай партыз. брыгады. У ноч на 28 жн. партызаны падарвалі масты і чыг. палатно з З і У ад станцыі і ў выніку 3-гадзіннага бою зруйнавалі будынкі станцыі, складоў з харчаваннем і фуражом, эшалоны з тэхнікай і інш., падарвалі і знялі рэйкі на працягу 3 км. У выніку С.а., якая адбылася ў самы крытычны момант Сталінградскай бітвы рух на чыгунцы ням. эшалонаў быў прыпынены на некалькі сутак. Гітлераўцы 2 вер. правялі аперацыю помсты: расстралялі 100 жыхароў, гал. чынам жанчын, дзяцей, старых, іх дамы спалілі.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 564.
М.У.Філімоненкаў.
т. 14, с. 510
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)