ЯНЕ́ВІЧ Фелікс (1762, г. Вільня — 21.5.1848),
кампазітар, скрыпач-віртуоз, дырыжор, педагог, муз. дзеяч. Мяркуюць, што з 1777 працаваў у капэле караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Варшаве. З 1784 гастраліраваў па Еўропе, працаваў у капэле герцага Арлеанскага, адначасова ўдасканальваўся ў І.Гайдна, П.Нардзіні, Г.Пуньяні. З 1792 у Вялікабрытаніі, выступаў як скрыпач-канцэртант і кіраўнік аркестра. У 1803 адкрыў краму нот і муз. інструментаў у Ліверпулі. З 1815 працаваў у Шатландыі. Прадстаўнік еўрап. муз. класіцызму. Выкананню ўласцівы эмацыянальнасць, спеўнасць, чысціня інтанацыі, дасканалая тэхніка. Аўтар канцэртаў, у т. л. 5 для скрыпкі, для фп. з аркестрам, смычковых дывертысментаў, трыо, дуэтаў, санат і інш. Адзін з заснавальнікаў (1813) і капельмайстар (1813—15) Лонданскага філарманічнага т-ва. В.А.Моцарт прысвяціў Я. «Andante» для скр. з аркестрам. На Беларусі творы Я. прапагандуюць «Беларуская капэла», ансамбль «Класік-Авангард».
А.В.Фралоў.
т. 18, кн. 1, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)