ХІ́ГЕР (Heeger) Алан Джэй (н. 22.1.1936, г. Сіу-Сіці, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (2001), Нац.інж. акадэміі ЗША (2002). Бацька нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў ун-т штата Небраска ў г. Омаха (1957) і Каліфарнійскі ун-т у г. Берклі (1961). З 1962 у Пенсільванскім ун-це (з 1967 праф.), з 1982 у Каліфарнійскім ун-це ў г. Санта-Барбара. Адначасова з 1990 у карпарацыі «Юнякс» (прэзідэнт, з 1994 навук. кіраўнік і старшыня савета дырэктараў). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, фізіцы металаў, фізіцы і хіміі палімераў. Разам з А.Мак-Дыярмідам (гл. Дадатак) і Х.Шыракавай адкрыў новы тып матэрыялаў — электраправодныя палімеры з высокай удзельнай праводнасцю (1977), што прывяло да стварэння і практычнага выкарыстання палімераў з эл. і аптычнымі ўласцівасцямі паўправаднікоў і металаў. Нобелеўская прэмія 2000 (з Мак-Дыярмідам і Шыракавай).