ЧА́ВЕС, Падуа Чавес-і-Рамірэс дэ (Padua Chávez y Ramirez de) Карлас (13.6.1899, Кальсада-дэ-Такула, каля Мехіка — 2.8.1978), мексіканскі кампазітар, дырыжор, педагог; адзін з заснавальнікаў (з С.Рэвуэльтасам) сучаснай мекс. кампазітарскай школы. У 1928—49 кіраўнік заснаванага ім сімф. аркестра Мехіка (пазней Нац. сімф. аркестр). Адначасова ў 1928—34 дырэктар Нац. кансерваторыі, у 1947—52 Нац. ін-та прыгожых мастацтваў і л-ры. Для творчасці 1920—30-х г. уласцівы элементы нар. (у прыватнасці, індзейскай) музыкі, муз. канструктывізму, з 1940-х г. — ускладненне муз. мовы з рысамі акадэмізму. Сярод твораў: опера «Панфіла і Лаўрэта» (паст. 1957); балеты «Новы агонь» (паст. 1928), «Чатыры сонцы» (паст. 1930); 7 сімфоній (1933—61); творы для арк. нар. мекс. інструментаў, камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., хоры з арк. a cappella, рамансы.
Літ.: Доценко В.Р. К.Чавес // Музыка стран Латинской Америки. М., 1983.
т. 17, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)