1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ЛЯЎКІ́» Засн 4.8.1945 ва ўрочышчы Ляўкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе на дачы ў 1935—41 жыў і працаваў Я.Купала. Тут паэт напісаў т.зв. ляўкоўскі цыкл вершаў («Алеся», «Хлопчык і лётчык», «Лён» і інш.). Размешчаны ў будынку б. канторы Копыскага лясніцтва (літ. экспазіцыя) і дачы паэта (мемар. экспазіцыя). Устаноўлена мемар. дошка (1972). У 1962—72 філіял працаваў на грамадскіх пачатках. У 1977 і 1982 яго экспазіцыя абноўлена і значна пашырана, у яе склад уключана дача паэта (адноўлена ў 1981). Уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Агульная пл. экспазіцыі 246 м², каля 550 экспанатаў, у т. л. 287 асн. фонду. У гісторыка-літ. частцы адлюстраваны дарэв. і найб. шырока сав. перыяды жыцця і творчасці паэта, прадстаўлены копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, выданні твораў Я.Купалы, успаміны пра яго, вершы, прысвечаныя Ляўкам. Экспануюцца творы жывапісу мастакоў І.Давідовіча, А.Кроля, Х.Ліўшыца, Я.Ціхановіча, графіка Э.Агуновіча, М.Басалыгі, А.Кашкурэвіча, Г.Паплаўскага, Л.Рана, В.Шаранговіча, скульптура У.Летуна, С.Селіханава. У мемар. экспазіцыі адноўлены інтэр’ер пакоя, у якім жыў паэт, зберагаюцца яго рэчы. Ляўкам прысвяцілі свае творы паэты П.Броўка, К.Камейша, Г.Каржанеўская, Г.Пашкоў, Я.Сіпакоў і інш., укр. паэт Т.Масэнка, мастакі А.Волкаў, А.Кашкурэвіч, Ю.Пучынскі, Я.Ціхановіч, А.Шаўчэнка і інш. Тут праводзяцца святы бел. паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВАЭСЭ́РАЎСКІ МЯЦЕ́Ж 1918,
узброенае антыбальшавіцкае выступленне левых эсэраў у Маскве 6—7 ліп. з мэтай сарваць выкананне Брэсцкага міру 1918, які яны лічылі пагібельным для краіны і рэвалюцыі. 5 ліп. леваэсэраўская фракцыя на 5-м Усерас. з’ездзе Саветаў зрабіла няўдалую спробу правесці рашэнне аб недаверы ўраду У.І.Леніна. 6 ліп. левы эсэр Я.Р.Блюмкін забіў герм. пасла В.Мірбаха. У той жа дзень левыя эсэры арыштавалі 30 бальшавікоў, у т. л. старшыню ВЧК Ф.Э.Дзяржынскага, старшыню Массавета П.Г.Смідовіча, апіраючыся на сваеўзбр. атрады (больш за 1800 чал.), у ноч на 7 ліп. захапілі цэнтр. тэлеграф, абстралялі з гармат Крэмль і заклікалі інш. часці гарнізона далучыцца да іх. 7 ліп. мяцеж падаўлены. Паводле пастановы ВЧК 8 ліп. 13 актыўных мяцежнікаў расстраляны. Мяцеж падтрымалі мясц. леваэсэраўскія арг-цыі Петраграда, Уладзіміра, Віцебска і некаторых інш. гарадоў. 6 жн. адбыліся мяцяжы ў Оршы (кіраўнік І.І.Буевіч) і Сянно (кіраўнік Дз.Ф.Прышчэпаў). У час следства кіраўнікі левых эсэраў сцвярджалі, што ЦК іх партыі не ставіў за мэту скінуць сав. ўладу і бальшавіцкі ўрад. 27.11.1918 Вярх.рэв. трыбунал асудзіў 13 кіраўнікоў леваэсэраўскай партыі на турэмнае зняволенне ад 1 да 3 гадоў, у т. л. М.А.Спірыдонаву на 1 год (29.11.1918 амнісціравана ВЦВК). Л.м. паставіў партыю левых эсэраў на мяжу катастрофы, яна страціла паліт. ўплыў і дзесяткі тысяч членаў. 5-ы Усерас. з’езд Саветаў 9.7.1918 выключыў левых эсэраў, якія падтрымлівалі лінію свайго ЦК, са складу Саветаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСАЛІ́НІ ((Mussolini) Беніта Амількар Андрэа) (29.7.1883, г. Прэдапіо, Італія — 28.4.1945),
заснавальнік і кіраўнік (дучэ) фаш. партыі і дзяржавы ў Італіі, журналіст. З 1900 чл.Італьян.сацыяліст. партыі (ІСП). У 1902—04 у Швейцарыі. З 1909 выдаваў штотыднёвую газ. «Lotta di Classe» («Класавая барацьба»), з 1912 гал. рэдактар цэнтр. органа ІСП газ. «Avanti!» («Наперад!»). У ліст. 1914 за заклікі да ўступлення Італіі ў 1-ю сусв. вайну выключаны з ІСП, заснаваў газ. «Popolo d’Italia» («Італьянскі народ»). У сак. 1919 заснаваў фаш. рух (з ліст. 1921 Нац.фаш. партыя). Пасля паходу на Рым 1922 прэм’ер-міністр (фактычна дыктатар) Італіі (1922—43). Падпісаў Латэранскія дагаворы 1929 з Ватыканам. Сваепаліт. погляды выклаў у кн. «Дактрына фашызму» (1932). Праводзіў экспансіянісцкую знешнюю палітыку, у т. л. ініцыіраваў італа-эфіопскую вайну 1935—36, заключыў саюз з нацысцкай Германіяй, але ў 1934 спыніў спробу аншлюсу Аўстрыі. Пад націскам А.Гітлера ўцягнуў Італію ў 2-ю сусв. вайну (чэрв. 1940) на баку Германіі. Ва ўмовах паражэнняў італьян. войск (у т. л. на сав.-герм. фронце) і ўзмацнення антыфаш. руху ў краіне 25.7.1943 адхілены ад улады саветам фаш. партыі і зняволены паводле загаду караля Віктара Эмануіла III. Пасля вызвалення 12.9.1943 герм. парашутыстамі прэзідэнт (да 1945) «Італьян. сацыяльнай рэспублікі» (Рэспублікі Сало) на акупіраванай ням.-фаш. войскамі Пн Італіі. Пры спробе ўцёкаў у Швейцарыю захоплены італьян. партызанамі і расстраляны.
Літ.:
Белоусов Л.С. Муссолини: диктатура и демагогия. М., 1993;
Смит Д.М. Муссолини: Пер. с англ. [Калининград], 1995;
Хибберт К. Бенито Муссолини: Пер. с англ.М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЦЭЛЯ́ЦЫЯ (ад франц. parcelle часцінка),
раздрабленне сял. зямельных надзелаў. У Польшчы, у т. л. ў Зах. Беларусі, дзе да 1920-х г. панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, П. называлася разбіўка на дробныя ўчасткі (парцэлы) ад 2 да 20 га і продаж праз дзярж. банкі зямель дзяржаўных, памешчыцкіх і т.зв. пакінутых (землі бежанцаў І-й сусв. вайны, якія па розных прычынах не вярнуліся на радзіму); адно з асн. мерапрыемстваў агр. рэформы ў Польшчы ў 1920—30-я г. У Зах. Беларусі і Зах. Украіне П. мела на мэце не толькі павялічыць сял. надзел, але і ўмацаваць там сац. апору польскай дзяржавы шляхам надзялення зямлёй асаднікаў і распродаж часткі памешчыцкіх зямель мясц. кулакам і заможным сялянам, пры частковым захаванні і памешчыцкага землеўладання. Праводзілася яна паралельна з камасацыяй і ліквідацыяй сервітутаў на аснове законаў аб агр. рэформе (15.7.1920), «Аб надзяленні зямлёй салдат польскай арміі» (17.12.1920), аб парцэляцыі і асадніцтве (28.12.1925). У Зах. Беларусі П. пачалася ў 1921. Пад прыкрыццём П. памешчыкі распрадавалі свае горшыя землі па спекулятыўна высокіх рыначных цэнах, маладаступных для збяднелага сялянства. Такая прыватная П. ў народзе называлася «дзікай» П. У 1921—25 у Зах. Беларусі штогод парцэлявалася да 25 тыс.га дзяржаўных і 27 тыс.га уласніцкіх зямель. Каля 80% гэтых зямель трапляла ў рукі кулакоў і асаднікаў. Да 1934 распарцэлявана 597 тыс.га (20% плошчы буйной зямельнай уласнасці). Такая агр. рэформа не задавальняла бяднейшую частку сялян, і яны выступалі супраць такога спосабу П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРАТУ́РА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
адзіная цэнтралізаваная сістэма дзярж. органаў, якія ажыццяўляюць пракурорскі нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў, дэкрэтаў, указаў і інш. нарматыўных актаў мін-вамі і інш. органамі кіравання мясц. прадстаўнічымі і выканаўчымі органамі, юрыд. і службовымі асобамі, грамадзянамі. Сістэму органаў П.Р.Б. узначальвае Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь, які назначаецца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі. У сістэму ўваходзяць рэсп. пракуратура, якая з’яўляецца цэнтр. апаратам, пракуратуры абласцей і г. Мінска, раёнаў (гарадоў), ваен., транспартныя і інш. спецыялізаваныя пракуратуры. Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці органаў пракуратуры вызначаюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 і інш. заканадаўчымі актамі. Органы П.Р.Б. ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы незалежна ад органаў дзярж. улады і кіравання. Пракурорскія работнікі не могуць займацца паліт. дзейнасцю.
На Беларусі пракуратура засн. пастановай ЦВКБССР ад 26.6.1922 з адначасовым прыняццем Палажэння аб пракурорскім наглядзе. Напачатку яна існавала на правах аддзела Наркамата юстыцыі і яе ўзначальваў нар. камісар юстыцыі, адказны перад Прэзідыумам ЦВКБССР і падсправаздачны яму. Са снеж. 1922 да 1936 ішоў працэс цэнтралізацыі органаў пракуратуры, ператварэння іх ва ўсесаюзны орган. Канстытуцыя СССР 1936 замацавала новую сістэму органаў пракуратуры, канкрэтызавала задачы і асновы дзейнасці пракурорскага нагляду. Канстытуцыя БССР 1937 аднавіла і ўдакладніла гэтыя палажэнні адносна да Пракуратуры БССР, якая стала састаўной часткай Пракуратуры СССР. З распадам СССР (1991) Пракуратура СССР перастала існаваць. Вярх. Савет Рэспублікі Беларусь на базе існуючых на Беларусі органаў пракуратуры ўтварыў іх адзіную сістэму — П.Р.Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТО́РА І ЧАСу філасофіі,
філасофскія катэгорыі, якія абазначаюць формы быцця рэчаў і з’яў. Прасторавыя адносіны ахопліваюць парадак падзей, што існуюць адначасова, а таксама памеры матэрыяльных аб’ектаў. Часавыя адносіны адлюстроўваюць парадак падзей, якія ідуць адна за адной, іх працягласць у часе. П. і ч. уласцівы ўсім прадметам і з’явам рэчаіснасці. Кожны прыродны ці гіст. працэс можа адбывацца толькі ў П. і ч. Узаемасувязь П. і ч., іх адзінства выяўляюцца ў руху і развіцці матэрыі, абумоўлены залежнасцю ад структурных адносін і працэсаў развіцця ў матэрыяльных сістэмах, адзінствам перапыннага і неперапыннага ў структурнай пабудове сістэм, колькаснай і якаснай бясконцасцю. Кожны элемент адзінства П. і ч. мае свае асаблівыя рысы. Прастора характарызуецца працягласцю, звязанасцю і неперапыннасцю, трохмернасцю, метрычнымі ўласцівасцямі, сіметрыяй і асіметрыяй, канкрэтнай формай і памерамі, месцазнаходжаннем, прасторавым размеркаваннем рэчыва і поля, адлегласці паміж целамі і рознымі сістэмамі. Да спецыфічных рысаў часу належаць: працягласць, якая выражае паслядоўнасць станаў і змен цел; канечнасць і перапыннасць існавання прадметаў і з’яў, асіметрычнасць, неабарачальнасць і накіраванасць ад мінулага да будучага, а таксама часавыя адносіны паміж рознымі цыкламі ў структуры сістэм, адначасовасць, рытм, тэмп, хуткасць развіцця працэсаў. Матэрыяліст. філасофія прызнае аб’ектыўнасць, усеагульнасць і універсальнасць П. і ч. Прадстаўнікі інш.філас. кірункаў ставяць П. і ч. у залежнасць ад індывід. свядомасці (Дж.Берклі, Д.Юм), ад надсусветнага розуму ці абсалютнай ідэі (Г.Гегель, А.Бергсон) або лічаць іх апрыёрнымі формамі пачуццёвага сузірання (І.Кант).