РЭМБО́ ((Rimbaud) Жан Нікала Арцюр) (20.10.1854, г. Шарлевіль-Мезьер, Францыя — 10.11.1891),
французскі паэт. Усе свае шэдэўры стварыў у 15—19-гадовым узросце. Пасля 1875 адышоў ад паэзіі, займаўся гандлем. У першых вершах ап’яненне жаданай свабодай («Адчуванне», «Мая багема»), смелыя эксперыменты з гукамі і паэт. вобразамі («Афелія», «Шукальніцы вошай», «Галосныя»), знішчальныя інвектывы ў адрас правінцыяльнага мяшчанства («На музыцы», «На кукішках»), віноўнікаў бессэнсоўнай вайны («Ліха», «Які спіць у лагчыне»), хрысц. набожнасці і пакорлівасці («Вячэрняя малітва», «Беднякі ў храме», «Першае прычасце»), ворагаў Парыжскай камуны («Парыжская оргія, або Парыж засяляецца зноў»), Адна з вяршынь яго паэзіі — верш «П’яны карабель» (1871) — усхваляваная споведзь у выглядзе малой прыгодніцкай адысеі, шэраг нечаканых вобразаў, убачаных на мяжы сну і явы. Стварыўшы своеасаблівую тэорыю паэт. яснабачання, Р. імкнуўся да таямніц існага, зрабіць творчасць інструментам карэннага абнаўлення свету, вызваліць несвядомае ад абмежаванняў цвярозага розуму (кн. вершаў у прозе «Азарэнні», выд. 1886). Апошняя кн. «Сезон у пекле» (1873) — развітанне паэта з марамі пра звышзадачу змяніць свет. На бел. мову асобныя яго вершы перакладалі Р.Барадулін, А.Мінкін, Я.Семяжон, М.Федзюковіч.
Тв.:
Бел. пер — у кн.: Паэты Парыжскай камуны. Мн., 1971;
У кн.: Семяжон Я.Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;
У кн.: Кахаць — гэта значыць... Мн., 1986;
Рус. пер. — Произведения. М., 1988;
Озарения. СПб., 1994.
Літ.:
Карре Ж.М. Жизнь и приключения Жана Артюра Рембо // Рембо Ж.А. Пьяный корабль: Пер. с фр. М., 2000;
Птифис П. Артюр Рембо. М., 2000.
А.В.Хадановіч.
т. 14, с. 9