«ХЛАПАМА́НІЯ»,
«хлапаманства» (ад польскага chłop селянін, мужык), саркастычная назва цікавасці асобных прадстаўнікоў сац. эліты (найперш шляхты) Беларусі і Украіны да нар. мовы і культуры ў 19 — пач. 20 ст. Найб. пашырана ў 1850—60-я г. Тэрмін «Х.» спачатку з’явіўся ў польскамоўным перыяд. друку, адкуль запазычаны і рус. друкам. На Беларусі «Х.» выявілася ў вывучэнні мовы і фальклору, дэманстратыўным з’яўленні шляхты ў вясковым асяроддзі ў сял. вопратцы і ўжыванні бел. мовы, складанні на ёй лістоў да сялян і літургічных спеваў. Паводле сведчання ўдзельніка бел. «Х.» В.Савіч-Заблоцкага, ёю захапіліся каля 50 чал. (пераважна графы, князі, дзеці генералаў і камергераў), у іх ліку былі і католікі, і праваслаўныя. У 1868—70 у Пецярбургу дзейнічала асветніцкая арг-цыя бел. «хлапаманаў» «Крывіцкі вязок» (разагнана ўладамі). У 1910—я г. «Х.» лічылася фін. і маральная падтрымка бел. нац. руху з боку М.І.Радзізіл. На Украіне «хлапаманы» (У.Б.Антановіч, Ф.Р.Рыльскі, П.І.Жыцецкі і інш.) стварылі ў пач. 1860-х г. свае гурткі (грамады) у Кіеве, Чарнігаве, Палтаве, Харкаве і інш., але ў сувязі з урадавымі рэпрэсіямі ў 1863 спынілі дзейнасць. Сац. з’явы, аналагічныя «Х.», — тыповыя для працэсу фарміравання нацый сярод народаў Цэнтр. і Усх. Еўропы, напр., у венграў, чэхаў, славенцаў і інш.
Кр.:
Суспільно-політичний рух на Україні в 1863—1864 рр.: [Матеріали і док.). Київ, 1964;
Савіч-Заблоцкі В. Пісьмы да М.П.Драгаманава // Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.
П.У.Церашковіч.
т. 17, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)