СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў у ВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.​Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа па Зах. Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 у Любчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».

А.​А.​Семянчук.

т. 15, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)