БАЛЬНЕАЛО́ГІЯ (ад лац. balneum лазня, купанне + ...логія),
раздзел курарталогіі, які вывучае мінер. воды і іх лячэбна-прафілакт. выкарыстанне. Падзяляецца на бальнеатэрапію, бальнеаграфію, бальнеатэхніку; цесна звязана з інш.мед. і біял. дысцыплінамі.
Першыя працы па бальнеалогіі вядомы з 5 ст. да нашай эры (Герадот, Гіпакрат). Пачатак навук. бальнеалогіі ў 17—18 ст. даў ням. вучоны Ф.Гофман. У Расіі вывучэнне мінер. крыніц пачалося з 1717. Першым дапаможнікам па бальнеалогіі была кніга рус. хіміка Г.І.Геса, які вывучаў хім. састаў і дзеянне гаючых водаў Расіі (1825).
На Беларусі даследаванні па бальнеалогіі вядуцца з 1920-х г. у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1924), мед. ін-тах. Выяўлены радовішчы лек.мінер. водаў Беларусі. Вывучаны іх хім. састаў і мікрафлора, колькасць арган. рэчываў, даказана лек. эфектыўнасць сульфатна-кальцыевых і кальцыева-магніевых, сульфатна-хларыдных і натрыева-кальцыевых мінер. водаў (Д.А.Маркаў, Н.І.Аляксейчык, П.В.Астапеня, В.М.Ізуткін, М.Ф.Казлоў, Э.С.Кашыцкі, Л.М.Толстых-Чарнецкая, Ц.А.Каган, М.Г.Эранасьян і інш.). Распрацаваны ўмовы і спосабы выкарыстання іх на курортах Беларусі, у бальнеалячэбніцах бальніц, паліклінік, тэхналогія разліву хларыдна-натрыевых водаў Мінская № 3 і Мінская № 4, вызначаны паказанні да лячэння бел.мінер. водамі ў спалучэнні з кліматам, сапрапелямі, торфам. Працягваюцца комплексныя даследаванні бальнеалагічных рэсурсаў рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
сукупнасць газавых кампанентаў, якія трапляюцца ў прыродных аб’ектах у свабодным, раствораным або сарбіраваным стане. Прадстаўлены і асобнымі атамамі, і складанымі хім. злучэннямі. Адрозніваюць газы прыродныя атмасферы (сумесь газаў рознага паходжання), зямной паверхні (глебавыя і падглебавыя, балотныя, тарфяныя), асадкавых, магматычных і метамарфічных парод (у нафце, вугалі і інш.), акіянаў і мораў, вулканічныя, касмічныя. Колькасць газаў прыродных у геасферах Зямлі павялічваецца з паглыбленнем унутр планеты. Паводле паходжання адрозніваюць газы прыродныя вулканічныя (паступаюць з глыбінь Зямлі і звязаны з дэгазацыяй магмы), біяхімічныя (утвараюцца пры бактэрыяльным раскладанні арган. рэчыва або аднаўленні мінер. солей), катагенетычныя (узнікаюць у выніку пераўтварэння рассеянага арган. рэчыва асадкавых парод пры іх апусканні на глыбіні і павелічэнні т-ры да 250—300 °C, а ціску да 245 МПа, або 2500 ат), метамарфічныя радыеактыўныя (утвараюцца ў працэсе распаду радыеактыўных элементаў), метамарфічныя паветраныя (вынік пранікнення газаў з атмасферы ў глыбіню зямной кары — у форме водных раствораў і інш.). Паводле складу вылучаюць газы прыродныя вуглевадародныя, вуглекіслотныя, серавадародныя. Здольнасць газаў прыродных актыўна мігрыраваць у свабодным і раствораным стане абумоўлівае змешванне газаў рознага саставу і паходжання і вял. іх пашырэнне ў прыродзе. На Беларусі вядомы ўсе тыпы газаў прыродных, але практычнае значэнне маюць толькі вуглевадародныя, намнажэнні якіх з’яўляюцца аб’ектамі здабычы (як спадарожныя з нафтай).
клас водных беспазваночных малюскаў. 3 надатр., 14 атр., 130 сучасных сям., каля 1 тыс. родаў, 20 тыс. відаў. Пашыраны ў прэсных вадаёмах, саленаватых азёрах, у акіянах і морах Еўразіі, Амерыкі, Афрыкі. Донныя маларухомыя жывёлы. На Беларусі найб.вядомы прадстаўнікі з родаў гарошынкі і шароўкі (каля 30 відаў), бяззубкі і перлаўкі; жамчужніца звычайная занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. 2—3 мм — 1,5 м, маса да 250 кг (трыдакна). Ракавіна з 2 створак (адсюль назва). На спінным баку створкі звязаны эластычнай перамычкай (лігаментам), унутры — 1—2 мышцамі-замыкальнікамі (адуктарамі). У большасці Д.м. патоўшчаны спінны край створак мае выступы (зубы), сукупнасць якіх утварае т.зв. замок. Створкі ракавіны ўнутры высланы 2 скурнымі складкамі — «мантыяй», між імі і целам мантыйная поласць. У некат. Д.м. (жамчужніцы, мідыі, бяззубкі) іншародныя часцінкі, што трапляюць у поласць, абвалакваюцца слаямі перламутру і пераўтвараюцца ў жэмчуг. На брушным баку цела ў большасці Д.м. ёсць мускулісты выраст — нага, у многіх з бісусавай залозай, якая выдзяляе трывалыя ніці (бісус), з іх дапамогай малюск прымацоўваецца да субстрату. Пераважна раздзельнаполыя, апладненне вонкавае. Біяфільтратары. Кормяцца планктонам або дэтрытам. Корм рыб і марскіх жывёл. Аб’екты промыслу і аквакультуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ТА ДЫ БАНДО́НЕ [Giotto di Bondone; 1266 або 1267, Коле-ды-Веспіньяна (?), Італія — 8.1.1337],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Протарэнесансу. Вучыўся, верагодна, у майстэрні Чымабуэ. Працаваў пераважна ў Падуі і Фларэнцыі. З імем Дж. ды Б. звязаны паварот у развіцці італьян. жывапісу, яго разрыў з сярэдневяковымі канонамі і традыцыямі італа-візант. мастацтва 13 ст. Знаёмства з познаант. жывапісам і творамі П.Каваліні вызначыла далейшае развіццё творчасці Дж. ды Б. У 1304—06 ён стварыў вядомыя размалёўкі капэлы дэль Арэна (Скравеньі) у Падуі. Размешчаныя на сценах капэлы ў 3 ярусы размалёўкі перадаюць гісторыю жыцця Марыі і Хрыста ў выглядзе шэрагу драм. эпізодаў. Захаванне ў кожнай кампазіцыі адзінства часу і месца, энергічная пабудова аб’ёмаў і прасторы, прастата сітуацый і пластычная выразнасць жэстаў, светлы, святочны каларыт робяць размалёўкі выдатным творам протарэнесансавага жывапісу Італіі. У пач. 14 ст. Дж. ды Б. выканаў размалёўкі ў царкве Бадзія (1300—02, Фларэнцыя), а таксама некалькі алтарных абразоў, сярод якіх найб.вядомы «Мадонна Аньісанці» (1310—20, Фларэнцыя). У размалёўках капэл Перуцы (каля 1320) і Бардзі (1320—25) у фларэнційскай царкве Санта-Крочэ дасягнуў арган. сувязі з архітэктурай, стрыманасці каларыту і манументальнасці вобразаў. Аўтар праекта кампанілы (званіцы) фларэнційскага сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (буд-ва пачата ў 1334).
Літ.:
Данилова И. Джотто: [Альбом]. М., 1970.
Джота ды Бандоне.Джота ды Бандоне. Фрэска «Уезд Хрыста ў Іерусалім» у капэле дэль Арэна ў Падуі. 1304—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКАў музыцы,
адзін з бакоў арганізацыі музыкі як працэсу; характарызуецца зменамі гучнасці, шчыльнасці гучання і тэмпу. У больш шырокім сэнсе — любыя змены ў муз. развіцці, а таксама іх адлюстраванне ва ўспрыняцці. Вызначаецца дзеяннем розных якасцей муз. гуку (вышыня, сіла, працягласць, тэмбр), інтэнсіўнасцю і частатой змен розных параметраў. Выяўляецца ў мелодыі, гармоніі, рытміцы, тэмпе, фактуры і інш., на розных узроўнях муз. развіцця (напр., у асобным гуку, у матыве, фразе, частцы, цыкле). Найб. дэталёва Д. ў музыказнаўстве разглядаюць як сукупнасць з’яў, звязаных з гучнасцю, і як вучэнне пра гэтыя з’явы. У такім значэнні тэрмін вядомы з 19 ст. Гістарычна распрацавана дакладная сістэма абазначэння дынамічных адценняў (выкарыстоўваюць італьян. тэрміны).
Асн. абазначэнні: forte-fortissimo (fff) — надзвычай гучна, fortissimo (ff) — вельмі гучна, forte (f) — гучна, mezzo forte (mf) — умерана гучна, mezzo piano (mp) — умерана ціха, piano (p) — ціха, pianissimo (pp) — вельмі nixa, piano-pianissimo (ppp) — надзвычай ціха; crescendo (графічнае <) — паступовае ўзмацненне гуку, diminuendo або decrescendo (>) — паступовае аслабленне гуку; раптоўная змена дынамічнага адцення — subito. Д. ўключае таксама акцэнты. Гучнасная Д. мае непасрэдныя адносіны да інтэрпрэтацыі (указанні кампазітара хоць і абавязковыя для выканаўцы, але дазваляюць індывід. трактоўку). Д. — важны сродак муз. выразнасці. Побач з агогікай, артыкуляцыяй, фразіроўкай яна адыгрывае вял. ролю ў муз.-выканальніцкім мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТЭКТЫ́ЎНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратурныя творы, сюжэты якіх пабудаваны на раскрыцці загадкавай тайны, звязанай са злачынствам. Традыцыйна вызначаецца як адгалінаванне прыгодніцкай літаратуры. Зараджэнне Д.л. звязваюць з імёнамі амер. пісьменніка Э.По («Забойства на вуліцы Морг», 1841) і англ. У.Колінза («Месячны камень», 1868). По быў пачынальнікам інтэлектуальнага (паказ працэсу расследавання злачынства), Колінз — прыгодніцкага (нанізванне драм. эпізодаў) сюжэтных тыпаў дэтэктываў. Значны ўклад у развіццё Дл. зрабілі А.К.Грын (ЗША), Э.Габарыо, Г.Леру (Францыя), асабліва А.К.Дойл (Вялікабрытанія), які стварыў вядомы вобраз прыватнага дэтэктыва Шэрлака Холмса. З імем англ. пісьменніка Г.К.Чэстэртана звязана паяўленне т.зв. «інтуітыўнага дэтэктыва», заснаванага на здагадцы і інтуітыўным пранікненні ў псіхіку злачынцы. Найб. поспеху ў развіцці такога роду дэтэктыва дасягнулі А.Крысці і Ж.Сіменон. Пасля 2-й сусв. вайны на Захадзе пашырыўся т.зв. «чорны раман», у аснове якога апісанне самога злачынства са сцэнамі забойстваў, насілля і інш. (М.Спілейн, С.Адамс, ЗША). Сярод рус. пісьменнікаў у жанры дэтэктыва працавалі А.Р.Адамаў, Ю.С.Сямёнаў, браты А.А. і Г А.Вайнеры і інш. У бел. л-ры дэтэктыў у чыстым выглядзе сустракаецца рэдка. Прыкладам гіст. дэтэктыва з’яўляецца раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Творы з дэтэктыўным сюжэтам пішуць М.Чаргінец, К.Тарасаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сын Зеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб.вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв.Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст.н.э.Да арт.Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.Бандынелі. 1534.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРБО́ЎНІКІ,
зборы выяў гербаў у выглядзе рукапіснай або друкаванай кнігі. Вядомы ў Еўропе з сярэдзіны 13 ст. З развіццём інстытута герольдаў гербоўнікі складаліся пры дварах манархаў, гал. чынам для правядзення рыцарскіх турніраў. У 1-й пал. 15 ст. гербы рыцарства ВКЛ змешчаны ў зах.-еўрап. гербоўніках «Armorial Lyncenich» («Гербоўнік Лінцэніха», Брусель), «Codex Bergschammar» («Кодэкс Бергшамара», Стакгольм; у гэтым гербоўніку ўпершыню змешчана «Пагоня»), «Armorial de la Toison d’Or» («Гербоўнік Залатога Руна», Парыж). Некалькі гербаў літ. і рус. князёў ёсць у хроніцы Канстанцкага сабора 1414—18 У.Рыхенталя. Старэйшы польск. гербоўнік — «Insignorum clenodiorum Regis et Regni Poloniae descriptor» («Апісальнік адзнак і клейнодаў караля і Каралеўства Польскага», 2-я пал. 15 ст.), аўтарам якога лічаць Я.Длугаша. У Польшчы і ВКЛ выпрацавалася адмысловая форма гербоўніку, у якіх выявы гербаў суправаджаліся кароткімі звесткамі пра гісторыю роду. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» В.Каяловіча, аднак у ім змешчана толькі невял. частка гербаў ВКЛ. Вычарпальных гербоўнікаў шляхты якой-небудзь краіны не існуе. Былі спробы скласці поўны гербоўнік Францыі «Armorial Général» («Усеагульны гербоўнік», 18 ст.) і генеральны гербоўнік усіх гербаў. На сучасным этапе большасць манархій не праводзіць набілітацый, і толькі ісп. герольдыя займаецца рэгістрацыяй гербаў шляхціцаў усіх краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НЦЫстаражытныя,
вялікі саюз плямён індаеўрап. моўнай групы ў паўн.-зах. частцы Еўропы. Займалі тэр. паміж Паўночным і Балтыйскім морамі, Рэйнам, Дунаем і Віслай, а таксама Паўд. Скандынавію. Паводле пісьмовых крыніц вядомы з 1 ст. да н.э. Ю.Цэзар у «Запісках пра Гальскую вайну» (каля 50 г. да н.э.) вылучыў германцаў як асобную этнічную групу і падрабязна апісаў іх побыт. Найб. старажытная з вядомых археал. культур германцаў — культура Ясторф на ніжняй Эльбе і ў Ютландыі (7 ст. да н.э.). Вылучаюць групы германцаў: паўн. (хаўкі, англы, варны, фрызы, гаўты, свіёны), зах. (свевы, маркаманы, квады, лангабарды, семноны) і ўсх. (вандалы, бургунды, готы, гепіды). Іх асн. занятак — земляробства і жывёлагадоўля. У 4—6 ст. германцы адыгралі значную ролю ў Вялікім перасяленні народаў, адным з вынікаў якога было ўтварэнне на частцы тэр. Рымскай імперыі т.зв. варварскіх каралеўстваў. На тэр. Беларусі выяўлены могільнікі вельбарскай культуры, пакінутыя готамі і роднаснымі ім гепідамі. Лінгвістамі выяўлена генетычная сувязь і ўзаемапранікненне герм. і славянскіх моў. Пэўную ролю вікінгі (нарманы, варагі) адыгралі ў гісторыі Кіеўскай дзяржавы (гл.Нарманская тэорыя). Стараж.-бел. граматы 13—14 ст. адлюстроўваюць гандл. зносіны паўн. гарадоў Беларусі з ням. насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага.
Літ.:
История Европы с древнейших времен до наших дней. Т. 1. Древняя Европа. М., 1988. С. 594—605.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ХАД СЯЛЯ́НСКІ,
права сялян на выхад з маёнтка аднаго феадала і пераход у маёнтак другога. Шырока выкарыстоўваўся сялянамі як адзін з асн. сродкаў барацьбы супраць узмацнення феад. прыгнёту. 1) У Расіі ў 11—15 ст. выхад сялянскі абмяжоўваўся для асобных катэгорый сялян (закупы, сярэбранікі і інш.). Пачатак заканад. афармленню прыгоннага права паклаў Судзебнік 1497, які ўстанавіў для выхаду сялянскага адзіны тэрмін — тыдзень да і тыдзень пасля Юр’евага дня (26 ліст.), пры ўмове выплаты феадалу т.зв.пажылога. Судзебнік 1550 пацвердзіў тэрмін выхаду сялянскага, але павялічыў памер пажылога. У 1581 Іван IV увёў Запаведныя гады, у якія выхад сялянскі забараняўся. Цар Фёдар Іванавіч у 1592—93 забараніў выхад сялянскі на ўсёй тэр. дзяржавы. Гэта пацверджана Саборнымі ўлажэннямі 1607 і 1649.
2) На Беларусі ва ўмовах развіцця таварна-грашовых адносін выхад сялянскі стаў гал. перашкодай для феадалаў у павелічэнні іх даходаў. З сярэдзіны 15 ст. ў ВКЛвядомы абмежаванні выхаду сялянскага (плата за выхад, вяртанне даўгоў, рознай маёмасці і інш., дазвол феадала), што паступова вяло да запрыгоньвання сялян. Нівеліроўка феад. павіннасцей у выніку агр. рэформы ў ВКЛ з сярэдзіны 16 ст. (гл.Валочная памера) вяла да звужэння магчымасцей выхаду сялянскага. Заканадаўча абмежаванні выхаду сялянскага аформлены Статутамі ВКЛ 1529, 1566, 1588. Гл. таксама Прыгоннае права.