ФАРАМІНІФЕ́РЫ (Foraminifera),

атрад прасцейшых кл. караняножак падтыпу саркодавых [па інш. класіфікацыях — кл. (падкл.) саркодавых надкл. караняножак]. Больш за 1 тыс. сучасных відаў (з выкапнёвымі каля 30 тыс. відаў). Марскія, пераважна бентасныя арганізмы. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). На Беларусі ў асадкавых адкладах дэвону, карбону, юры і мелу выяўлены рэшткі больш за 1 тыс. відаў. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.

Памеры звычайна 0,1—1 мм, зрэдку да 20 см. Маюць ракавінку, у большасці вапняковую, зрэдку хіціноідную або з аглюцініраваных часцінак (пясчынак, спікул, губак і інш.). Ракавінкі адна- і шматкамерныя, размешчаныя ў 1 або 2 рады, па спіралі, зрэдку галінастыя. Праз вусці і поры ў сценках ракавінкі выходзяць тонкія вырасты (псеўдаподыі) для захопу корму і руху. Размнажаюцца з чаргаваннем палавога і бясполага пакаленняў. Кормяцца дробнымі водарасцямі.

Фарамініферы: 1 — гаплафрагмоід; 2 — спіраплектаміна; 3 — увігерына; 4 — акарыніна.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)