ЮВЕНА́Л Дэцым Юній (Decimus Junius Juvenalis; каля 60, каля Рыма — каля 130),

рымскі паэт-сатырык. Вучыўся рыторыцы ў Рыме, прафесійна займаўся дэкламацыяй. Пачаў пісаць сатыры пасля смерці імператара Даміцыяна (96). Вядомы яго 16 гекзаметрычных сатыр (у 5 кн.), з якіх 1—9 — рэзка выкрывальнага характару; у іх крытыка ўсіх слаёў рым. грамадства з пазіцый небагатага кліента-літаратара. У 10—16 сатырах адцягненыя развагі на маральныя тэмы з пункту гледжання стаічнай філасофіі (аб сапраўдным шчасці, аб цвёрдасці мудраца, аб выхаванні і г.д.); іх агульны тон прымірэнчы. Майстар сціслай сентэнцыі; яму належаць выразы: «У здаровым целе здаровы дух», «хлеба і відовішчаў!». Кананізаваў выкрывальны змест жанру сатыры; яго творы сталі сімвалам паэзіі, якая бічавала заганы грамадства.

Тв.:

Рус. пер. — Сатиры. СПб., 1994.

Літ.:

Дуров В. Жанр сатиры в римской литературе. Л., 1987.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)