рой, ‑ю; мн. раі, ‑ёў; м.
1. Сям’я пчол (або іншых падобных насякомых), якія ўтвараюць на чале з маткай адасобленую групу. З дзедавых расказаў .. [Міхалка] ведаў, што рой доўга не сядзіць на месцы, што матка, вывеўшы з вулля сваю маладую сям’ю, толькі чакае высланых разведчыкаў, якія паляцелі шукаць новае месца для рою. Якімовіч.
2. Вялікая колькасць насякомых або птушак, якія кружацца ў паветры. Рой мошак віўся перад .. тварам [Нявады]. Чорны. / Пра сняжынкі, лісце і пад., якія кружацца ў паветры. Узмахне Зіма рукавом кажуха і рой сняжынак, быццам белыя матылькі, сыплецца на зямлю. Даніленка. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін.
3. у знач. прысл. ро́ем. Чарадой, гуртам, у вялікай колькасці. Гарачым летнім днём Вол з ворыва вяртаўся. Напрацаваўся, аж хістаўся. За ім жа куча аваднёў Ляцела роем. Крапіва. Па рэйках роем пстрыкалі кулі. Машара.
4. перан.; каго-чаго або які. Мноства, вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Над вогнішчам узвіваецца цэлы рой залатых іскрынак. Курто.
•••
Віцца роем гл. віцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́та, ‑ы, ДМ слоце і слата́, ‑ы, ДМ слаце, ж.
1. Сырое надвор’е з дажджом і мокрым снегам. Прыйшла восень з дажджамі, слотай, а перамогі ўсё не было. Пальчэўскі. Здавалася, што кожны тэлеграфны слуп пры шляху гудзе бесперапынна: і нудна, клічучы вятры і непагадзь, асеннюю слату і холад. Чарнышэвіч. У зімнюю завіруху і ў асеннюю слоту стаяў ён [дзядзька Яўтух], узіраючыся ў густую цемру, у сіняваты змрок, у туманнае ранне. Бялевіч. Ды і самі вуліцы, асабліва ў веснавое разводдзе ці асеннюю слату, .. танулі ў балоце. Мележ. // Вільгаць, макрэча. Асенні снег доўга не трывае — прыбаўляе слаты. Навуменка. І, разагрэты шпаркаю хадою па слоце каламутных каляін, шапчу... рыфмую з шолахам ялін смак цыгарэт і водар сырадою... Федзюковіч. / у паэт. ужыв. Пражыў на свеце многа: Вёз нечага сто год. За век пабачыў гора, Нямала вынес слот. Жылка.
2. м. і ж.; перан. Пра чалавека, які надакучае, прыстае. [Бабуля:] — Адчапіся, слата, у горле перасохла. Прадзі вось лепш, а то будзе бацька без кашулі. Брыль.
•••
Вязацца слатою (слотаю) гл. вязацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уладкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; зак.
Разм.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці ў належны парадак; наладзіцца. Папас, можа, хутка жэніцца і жыццё як-ніяк, а ўладкуецца. Лупсякоў. // Станоўча вырашыцца; уладзіцца. [Марфа:] — А Трыпут?.. Ну, што ён... Згуляецца вяселле дачкі, уладкуюцца справы з хатай і, калі ласка, ад варот — паварот. Савіцкі.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для жыцця. [Падводчык:] — У мяне тры хаты. У той, што пасля вайны праз які год паставіў, сястра маёй Аўдолі з малымі жыве .. У другой — мой сын з маладой жонкай уладкаваўся. Бажко. Лёня.. прыйшоў у Мінск і ўладкаваўся на кватэру ў добрых людзей. Новікаў. // Размясціцца, прыстроіцца. Паляўнічы загадзя ўладкаваўся на тоўстым суку і прыладзіў стрэльбу. Пальчэўскі. Мікола і Дзімка ўладкаваліся на ахапку сена, якое нехта прадбачліва кінуў у кузаў. Аляхновіч. Я доўга блукаў, пакуль уладкаваўся на начлег. Навуменка.
3. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. Уладкавацца ў інстытут. Уладкавацца вучнем на завод. □ Уладкаваўся [Якаў] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
урэ́шце, прысл.
1. Пасля ўсяго, напаследак; нарэшце. Хлопчыкі гаварылі яшчэ доўга, дамаўляючыся, як і што яны будуць рабіць у горадзе, якім чынам будуць шукаць прафесара і як потым яго павязуць. Урэшце яны вырашылі чакаць раніцы, каб на світанні зноў рушыць у дарогу. Сіняўскі. Тым часам гульня працягвалася, і мы з Вандай урэшце адолелі сваіх праціўнікаў. Марціновіч. Апынуўшыся тут,.. [Міколка] не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаузная справа. Лынькоў.
2. у знач. далучальнага злучн. (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Ужываецца для далучэння асобнага слова або цэлага сказа. Агонь усё слабеў... урэшце знік паволі... Багдановіч.
3. у знач. пабочн. Паказвае на завяршэнне працэсу, дзеяння, з’явы. Хвілін праз колькі, відаць, скончыўшы,.. [дзяўчына], урэшце, адарвала ад кнігі чырвоныя ад слёз вочы. Шамякін.
4. у знач. пабочн. Паказвае, што мера цярпення, чакання і пад. скончылася, або падкрэслівае што‑н. [Карзюк:] — Калі ж, урэшце, можна будзе з ёю [Марысяй] пагаварыць?! Баранавых. [Лёдзя:] — А ўрэшце, з кім хачу, з тым і гуляю. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хва́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Спосаб, прыём, якім хапаюць, схопліваюць што‑н. Учэпістая хватка. □ Сяргей здзіўляў інжынераў сваёй імклівасцю, напорыстасцю. .. Былі ў яго добрая хватка, дакладны разлік, энергія!.. Мяжэвіч. // перан. Манера дзейнічання каго‑н. [Ціхончык:] — Дык вось Ганчароў з Белагорцавым агітнулі мужчын з чужой зоны і ўзялі іх у атрад. Узялі без зброі. Але цяпер у кожнага ёсць або вінтоўка, або аўтамат. Партызанская хватка, нічога не скажаш. Дзенісевіч. [Шаройка:] — Эге! Пазнаю бацькаву хватку! Шамякін. Пазбаўлены драпежніцкай хваткі і гаспадарскай учэпістасці, .. [Мацвей] усё сваё жыццё гібее, калоціцца, азлоблены і няшчасны. Перкін. // Спрыт у чым‑н. Бяры пракос, наколькі просіць хватка, Не замінай адно, а то падрэжуць — Няхай сабе і старшынёвы — пяткі! Зуёнак. Усе думалі, што .. [Юлька] са сваёй хваткай, калі не горы стане варочаць, то зоркі з неба хапаць. Гроднеў. Зусім малады юнак быў, а ўжо — з прафесійнай рабочай хваткаю. Карамазаў.
•••
Мёртвая хватка — а) хватка ў сабак і некаторых іншых жывёл, калі доўга не разнімаюцца сківіцы; б) пра здольнасць упарта, не адступаючыся, дабівацца свайго.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарната́, ‑ы, ДМ ‑наце, ж.
1. Чорны, цёмны колер чаго‑н. Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Бядуля. Выгінастая рэчка яшчэ цякла звінючай чарнатой у аснежаных берагах. Чорны. // Змрок, цемра. Мы зноў доўга маўчым і зноў, ужо ў глухой чарнаце ночы, Васіліса працягвае свае думкі ўслых. Васілевіч. Мусіць, каб не снег, навокал была б густая чарната, але снег адганяў цемру, бяліў усё. Мележ. // Разм. Бруд, гразь на чым‑н. Мужчынскіх чаравікаў на яе нагах і чарнаты, што неадмыўна ўелася ў маршчынкі і поры на матчыных руках за чатыры апошнія месяцы,.. [дзяцюк] не бачыў... Мехаў.
2. перан. Непрыемныя, агідным думкі, пачуцці. Ад успаміну ў душы [Лёні] .. ажыла з новай сілай уся тая горкая, ганебная чарната, ад якой вось і ў родную хату не хочацца... Брыль. // Бязрадаснасць, змрочнасць; цяжкасці, непрыемнасці. Наіўнасць дзіцяці перад грубай чарнатой жыцця была настолькі трагічна, што няможна было стрымацца ад плачу. Нікановіч. — Няхай гасподзь бог адвядзе ад яе [цёткі] усю чарнату, — сказала маці, павярнуўшыся да мяне. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чмы́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З шумам выпускаць паветра праз ноздры. Праз паўгадзіны Клава бачыла, як нядаўна звязаны і скрыўлены жандар чмыхаў, як лось, мыючыся каля бочкі з вадою. Чорны.
2. Усміхаючыся, смеючыся, плачучы, утвараць гук носам ці губамі. Сям-там пачалі мужчыны чмыхаць, хлопцы шаптацца ды дзяўчаты падраготваць. Мурашка. Пад самае ранне прыехала з горада Хадося і, распрогшы кабылу, за хлявом.. доўга паціху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар. Галавач.
3. З шумам выпускаць праз пэўныя адрэзкі часу паветра, пару, адпрацаваныя газы. Недалёка грукатаў цягнік. Нават чуваць было, як ён натужна сон і чмыхаў. Новікаў. Адсюль ужо былі бачны першыя хаты Затокаў і чутно, як чмыхае каля клуба рухавічок. Жычка.
4. перан. Разм. Сердаваць, злавацца, выражаючы незадаволенасць чым‑н. — Цьфу ты, нацыя бабская... — нездаволена чмыхаў дзед. — Ты да яе [Палаткі] як чалавек, а ў яе сваё ў галаве... Лынькоў. Камендант нездаволена чмыхаў, стоячы на паравозе, а Пецік увіхаўся каля Трапезы. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шале́нства, ‑а, н.
1. Вострая інфекцыйная хвароба жывёлы і чалавека, якая паражае цэнтральную нервовую сістэму і перадаецца ўкусам шалёнай жывёлы; вадабоязь. Прышчэпкі супраць шаленства.
2. Крайняя ступень раздражнення, гневу; раз’юшанасць. Праз якое паўгадзіны Мацвей Кірылавіч выбег з кабінета, як і той раз, калі яго давёў амаль да шаленства Вінцэнт Барташэвіч. Сабаленка. У прыпадку дзікай злосці і шаленства Анісім ірваў і пхаў у печ усё, што хоць чым напамінала яму жонку. Сачанка. / у вобразным ужыв. Так доўга цягнулася маладое шаленства, радаснае і пакутнае. Чорны. // перан. Вельмі бурнае, інтэнсіўнае праяўленне свайго дзеяння, сілы. Юнацтва — лета. Шаленства фарбаў, Адценне гукаў, Смуга настрояў. Свірка. Што нам пурга, шаленства дзікіх ветраў? Ёсць мэта, ёсць работа, ёсць загад! Звонак. Шаленства ракі не бясплённае: яно ператвараецца ў сілу, у электраэнергію, у святло. «Маладосць».
3. Учынак, пазбаўлены здаровай разважлівасці, выкліканы прыхамаццю, капрызам. Жадаў ім [каханым] шчасця ў падарожжы светлым Плыта ўладальнік. А яны яму, Як сябру па шаленству аднаму — Удачы ў вандраванні кругасветным. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шалёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шаляваць.
2. зб. Тонкія дошкі, якія ідуць на абшыўку драўляных пабудоў. Сярод двара чарнеюць пад дажджом напілаваныя на цыркулярцы шалёўкі, складзеныя высокім трохкутнікаў, каб не каселі. Ермаловіч. Высокая масіўная брама была збіта ўзорам з нарэзаных шалёвак. Дуброўскі. Пятро доўга ішоў.. паўз абшытыя шалёўкай прысадзістыя дамы — амаль кожны з блакітнымі аканіцамі. М. Стральцоў. // Абшыўка з такіх дошак. Пятро і ў сваім двары быў гаспадар. Хоць дом у яго быў даўні, але жаўцеў шалёўкай, нібы падвошчаны. Ракітны. Чалавек працягнуў паверх шалёўкі калючы дрот, каб не лазілі падшывальцы ў сад, бліжэй перавязаў сабаку. Даніленка.
3. Р мн. шалёвак. Адна з такіх дошак. Выбраўшы паточаную шашалем шалёўку, [стары] скінуў яе на ніз. Брыль.
4. Накладныя планкі вакол акна, дзвярэй. Бярвенне было здаровае, смольнае, шуфляды ў вокнах тоўстыя, і шалёўка на іх шчыльна дапушчана. Чорны. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгору ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Пташнікаў.
[Ад польск. szalówka.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчымлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае раздражненне, боль; рэзкі. Пад раніцу .. сюды, у расчынены кароўнік, плывуць нейкія шчымлівыя пахі. Кухараў.
2. Тупы, ныючы (пра боль). Потым .. [Карызна] падсеў да стала і, падпёршы рукамі галаву, доўга сядзеў у мёртвай нерухомасці, слухаючы шчымлівы боль свайго сэрца. Зарэцкі. Петрык да шчымлівага, салодкага болю ў грудзях любіць усіх гэтых людзей. Місько.
3. Моцны, неадольны, які хвалюе, узбуджае. Было шчымлівае жаданне і лесам прайсці вось так, без дарог, напрасткі. Кірэйчык. Янак яшчэ мацней адчуў шчымлівую радасць, якую нясе гэтая навальніца, гэты дождж, і зноў прыхінуў да сябе Алёну. Лупсякоў. // у знач. наз. шчымлі́вае, ‑ага, н. Тое, што хвалюе, узбуджае, выклікае розныя пачуцці, перажыванні. Напамінак пра Веру ўскалыхнуў даўняе, шчымлівае. Кудравец.
4. Які выклікае цяжкае пачуццё, прыгнечанасць, тугу і пад. Гэта было прыемна, вельмі прыемна, але сэрца пяклі шчымлівыя думкі пра Людмілу. Радкевіч. Прыгнятала прымусовая бяздзейнасць, шчымлівая туга. Машара. Стоячы сярод двара, Форстэр прыгадаў ночы ў сябе на радзіме, у роднай вёсцы, і шчымлівы, адвечны, як сусвет, сум агарнуў яго. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)