паехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; заг. паедзь; зак.

1. Пачаць рухацца, перамяшчацца пры дапамозе якога‑н. транспарту. Крушынскі адразу запрог каня і паехаў. Бядуля. — Паехалі, — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. Шахавец. // Накіравацца, адправіцца куды‑н., да каго‑н. Паехаць у госці. ▪ Андрэй завярнуў каня і паехаў па снапы. Чарнышэвіч. // З’ехаць куды‑н. — От што, — сказаў хлопец, калі бацька сеў палуднаваць, — я табе скажу, што я зусім заўтра паеду адгэтуль. Чорны.

2. Зрушыць з месца, пакаціцца (аб транспарце). Паехала машына. ▪ З вуліцы пачулася, як паехаў рамізнік. Мурашка.

3. Разм. Саслізнуць, пачаць апускацца, падаць. Нага.. [Тварыцкага] пакаўзнулася на вільготнай зямлі і паехала ўніз з узмежку. Чорны. Падсечаная,.. [алешына] нездаволена крахнула, пастаяла нейкі, амаль няўлоўны, момант, а потым памалу паехала ўніз. Брыль.

4. перан. Разм. Пачаць гаварыць доўга, многа або не тое, што трэба. [Клаўдзія Пятроўна:] — Мы ад цябе чакаем тосту, а ты нешта паехаў некуды не туды. Васілёнак.

•••

Паехаць ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) — тое, што і пакаціцца ад (са) смеху (ад рогату, з рогату) (гл. пакаціцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)