СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРО́Я (грэч. Troia), Іліён,
старажытны горад на ПнЗ М.Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманам у выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.Дзёрпфельд (1893—94), К.Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш. росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. У час Траянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.
Літ.:
Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;
Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;
Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;
Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМАНЯ́Н Аванес Тадэвосавіч (19.2.1869, с. Дсех, Арменія — 23.3.1923),
армянскі пісьменнік. Скончыў гімназію Нерсісян у Тыфлісе (1887). У 1887—93 працаваў у арм. духоўнай кансісторыі ў Тыфлісе, у арм. выдавецкім т-ве. Друкаваўся з 1887. Выдаў зб-кі «Вершы» (т. 1—2, 1890—92 і 1903), «Гармонія» (1893, 1896), «Ручай» (1901). Прастата і лаканізм — асаблівасць твораў Т. У паэмах «Ларэці Сако» (1890), «Ануш» і «Маро» (абедзве 1892), «Старая вайна», (часткова апубл. ў 1907 і 1915), адлюстраваў побыт і звычаі народа, яго традыцыі. У паэме «У бясконцасць» (1903) філас. роздум пра таямніцы жыцця і смерці, узаемаадносіны чалавека і сусвету. Паэма «Давід Сасунскі» (1903) — найлепшая апрацоўка нар. эпасу ў арм. л-ры. На аснове арм. і ўсх. эпасу стварыў шмат балад, легенд і казак («Ахтамар», 1892; «Парвана», 1903; «Храбры Назар», 1912; «Галубіны скіт», 1913). Аўтар паэмы «Паэт і Муза» (1901). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, П.Броўка, Р.Барадулін, А.Звонак, М.Калачынскі, Е.Лось, Я.Сіпакоў і інш.
Тв.:
Бел.пер. — Казкі і легенды. Мн., 1958;
Лірыка.Мн., 1969;
У кн.: Зоры Севана. Мн., 1987;
Рус.пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1969;
Избр. проза. Ереван, 1977.
Літ.:
Джрбашян Э.М. Поэзия Туманяна: Пер. с арм.М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЛІЗА́ЦЫЯ,
спосаб адлюстравання зместу пэўнай сукупнасці ведаў шляхам выкарыстання складанай сістэмы правіл, ідэалізацый, абстракцый, прыёмаў і аперацый. Забяспечвае абстрагаванне ад канкрэтнага значэння паняццяў і зместу навук.тэорыі з мэтай выяўлення яе лагічных асаблівасцей і дэдуктыўных магчымасцей, наяўнасці супярэчнасцей ці іх адсутнасці. У матэматыцы і фармальнай логіцы, дзе Ф. найб. развіта, уяўляе сабой адлюстраванне зместу ведаў у выглядзе фармалізаванай мовы. Неабходнай умовай для стварэння такой мовы з’яўляецца выкарыстанне аксіяматычнага метаду. Тэорыя можа разглядацца як фармальная сістэма, калі разам з аксіяматызацыяй і дакладным вызначэннем лагічных сродкаў яе паняцці замяняюцца сімвалічнымі абазначэннямі. Вылучаюць 2 тыпы фармалізаваных тэорый: цалкам фармалізаваная (з нескладанай лагічнай структурай і невял. колькасцю паняццяў) і часткова фармалізаваная (са складанай лагічнай структурай і вял. колькасцю паняццяў). Неабходнасць у Ф. ў пэўнай навуцы ўзнікае на дастаткова высокім узроўні яе развіцця, калі лагічная сістэматызацыя і арганізацыя ведаў становіцца першараднай задачай. Ф. стымулюе рух пазнання, адкрывае магчымасці для фармулёўкі і пастаноўкі новых праблем і пошуку іх вырашэння, служыць адным са сродкаў стварэння праграм для ЭВМ і мадэліравання мыслення.
Літ.:
Черч А. Введение в математическую логику: Пер. с англ.Т. 1. М., 1960;
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Бартон В.И. Логика. Мн., 2001;
Тарский А. Введение в логику и методологию дедуктивных наук: Пер. с англ.М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад фера... + магнетызм),
магнітаўпарадкаваны стан рэчыва (ферамагнетыка), у якім большасць атамных магнітных момантаў паралельныя адзін аднаму так, што рэчыва мае самаадвольную (спантанную) намагнічанасць. Устанаўліваецца пры т-рах ніжэй Кюры пункта. З’яўляецца вынікам дадатнага абменнага ўзаемадзеяння.
У адсутнасць знешняга магн. поля ўзаемаразмяшчэнне самаадвольна намагнічаных у розных напрамках даменаў (абласцей аднароднай намагнічанасці, на якія разбіты ферамагнетык) такое, што поўная намагнічанасць усяго крышталя роўная нулю. Знешняе магн. поле мяняе даменную структуру: зрушваюцца даменныя межы, вектары намагнічанасці даменаў арыентуюцца ў адным напрамку. З ростам поля намагнічанасць расце і дасягае магнітнага насычэння; пры перамагнічванні назіраецца магн.гістэрэзіс. Мае месца магнітастрыкцыя, магнітная анізатрапія, тэкстура магнітная, ферамагнітны рэзананс. У пункце Кюры ферамагнітны парадак разбураецца і ферамагнетык пераходзіць у парамагнітны стан (фазавы пераход II роду), у некат. выпадках — у антыферамагнітны. Гл. таксама Магнітная структура.
Літ.:
Вонсовский С.В. Магнетизм. М., 1971;
Тикадзуми С. Физика ферромагнетизма: Магнитные свойства вещества: Пер. с яп.М., 1983;
Яго ж. Физика ферромагнетизма: Магнитные характеристики и практич. применения: Пер. с яп.М., 1987;
Уайт Р.М. Квантовая теория магнетизма: Пер. с англ. 2 изд. М., 1985.
Р.М.Шахлевіч.
Да арт.Ферамагнетызм. Ферамагнітная калінеарная атамная структура гранецэнтраванай кубічнай рашоткі ніжэй пункта Кюры; стрэлкамі паказаны напрамкі атамных магнітных момантаў; Js — вектар сумарнай намагнічанасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕ́ЕРДАЛ (Heyerdahl) Тур (6.10.1914, г. Ларвік, Нарвегія — 18.4.2002),
нарвежскі вучоны, падарожнік, пісьменнік. Чл.Нарв.АН (з 1958). Ганаровы д-р ун-та Осла (1961). Вучыўся ва ун-це Осла (1933—38). Вывучаў пераемнасць культуры і магчымасць трансакіянскіх міграцый народаў паміж Старым і Новым Светам. Каб пацвердзіць сваю тэорыю пра засяленне а-воў Палінезіі з Амерыкі, у 1947 праплыў з экіпажам на плыце «Кон-Цікі» ад Перу да архіпелага Туамоту, у 1969 і 1970 — на папірусных лодках «Ра» і «Ра-2» ад Афрыкі да а-воў Цэнтр. Амерыкі, у 1977—78 — на трысняговай лодцы «Тыгрыс» па маршруце Эль-Курна (Ірак) — вусце р. Інд—Джыбуці. Уражанні ад падарожжаў у кнігах «Падарожжа на «Кон-Цікі» (1949), «Аку-Аку» (1957), «Ра» (1970), «Фату-Хіва» (1975), «Тыгрыс» (1979) і інш. Займаўся археал. пошукамі ў Перу, Балівіі, Эквадоры, на Галапагоскіх а-вах і в-ве Рапануі (Вялікадня). Аўтар прац па антрапалогіі, стараж. гісторыі Акіяніі і Амерыкі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў С.Міхальчук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБУ́Л ДЖАБА́ЕЎ (28.2.1846, Сямірэчча, Казахстан — 22.6.1945),
казахскі паэт-акын. Аўтар і выканаўца песень-жальбаў, песень-роздумаў, вершаваных прамоў, прывітальных пасланняў, гімнаў, паэм, тэматычна скіраваных на адлюстраванне нар. мар і спадзяванняў, імкненняў да лепшага жыцця («Доля бедняка», «Песня гнеўнага сэрца» і інш.), на асуджэнне сквапнасці, гультайства, крывадушнасці і інш. чалавечых заган. У ранні перыяд яго творчасці гал. месца займаў айтыс — паэтычная спрэчка акынаў. Больш позняя спадчына паэта — водгук на падзеі паліт., гасп. і культ. жыцця краіны. Паэзія вызначаецца псіхал. насычанасцю, эмацыянальнасцю, рэаліст. канкрэтнасцю вобразаў. Дзярж. прэмія СССР 1941. На бел. мову яго творы перакладалі П.Глебка, М.Танк, А.Жаўрук, А.Зарыцкі, А.Ушакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУСТЫ́ЧНАЯ ГАЛАГРА́ФІЯ,
інтэрферэнцыйны спосаб атрымання аб’ёмных відарысаў прадметаў з дапамогай акустычных хваляў. Спачатку рэгіструецца карціна, якая атрымліваецца ў выніку інтэрферэнцыі дзвюх гукавых хваляў — рассеянай прадметам (сігнальнай) і апорнай, потым па атрыманым запісе (акустычнай галаграме) аднаўляецца відарыс прадмета. Ва ультрагукавым дыяпазоне найб. пашыраны метад паверхневага рэльефу, у якім акустычная галаграма аднаўляецца з дапамогай кагерэнтнага святла. Акустычная галаграфія выкарыстоўваецца ў медыцыне (ультрагукавая дыягностыка), гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі і інш.Гл. таксама Галаграфія.
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскі ун-т (1950). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — зб. гумарыстычных апавяданняў «Вясковы хлапчук» (1958). Раманы «Я, бабуля, Іліко і Іларыён» (1960), «Я бачу сонца» (1962, за абодва прэмія Ленінскага камсамола 1967) прысвечаны жыццю груз. вёскі ў гады Вял.Айч. вайны. У раманах «Сонечная ноч» (1967), «Белыя сцягі» (1972, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1975), «Закон вечнасці» (1978, Ленінская прэмія 1980), аповесці «Кукарача» (1980) і інш. разглядае актуальныя сац.-этычныя праблемы Грузіі. Творы адметныя спалучэннем камічнага з драматычным, нац. гумару з глыбокім лірызмам. Асобныя творы экранізаваны, інсцэніраваны. На бел. мову творы Д. перакладалі В.Нікіфаровіч, У.Сіўчыкаў, М.Стральцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́МЕРФЕЛЬД (Sommerfeld) Арнольд (5.12.1868, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія —26.4.1951),
нямецкі фізік-тэарэтык, заснавальнік мюнхенскай школы тэарэт. фізікі. Чл.-кар. Берлінскай АН (1920), замежны чл.АНСССР (1929). Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1891). З 1891 працаваў у розных ВНУ Германіі, у 1908—40 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па квантавай тэорыі атама, спектраскапіі, электроннай тэорыі металаў. Рашыў задачу аб выпрамяненні вертыкальнага дыполя, які знаходзіцца на мяжы 2 асяроддзяў (1909), удакладніў мадэль атама Бора і стварыў тэорыю тонкай структуры спектра вадародападобных атамаў (1916), распрацаваў тэорыю тармазнога выпрамянення электронаў (1931). Аўтар падручнікаў па тэарэт. фізіцы.
Тв.:
Рус.пер. — Пути познания в физике. М. 1973.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 391—392.