СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),

англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв. вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.​Асташонак, В.​Гардзей, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;

Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—5. М., 1993;

Избр. произв. Т. 1—3. М., 1992.

Літ.:

Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;

Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ. М., 1985;

Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.

Е.​А.​Лявонава.

Р.Л.Стывенсан.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)