ФАРМАЛІЗА́ЦЫЯ,

спосаб адлюстравання зместу пэўнай сукупнасці ведаў шляхам выкарыстання складанай сістэмы правіл, ідэалізацый, абстракцый, прыёмаў і аперацый. Забяспечвае абстрагаванне ад канкрэтнага значэння паняццяў і зместу навук. тэорыі з мэтай выяўлення яе лагічных асаблівасцей і дэдуктыўных магчымасцей, наяўнасці супярэчнасцей ці іх адсутнасці. У матэматыцы і фармальнай логіцы, дзе Ф. найб. развіта, уяўляе сабой адлюстраванне зместу ведаў у выглядзе фармалізаванай мовы. Неабходнай умовай для стварэння такой мовы з’яўляецца выкарыстанне аксіяматычнага метаду. Тэорыя можа разглядацца як фармальная сістэма, калі разам з аксіяматызацыяй і дакладным вызначэннем лагічных сродкаў яе паняцці замяняюцца сімвалічнымі абазначэннямі. Вылучаюць 2 тыпы фармалізаваных тэорый: цалкам фармалізаваная (з нескладанай лагічнай структурай і невял. колькасцю паняццяў) і часткова фармалізаваная (са складанай лагічнай структурай і вял. колькасцю паняццяў). Неабходнасць у Ф. ў пэўнай навуцы ўзнікае на дастаткова высокім узроўні яе развіцця, калі лагічная сістэматызацыя і арганізацыя ведаў становіцца першараднай задачай. Ф. стымулюе рух пазнання, адкрывае магчымасці для фармулёўкі і пастаноўкі новых праблем і пошуку іх вырашэння, служыць адным са сродкаў стварэння праграм для ЭВМ і мадэліравання мыслення.

Літ.:

Черч А. Введение в математическую логику: Пер. с англ. Т. 1. М., 1960;

Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ. М., 1973;

Бартон В.И. Логика. Мн., 2001;

Тарский А. Введение в логику и методологию дедуктивных наук: Пер. с англ. М., 2001.

В.​М.​Пешкаў.

т. 16, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)