ТУМАНЯ́Н Аванес Тадэвосавіч (19.2.1869, с. Дсех, Арменія — 23.3.1923),

армянскі пісьменнік. Скончыў гімназію Нерсісян у Тыфлісе (1887). У 1887—93 працаваў у арм. духоўнай кансісторыі ў Тыфлісе, у арм. выдавецкім т-ве. Друкаваўся з 1887. Выдаў зб-кі «Вершы» (т. 1—2, 1890—92 і 1903), «Гармонія» (1893, 1896), «Ручай» (1901). Прастата і лаканізм — асаблівасць твораў Т. У паэмах «Ларэці Сако» (1890), «Ануш» і «Маро» (абедзве 1892), «Старая вайна», (часткова апубл. ў 1907 і 1915), адлюстраваў побыт і звычаі народа, яго традыцыі. У паэме «У бясконцасць» (1903) філас. роздум пра таямніцы жыцця і смерці, узаемаадносіны чалавека і сусвету. Паэма «Давід Сасунскі» (1903) — найлепшая апрацоўка нар. эпасу ў арм. л-ры. На аснове арм. і ўсх. эпасу стварыў шмат балад, легенд і казак («Ахтамар», 1892; «Парвана», 1903; «Храбры Назар», 1912; «Галубіны скіт», 1913). Аўтар паэмы «Паэт і Муза» (1901). Пісаў для дзяцей. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.​Аўрамчык, П.​Броўка, Р.​Барадулін, А.​Звонак, М.​Калачынскі, Е.​Лось, Я.​Сіпакоў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Казкі і легенды. Мн., 1958;

Лірыка.Мн., 1969;

У кн.: Зоры Севана. Мн., 1987;

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1969;

Избр. проза. Ереван, 1977.

Літ.:

Джрбашян Э.М. Поэзия Туманяна: Пер. с арм. М., 1969.

А.Т.Туманян.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)