АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,

асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец. хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.

Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.​М.​Грышын і В.​М.​Стасевіч (1994).

І.​М.​Грышын.

т. 1, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нелапы́ ’ладны, дастатковы па велічыні, вазе і памерах’: мае парасята ужэ нелапые (слуц., Нар. словатв.), нелапу́ ’няладны, нядобры’ (ТС), параўн. ст.-рус. не лапъ ’ужо не, больш не’, укр. не лапі ’няхутка’, польск. nie łapie ’няхутка; нялёгка’, ст.-чэш. nelap ’нялёгка, з цяжкасцю, ледзь’. Выводзіцца з прасл. *lapati, lapъ!, што выражае хуткі рух з мэтай схапіць, злавіць і г. д., гл. лапаць. Развіццё семантыкі ад ’што трапіла, абы-што’ да ’не абы-што’, пры гэтым адмоўе не ўносіць новага семантычнага адцення, параўн. ст.-чэш. lap kto, lap který ’хто-небудзь’; больш падрабязна гл. Махэк₂, 320; Фасмер, 2, 459; Слаўскі, 4, 475.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ні́цы ’нізкі, паніклы (звычайна пра дрэва)’ (Сл. ПЗБ, Касп.), ’апушчаны ўніз’ (Сцяшк. Сл.), ’скрытны, пануры’ (Касп., Бяльк.), ’скрытны; хітры, няшчыры’ (Нас.), ’змрочны, пануры’ (ТС), ’подлы, ганебны’ (Ян.), ’пахмурны, непагодлівы’ (Сл. ПЗБ, ТС), укр. ни́ций ’подлы, нізкі, пошлы’, рус. ни́цый ’нізкі, паніклы; подлы’. Параўн. ц.-слав. ниць, прыслоўе ’ніц, ніцма’ і прыметнік ’пахілены ўперад’, усё да *nicь (гл. ніц1). Спробы вывесці значэнне ’пахмурны, хмурны’ са значэння літ. nykýs ’хмурны’ (Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1972, 1, 80) непераканальныя, бо указанае значэнне натуральна выводзіцца са значэння ’навіслы, змрочны’, фармальна ж беларускае слова не можа быць запазычаннем з літоўскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́чка ’вадаплаўная птушка сямейства качыных з шырокай пляскатай дзюбай і кароткімі шырока расстаўленымі лапкамі’ (ТСБМ, БРС, Касп., Нас. і інш.). У бел. мове гэта слова зафіксавана ў помніках як запазычанне з польск. kaczka на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 144). Як адзначае Слаўскі (2, 14), у польск. мове, як ва ўсіх зах.-слав. мовах (акрамя н.-луж.), не засведчана наогул старая назва качкі *ǫtу. Зах.-слав. *kačьka выводзіцца некаторымі даследчыкамі ад імя *Katerina (Бернекер, 1, 465; Брукнер, 212; Фасмер, 2, 214; Кюнэ, Poln., 61 і інш.). Паводле Слаўскага, там жа, 15, хутчэй трэба думаць аб гукапераймальным паходжанні слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рача́дзь ’рэчышча’ (Стан.), ’старое рэчышча ракі’ (Касп.), річа́дзь ’месца ля вытокаў ракі, якое заліваецца вадой у час паводкі’ (дубр., Нар. словатв.), рус. смал. реча́ть ’рэчышча’. Да рака (гл.), параўн. іншую назву рэ́чанне ’тс’ (навагр., З нар. сл.), імаверна, сцяжэнне рачное месца > рачадзь, параўн. роўнае месца > роўнядзь (гл. роўны), адпаведна мокрадзь і інш. Сцяцко падае як суфіксальнае ўтварэнне непасрэдна ад рака (*rěkedjь), з чаргаваннем к/ч (Сцяцко, Афікс. наз., 130, 179). Параўн. Фасмер, 3, 478, дзе смаленскае слова выводзіцца з *рѣчѧ, Род. скл. *‑ѧте ад рака, па ўзору дзяўчата ад дзеўка, што на фоне прыведзеных фактаў малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Селяні́н ‘жыхар сельскай мясцовасці, земляроб’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк.). Укр. селяни́н, рус. селяни́н, ст.-рус. селянинъ ‘селянін, вясковы жыхар’, серб.-харв. сѐљанин ‘вясковы жыхар’, славен. selján ‘селянін, вясковы жыхар’, балг. се́лянин, макед. селанин, селанец ‘селянін’, ст.-слав. селꙗнинъ ‘земляроб’. Паводле Трубачова (Проспект, 77), прасл. *sedlʼaninъ/*sedlěninъ < прасл. *sedlo (адрознага ад *sedъlo ‘сядло’) ‘земляробчая гаспадарка з домам’ (Махэк₂, 539) з і.-е. *sedlom, роднаснага лац. sella ‘сядзенне’ < *sedlā, што мае фанетычную і словаўтваральную адпаведнасць у палеабалканскім Ἕλλα ‘назва храма Зеўса ў Дадоне’, ад якога выводзіцца племянная назва Ἕληνες, паралельная да *sedlʼane ‘сяляне’ (Трубачоў, Этимология–1980, 14–15). Гл. сяляне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сібе́ль ‘сялява’ (асіп., Сл. ПЗБ), ‘назва рыбы’ (Ян.), сібель ‘верхаводка, Alburnus alburnus L.’ (Жук., Жыв. св.), укр. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’, рус. се́бе́ль, си́би́ль ‘тс’. Выводзіцца з *вьсебѣль, што да весь ‘цалкам’ (гл.) і белы; апошняе пацвярджаецца як навуковай назвай з лац. alburnus < albus ‘белы’, так і шматлікімі народнымі назвамі: укр. біли́ця, рус. бело́вка, польск. biela, чэш. bělice, славац. belička, славен. belíca і інш., а таксама нова-в.-ням. Weißfisch, грэч. όλόλευκοσ τάριχος (літаральна ‘цалкам белая рыба’), гл. Фасмер, 3, 587; Каламіец, Рыбы, 25; ЕСУМ, 5, 201. Выказанае меркаванне пра балтыйскае паходжанне назвы (Лекс. балтызмы, 11, 12) непрымальнае па фармальных прычынах (Анікін, Опыт, 274).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэ́снуць ‘ударыць, стукнуць’ (Шымк. Собр., Яруш., Касп., Вушац. сл., Бяльк., ТС), ‘лопнуць, раскалоцца’ (Бяльк., Скарбы), ‘стукнуць, грукнуць’ (Ласт.), ‘стукнуць, пацэліць’ (пра гром, маланку)’ (Мат. Маг. 2, Сержп. Прымхі): kab ćabʼé pʼerún trésnuŭ (zabíu, uźaŭ) (зах.-бел., Маш. Atlas). Аднакратны дзеяслоў да трэскаць (гл. трэск), выводзіцца з прасл. *trěsknǫti (ESJSt, 16, 980), параўн. укр. трі́снути ‘трэснуць, стукнуць’, рус. тре́снуть ‘лопнуць, стукнуць, выдаць моцны гук (пра гром і пад.)’, польск. trzasnąć ‘тс’, чэш. třesknouti ‘тс’, славац. tresknuť ‘тс’, балг. тресна ‘тс’, макед. тресне ‘тс’, ст.-слав. трѧснѫти ‘тс’. Утворана на базе гукапераймальнага *tresk‑, як і літ. treškė́ti ‘лопаць, трэскаць’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Непакаля́ны (непокаля́ны) ’незабруджаны, незапэцканы’ (Арх. ТС). Да пакалі́ць ’забрудзіць, запэцкаць; вымазаць’. Меркаванне Булыкі (Лекс. запазыч., 134) пра запазычанне ст.-бел. непокаляный (непокаланный, непоколяный) ’незаплямлены; бязгрэшны’ (1598) са ст.-польск. niepokalany ’тс’ грунтуецца, відавочна, на прыналежнасці да царкоўнай тэрміналогіі (параўн. niepokalane zaczęcie ’бязгрэшнае зачацце’ Брукнер, 214), аднясенні да польск. kał ’бруд, гразь’ і акцэнталагічных асаблівасцях слова, што, аднак, нельга лічыць дастаткова доказным: зыходны дзеяслоў калі́ць (каля́ць) ’мазаць, пэцкаць’ (гл.), з якога выводзіцца значэнне старабеларускага слова, мае праславянскі характар, а шырокае ўжыванне дзеяслова пакалі́ць (пакаля́ць) у народнай мове, у тым ліку і ў архаічных палескіх гаворках, якія дэманструюць значную ўстойлівасць у адносінах да польскіх запазычанняў, не дае падстаў прыняць выказанае меркаванне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)