Сі́кша ‘хто мочыцца пад сябе’, ‘падлетак’ (Федар. 4), ‘запальчывы чалавек’ (Нас.), ‘запальчывая жанчына’ (Байк. і Некр.). Паводле Карскага (2–3, 38), утворана пры дапамозе суф. ‑ша ад сікаць (гл.). Параўн. таксама рус. пск. сику́ша, сикту́ха ‘сярдзітая сварлівая баба’. Аднак не выключаны ўплыў на семантыку польск. аргат. siksa ‘дзяўчына-падлетак, смаркачка’, ‘маладая прастытутка’, што выводзіцца з ідыш szikse, ням. Schicks(e) ‘дзяўчына; кабета лёгкіх паводзін’ < іўр. shikse (šigsa) ‘дзяўчына не яўрэйка’ (Штэрн, Wörterbuch, 180; Каня, Słownik, 199). Горбач (Арго школярів, 29) падае зыходнае іўр. šiqcāh ‘тс’ для ўкр. аргат. сікса.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)