рэві́зія, ‑і, ж.

1. Праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрыемства, установы, арганізацыі, адказнай службовай асобы з мэтай праверкі законнасці, правільнасці і мэтазгоднасці іх дзеянняў. Рабіць рэвізію. Рэвізія магазіна. □ Часамі глаўк пасылаў .. [Казіміра] на рэвізію на другія заводы: у Канск, у Таўду, у Лысьву. Скрыган. Адсутнасць уліку маёмасці .. [Шаманскі] груба назваў злачынствам, паабяцаў арганізаваць рэвізію і вінаватых у адсутнасці ўліку і гаспадарчых стратах прыцягнуць да адказнасці. Дуброўскі. // Агляд чаго‑н. з мэтай праверкі. — А ўсё ж такі, брат Грышка, не шкодзіць, я думаю, пабыць табе на бухгалтарскіх курсах. Калгас наш расце, справа ўскладняецца, — заключыў рэвізію кніг старшыня калгаса. Колас.

2. Перагляд палажэнняў якога‑н. вучэння, тэорыі з мэтай унясення змен, паправак, якія парушаюць, скажаюць асновы гэтага вучэння, тэорыі.

3. Гіст. У Расіі ў 18 ст. і ў першай палове 19 ст. — перапіс сельскага і гарадскога насельніцтва для ўліку і вылічэння падушнага падатку.

[Ад лац. revisio — перагляд.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́пліка

(фр. réplique, ад лац. replicare = пярэчыць)

1) кароткая заўвага, пярэчанне, адказ, выкрык з месца на сходзе (напр. падаць рэпліку);

2) адказ на словы субяседніка ў сцэнічным дыялогу, а таксама канец фразы, апошнія словы адной дзеючай асобы, непасрэдна за якой гаворыць другая;

3) паўтарэнне музычнай фразы іншым голасам або ў іншай танальнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́ра 1 ’газ, які ўтвараецца пры выпарванні вады, нагрэтай да высокай тэмпературы; газападобны стан вады’; пар ’паравое поле’, па́рнасць, па́рына, па́раніна, парно́та, парні́к, па́ранка, паро́нка. Агульнаславянскае: рус. пар, укр. па́ра ’паравое поле, выпарэнне’, царк.-слав. пара ’выпарэнне’, польск. par, para, чэш. pára, славац. para, серб.-харв. па̏ра, славен. pȃra, балг. па́ра. Звязана чаргаваннем з прэць, прэю (гл.) (Траўтман, 231; Младэнаў, 411; Праабражэнскі, 2, 20; Фасмер, 3, 203). Параўн. па́рыць.

Па́ра 2 ’два аднолькавыя сіметрычныя прадметы, якія складаюць адно цэлае; дзве асобы, мужчына і жанчына, дзве жывёліны, самец і самка; два прадметы, дзве штукі чаго-небудзь’. Рус., укр. па́ра. Праз польск. para з сяр.-в.-ням. pâr ’пара’ ад лац. pār ’роўны, пара’ (Брукнер, 395; Праабражэнскі, 2, 16; Фасмер, 3, 203). Ст.-бел. пара XVI ст. таго ж паходжання (Булыка, Лекс. запазыч., 154).

Пара́ ’час, перыяд; адпаведны час’. Рус., укр. пора́ ’час, пара, узрост’, польск. pora ’выпадак, пара’, балг. по́ра ’узрост’. Пэўнай этымалогіі няма. Лічаць роднасным ‑пор (гл. напор, упор), якое звязана з пярэць, пру, і набліжаюць да грэч. πορεῖν, аорыст ἔπορον, эпір. πόρον ’даць, прадставіць’, ’вызначыць’ (Младэнаў, 489; Праабражэнскі, 2, 166; Мацэнаўэр, LF, 13, 180 і наст.; Фасмер, 3, 328). Міклашыч (240) указвае яшчэ на рус. дыял. пора́ ’падпорка для стога сена’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сві́та 1 ‘асобы, якія суправаджаюць важную высокапастаўленую асобу’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ‘кампанія’ (Сл. ПЗБ, ТС). З рус. сви́та (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 71), вядомага з 1709 г., або праз польск. świta з ням. Suite < франц. suite ад suivre ‘ісці следам’ (Праабражэнскі, 2, 262; Фасмер, 3, 581; Борысь, 624).

Сві́та 2, сві́тка ‘доўгая сялянская верхняя вопратка з даматканага сукна’ (Нас., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), світно́ ‘тс’ (Арх. Федар., Серб. Вічын, ЛА, 4). Укр. сви́та, рус. паўдн. сви́та, сви́тка ‘світа’, пск. ‘лыкавая вяроўка’, ст.-рус. съвита, свита ‘від вопраткі’, польск. świta (з усх.-слав., Брукнер, 538; Тарн., 20), серб.-харв. сви̏та ‘сукно’, ‘сінія і чырвоныя палоскі сукна як нагрудныя ўпрыгожанні белых сялянскіх каптаноў’, славен. svȋta ‘вопратка’, балг. сви́тка ‘від старой жаночай вопраткі; нашытыя ўпрыгожанні ў выглядае тасёмкі’, макед. сви́та ‘від тонкай шарсцяной тканіны’, ст.-слав. свита ‘від вопраткі’. Этымалогія і рэканструкцыя зыходнай формы спрэчныя. Прапаноўвалі прасл. *sъvita і сувязь з віць, гл. Праабражэнскі, 2, 262; Скок, 3, 373. Фасмер (3, 581) указвае, што гэта форма быццам бы падтрымліваецца рус.-ц.-слав. съвить ‘палатно’, але фінскае запазычанне з слав. viitta ‘плашч’ прадугледжвае прасл. *svita, бо *sъvita дало б suviitta. Зыходзячы з *svita, параўноўвалі з лат. svietas ‘шарсцяныя анучы на нагах у жанчын’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 1167; гл. яшчэ БЕР, 6, 558–559; ЕСУМ, 5, 193.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дэклара́цыя

(лац. decloratio = заява, аб’ява)

1) афіцыйная або ўрачыстая, праграмная заява, а таксама дакумент, у якім яна выкладзена (напр. урадавая д., д. правоў чалавека);

2) заява падаткаплацелыпчыка і некаторых катэгорый дзяржаўных служачых пра характар і памер даходаў, маёмаснае становішча;

3) заява асобы, якая перасякае граніцу, пра наяўнасць і колькасць у яе рэчаў, каштоўнасцей, валюты.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

АПО́ВЕСЦЬ,

празаічны (часам вершаваны) твор; жанр эпічнай л-ры (гл. Эпас), пераходны паміж апавяданнем і раманам. Ад апавядання адрозніваецца больш шырокім ахопам рэчаіснасці, больш складаным сюжэтам, шматгранным раскрыццём характараў. У цэнтры класічнай аповесці, як правіла, адна сюжэтная лінія, адзін герой. Сучасная аповесць ахопам і канцэнтрацыяй жыццёвага матэрыялу, па многіх фармальных рысах набліжаецца да рамана.

Як назва жанру л-ры бытуе з часоў Кіеўскай Русі. Тады аповесцю называлі самыя розныя па форме творы гіст., ваен. і рэліг. зместу (гл. Аповесць старажытнаруская), часта яна мела форму хронікі ці летапісу. З твораў стараж. бел. л-ры да жанру тагачаснай аповесці можна аднесці «Дыярыуш» А.​Філіповіча (1646), Баркулабаўскі летапіс, перакладныя творы — «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Трою», «Александрыю».

У сучасным разуменні аповесць пачала складвацца ў рус. л-ры ў 19 ст. Тыповая, «чыстая» форма аповесці — гэта пераважна твор біягр. характару, маст. хронікі: дылогія С.​Аксакава, «Запіскі з Мёртвага дому» Ф.​Дастаеўскага, «Стэп» А.​Чэхава, трылогіі Л.​Талстога, М.​Горкага і інш.

Пачынальнікі сучаснай бел. аповесці (і рамана) — Ц.​Гартны («Бацькава воля», 1-я ч. «Сокаў цаліны», 1916), М.​Гарэцкі (драматызаваная аповесць «Антон», 1919; дакумент. аповесць «На імперыялістычнай вайне», 1926), Я.​Колас («У палескай глушы», 1921—22). Пра сталасць жанру аповесці ў бел. л-ры сведчыць ахоп самых розных аспектаў жыцця, філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, пільная ўвага да чалавека, маст. вытлумачэнне яго псіхалогіі рэальнай складанасцю ўзаемаадносін характару і абставін, асобы і грамадства: «Апошняя сустрэча» Я.​Брыля, «Агонь і снег», «Гандлярка і паэт» І.​Шамякіна, «Тартак», «Найдорф» І.​Пташнікава, «Сотнікаў», «Абеліск», «Знак бяды», «Сцюжа» В.​Быкава, «Хатынская аповесць», «Карнікі» А.​Адамовіча, «Суд у Слабадзе» В.​Казько, «Зона маўчання» С.​Грахоўскага, «Пад сузор’ем сярпа і молата» Б.​Сачанкі, «Сны імператара» У.​Арлова і інш.

Літ.:

Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць, Мн., 1971.

П.​К.​Дзюбайла.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦЬКО́ЎСКІЯ ПРАВЫ́ І АБАВЯ́ЗКІ,

сукупнасць асабістых, маёмасных правоў і абавязкаў бацькоў у іх узаемаадносінах з непаўналетнімі дзецьмі. Прадугледжаны і гарантуюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам аб шлюбе і сям’і. Першарадная роля ў сямейным жыцці належыць асабістым адносінам паміж бацькамі і дзецьмі. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца пра іх здароўе, фізічнае і духоўнае развіццё і навучанне. Асабістымі правамі бацькоў з’яўляюцца: прысваенне імя і прозвішча; выхаванне, прадстаўніцтва і абарона інтарэсаў дзяцей. У працэсе выхавання правы і абавязкі бацькоў і дзяцей з’яўляюцца ўзаемнымі. Дзеці павінны выконваць патрабаванні бацькоў, маюць права на належнае сямейнае выхаванне. Бацькоўскія правы не могуць ажыццяўляцца ў супярэчнасці з інтарэсамі дзяцей. Дзеці не павінны падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду іх фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Пры неналежным выкананні бацькамі або адным з іх абавязкаў па выхаванні або пры злоўжыванні бацькоўскімі правамі дзеці маюць права звярнуцца ў органы апекі і папрасіць абароны сваіх правоў і інтарэсаў. Бацька і маці маюць роўныя правы і абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей нават пасля скасавання шлюбу. Пры ўзнікненні спрэчак у такіх выпадках парадак удзелу ў выхаванні дзяцей вызначаецца органамі апекі; кожны з бацькоў мае права звярнуцца ў суд. Бацькі з’яўляюцца прадстаўнікамі сваіх непаўналетніх дзяцей і выступаюць у абарону іх правоў і інтарэсаў ва ўсіх установах, у т. л. судовых, без асаблівага паўнамоцтва; ім дастаткова прад’явіць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, з якога вынікае, што асоба сапраўды з’яўляецца яго бацькам або маці. Выкананне бацькамі сваіх правоў і абавязкаў здзяйсняецца да дасягнення дзецьмі 18 гадоў. Выхаваўчы ўплыў бацькоў на паўналетніх дзяцей ужо не мае прававога характару. Пазбаўленне бацькоўскіх правоў з-за наўмыснага парушэння і невыканання абавязкаў па выхаванні дзяцей праводзіцца паводле судовага рашэння.

Літ.:

Нечаева А.М. Брак, семья, закон. М., 1984.

В.​В.​Левы.

т. 2, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНЯ́ТЫ,

нараджэнне (амаль адначасовае) двух і болей дзяцей у чалавека і млекакормячых жывёл, для якіх характэрна аднаплоднасць. Блізняты могуць быць аднаяйцавыя (моназіготныя), развіваюцца з адной аплодненай яйцаклеткі — зіготы, і двух’яйцавыя (дызіготныя), развіваюцца з двух ці болей адначасова аплодненых яйцаклетак. Аднаяйцавыя блізняты заўсёды аднаполыя, маюць аднолькавы генатып, групу крыві і надзвычай высокую ступень падабенства. Двух’яйцавыя блізняты могуць быць адна- і разнаполыя, іх генатыпічнае і вонкавае падабенства не большае, чым паміж іншымі братамі і сёстрамі (сібсамі). Суадносіны паміж мона- і дызіготнымі блізнятамі ў чалавека вызначаюцца прыкладна як 1 і 2, нараджэнне двайнят у сярэднім складае 1 на 100 родаў (ад 0,6 у Японіі да 4,5 у Афрыцы), трайнят — прыкладна на 10 тыс., чацвярнят — на 1 млн.; вядомы выпадкі нараджэння 5 і 6 блізнят; шматплоднасць больш уласціва прадстаўнікам негроіднай расы, менш мангалоідам. Зніжэнне нараджэння блізнят у апошнія дзесяцігоддзі звязваюць з уплывамі сац.-быт. фактараў.

Сучасныя метады дыягностыкі дазваляюць устанавіць шматплоднасць у самыя раннія тэрміны цяжарнасці. Па даных гемелалогіі (навукі пра блізнят) асн. ролю ў вызначэнні шматплоднасці мае спадчыннасць. Па мацярынскай лініі перадаюцца ў спадчыну дызіготныя блізняты, па бацькоўскай — моназіготныя. Унутрывантробнае і пасляродавае развіццё блізнят вызначаецца шэрагам асаблівасцяў. У 70—75% выпадках аднаяйцавым блізнятам уласціва наяўнасць адной плацэнты і аднаго харыёна, у дызіготных блізнят яны асобныя для кожнага плода. Больш частыя (у 2 разы) у блізнят прыроджаныя заганы развіцця, магчымы выпадкі хімерызму, у аднаяйцавых — недаразвіццё або адсутнасць сэрца, спалучэнне крывяносных сістэм, няпоўнае раздзяленне тулаваў (гл. Сіямскія блізняты) і інш. У генетыцы вывучэнне ролі і ўзаемаадносін спадчыннасці і асяроддзя ў зменлівасці прыкмет і фарміраванні асобы (чалавека) складае сутнасць «блізнятнага метаду». У жывёлагадоўлі штучнаму рэгуляванню плоднасці свойскіх і інш. карысных жывёл надаецца гасп. значэнне.

Р.​У.​Дэрфліо.

Блізняты аднаяйцавыя (злева) і двух’яйцавыя.
Да арт. Блізняты. Схематычнае адлюстраванне размяшчэння аднаяйцавых (1) і двух’яйцавых (2) блізнят у матцы.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

1) галіна права, якая рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы дзярж. кіравання. Нормы адміністрацыйнага права вызначаюць парадак арганізацыі і дзейнасці кіраўнічага апарата, правы і абавязкі службовых асоб і грамадзян. Сістэма адміністрацыйнага права Рэспублікі Беларусь складаецца з агульнай і асаблівай частак. Агульная ўключае нормы, якія маюць рэгуляцыйнае значэнне для ўсіх галін і сфераў дзярж. кіравання: сістэма і крыніцы, суб’екты адміністрацыйнага права, прынцыпы дзярж. кіравання, сістэма яго органаў, формы і метады кіраўнічай дзейнасці і інш. Нормы асаблівай часткі рэгулююць адносіны ў асобных сферах кіравання: планаванні, уліку, фінансаванні і матэрыяльна-тэхн. забеспячэнні, прам-сці, сельскай гаспадарцы, транспарце, капітальным будаўніцтве, нар. адукацыі, навуцы, культуры, ахове здароўя, сац. абароне, пытаннях адм.-паліт. кіравання (абарона, дзярж. бяспека, грамадскі парадак, юстыцыя) і інш. Гал. крыніцы адміністрацыйнага права: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, указы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастановы Прэзідыума Вярх. Савета і Кабінета Міністраў, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Мытны кодэкс Рэспублікі Беларусь і інш., загады, пастановы і інструкцыі нарматыўнага зместу (вылаюцца мін-вамі, дзярж. к-тамі і ведамствамі Рэспублікі Беларусь). Выкананне выкладзеных у гэтых актах правілаў з’яўляецца абавязковым і забяспечваецца выхаваўчымі, арганізацыйнымі і прымусовымі мерамі. У ходзе рэалізацыі нормаў адміністрацыйнага права ўзнікаюць адм. праваадносіны, суб’ектам якіх, з аднаго боку, з’яўляюцца дзярж. орган або службовая асоба, з другога — дзярж. органы, іх службовыя асобы, асобныя грамадзяне, грамадскія арг-цыі і інш. Аб’ектам адм.-прававых адносін у большасці выпадкаў з’яўляецца дзейнасць людзей, іх паводзіны, а таксама пэўная маёмасць.

2) Навука, якая вывучае прававое рэгуляванне дзярж. кіравання, развіццё тэарэт. поглядаў на сутнасць, змест і сістэму прававых нормаў і прававых ін-таў. Навука актыўна садзейнічае ўдасканаленню сістэмы і ўнутр. структуры, удакладненню правоў і абавязкаў органаў дзярж. кіравання і асобных грамадзян. Праблемы адміністрацыйнага права на Беларусі вывучаюць А.​М.​Абрамовіч, В.​І.​Семянкоў, В.​І.​Шабайлаў і інш.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)