СКЛАДА́НЫ СКАЗ,

поліпрэдыкатыўная сінтаксічная адзінка, арганізаваная з двух і больш простых сказаў, аб’яднаных у структурнае, сэнсавае і інтанацыйнае адзінства. У С.с. простыя сказы страчваюць уласцівую ім грамат., інтанацыйную, сэнсавую самастойнасць і ператвараюцца ў састаўныя ўзаемна звязаныя прэдыкатыўныя часткі, якія дапаўняюць або характарызуюць адна адну. Сінтакс. сувязь гэтых частак ажыццяўляецца злучнікавым або бяззлучнікавым спосабам, а таксама інтанацыяй і структурнымі іх суадносінамі.

Паводле сродкаў сувязі С.с. падзяляюцца на злучнікавыя, бяззлучнікавыя і камбінаваныя. Сярод злучнікавых вылучаюць складаназлучаныя і складаназалежныя сказы. У складаназлучаных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна раўнапраўныя, аб’яднаны злучальнымі злучнікамі і выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя і розныя віды далучальных адносін: «Ці то сонца свеціць, ці то месяц ясны вам смяецца з неба весела і шчасна» (Я.​Купала). У адпаведнасці з будовай і характарам выражаных адносін складаназлучаныя сказы могуць мець адкрытую або закрытую структуру. У складаназалежных сказах прэдыкатыўныя часткі сінтаксічна нераўнапраўныя, аб’яднаны падпарадкавальнымі злучнікамі і выражаюць працэсуальныя, суб’ектныя, аб’ектныя, атрыбутыўныя і розныя віды акалічнасных адносін: «Пад акном роўна шумелі старыя ліпы, якія жывой сцяной акружалі сад» (І.​Шамякін). Незалежна ад колькасці разнавіднасці прэдыкатыўных частак складаназалежныя сказы заўсёды маюць закрытую структуру. Бяззлучнікавыя С.с. арганізаваны з сінтаксічна раўнапраўных або нераўнапраўных прэдыкатыўных частак, аб’яднаных бяззлучнікавай сувяззю, якая рэалізуецца інтанацыяй, парадкам слоў, трывальна-часавымі суадносінамі выказнікаў і інш. лексіка-грамат. сродкамі: «Маўчала ноч па-над палянай, зялёны гай не гаманіў» (П.​Трус). У камбінаваныя С.с. ўваходзяць тры і больш прэдыкатыўныя часткі, якія па-рознаму пабудаваны і аб’яднаны рознымі відамі злучнікавай і бяззлучнікавай сувязі. У выніку іх аб’яднання звычайна ўтвараюцца С.с., якія арганізуюцца паводле мадэлі складаназлучаных, складаназалежных або бяззлучнікавых сказаў. «На дварэ цёпла — дзеці гуляюць каля хаты, а стане халадней — яны ідуць у хату» (З.​Бядуля).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Бурак Л.І. Сучасная беларуская мова: Сінтаксіс. Пунктуацыя. Мн., 1987.

Л.​І.​Бурак.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скле́зень ‘малы, малеча’ (Нас., Касп., Бяльк.), ‘пра слабую, худую (звычайна маладую) істоту’ (Янк. Маг., Барад.), ‘хілае, капрызнае дзіця’ (Юрч., Яўс.), ‘худы чалавек, няўдаліца’ (Сл. рэг. лекс.), ‘слізень’ (Бяльк.), склязнёнак ‘фізічна слабая істота’ (Мядзв.), ‘нованароджанае недаразвітае дзіця’ (Мат. Маг.). Панюціч (Лексіка, 86) выводзіцца ад скліць ‘скуліць, ныць’ (гл.), параўн. скліза ‘кволае, хваравітае дзіця’ (Юрч.), што ў далейшым было набліжана да склізкі (гл.), параўн. склізня́ ‘смоўж’, ‘капрызная дзяўчынка’, ‘слізота, галалёд’ (Яўс.), склі́зень ‘слізняк’, ‘нікчэмны чалавек’ (Нар. Гом.). Не выключаны, як пачатковая аснова, дзеяслоў склець ‘чэзнуць’ (гл.). Аб суф. ‑з(а), ‑ень, ‑інь, якія ўтвараюць экспрэсіўныя назвы асоб, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38, 41, параўн. слімаза, слімень (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІНСТЫТУ́Т МОВАЗНА́ЎСТВА імя Я.​Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1929 у Мінску на базе мовазнаўчых падраздзяленняў Інстытута беларускай культуры. У 1935 рэарганізаваны разам з інш. гуманіт. ін-тамі ў Ін-т л-ры, мастацтва і мовы, у 1952 створаны нанова, імя Я.​Коласа прысвоена ў 1956. Аддзелы (1998): сучаснай бел. мовы; лексікалогіі і лексікаграфіі; гісторыі бел. мовы; дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі; слав. і тэарэт. мовазнаўства; бел.-рус. моўных сувязей. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1986). Асн. кірункі навук. даследаванняў: праблемы гісторыі і тэорыі бел. мовы, параўнальна-гіст. і параўнальна-тыпалагічнае вывучэнне слав. моў.

Ін-т выдаў працы: «Беларуская граматыка, марфалогія» (1936), «Курс сучаснай беларускай мовы: Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), «Руска-беларускі слоўнік» (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» (1962), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (абедзве 1970), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (5-е выд. 1996) і інш. Працягваецца выданне «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, з 1978), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—16, з 1982), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, з 1993). Дзярж. прэмія СССР 1971 за працы «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (ч. 1—2, 1968—69). З 1972 выдае штогоднік «Беларуская лінгвістыка».

Каардынуе даследчую работу мовазнаўчых кафедраў вышэйшых навуч. устаноў рэспублікі. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі М.В.Бірыла, П.Ф.Глебка, М.М.Дурнаво, К.Крапіва (К.​К.​Атраховіч), І.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, чл.-кар. Ю.Ф.Мацкевіч, М.Р.Суднік; працуюць акадэмік Нац. АН Беларусі А.І.Падлужны (дырэктар з 1994), чл.-кар. А.М.Булыка, А.І.Жураўскі.

Літ.:

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979.

А.​А.​Лукашанец.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНА-СЦЭНІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

1) народны танец, апрацаваны для выканання на сцэне. Вядомы з пач. 20 ст. З выхадам на сцэну ў структуры нар. танца адбыліся змены, якія наблізілі яго да тэатр. мастацтва. Малюнак танца будуецца ў разліку на франтальнае ўспрыняцце яго гледачамі: зніклі паўторы, характэрныя для фалькл. узораў, у развіцці дзеяння ўлічваюцца законы драматургіі, узбагачаецца і ўскладняецца танц. лексіка, больш разнастайнымі сталі кампазіцыйныя малюнкі. На аснове творчага выкарыстання фалькл. спадчыны ствараюцца таксама новыя арыгінальныя пастаноўкі. Ад характарнага танца адрозніваецца большай блізкасцю да фалькл. першаасновы. Першы ў б. СССР прафес. калектыў, творчасць якога грунтавалася на аснове Н.-с.т., — Ансамбль народнага танца Расіі пад кіраўніцтвам І.​Майсеева.

На Беларусі ўзнікненне Н.-с.т. звязана з дзейнасцю трупы І.​Буйніцкага, які ўпершыню вывеў на сцэну «мужыцкі» танец, паказаў яго невычарпальныя магчымасці і прыгажосць. Развіццё бел. Н.-с.т. атрымаў у творчасці БДТ і Трупы Галубка. Станаўленне Н.-с.т. адбывалася ў шматлікіх прафес. і самадз. калектывах (Ансамбль беларускай народнай песні і танца Беларускай філармоніі, Ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, Бел. ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.​Шырмы, Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ, Гомельскі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам А.​Рыбальчанкі і інш.). Вял. ўклад у развіццё бел. Н.-с.т. зрабілі К.Алексютовіч, І.Хвораст, А.Апанасенка, П.Акулёнак, В.Гаявая, В.Дудкевіч, М.​Дудчанка, Л.​Ляшэнка, І.​Серыкаў, Я.​Штоп і інш. Н.-с.т. — аснова творчасці Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», танц. групы Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь, ансамбля «Белыя росы», самадз. калектываў.

2) Спец. навуч. дысцыпліна харэаграфічных і інш. навуч. устаноў, якія рыхтуюць танцоўшчыкаў і балетмайстраў.

Літ.:

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Народно-сценический танец. М., 1976;

Чурко Ю.М. Белорусский сценический танец. Мн., 1969;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность. Мн., 1999;

Гребенщиков С.М. Белорусская народно-сценическая хореография. Мн., 1976;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.​М.​Чурко.

Да арт. Народна-сцэнічны танец: 1 — «Бульба». Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь; 2 — «Путанка». Самадзейны харэаграфічны ансамбль «Белая Русь»; 3 — «Пава». Харэаграфічны ансамбль «Харошкі».

т. 11, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,

мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс. н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э. тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.

Літ.:

Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;

Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;

Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;

Этимологический словарь славянских языков: Праславянский лексический фонд. Вып. 1—25. М., 1974—99.

А.​Я.​Супрун.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лотр ’лайдак, гультай’, ’круцель, п’яніца, ашуканец, марнатравец’ (Нас., Яруш., ТСБМ; гом., Мат. Гом.), лотра, лу͡отра ’гуляка, гультай, лодар, п’яніца’ (Гарэц., Мал., Бяльк., ТСБМ). Ст.-бел. лотръ ’злачынец, бандыт, разбойнік’, ’махляр, ашуканец’, якое Карскі (Труды, 312) і Кюнэ (74) выводзяць з польск. łotr ’тс’; Булыка (Запазыч., 191) — са ст.-польск. łotr (апошняе з чэш. lotr < с.-в.-ням. loter або з lotterbube ’нягоднік, мярзотнік’); Жураўскі (Бел. мова, 61), Чартко (Пыт. мовазн., 122) крыніцай для ст.-бел. лотръ лічаць с.-в.-ням. loter. Паняцце амаральнасці, распусты, заключанае ў гэтай лексеме, дало падставу Булахаву (Бел. мова, 54–55) звязаць яе з біблейскім імем Лотр. Аб гэтым гл. і ў Панюціч (Лексіка нар. гав., 103). Больш падрабязна гл. Слаўскі, 5, 221–222.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыно́вец ’сын брата або сястры’ (Сцяшк.), ’пляменнік, звычайна сын брата’ (бяроз., Шатал.), сыно́вяц ’тс’ (Сцяц. Сл.; шчуч., З нар. сл.; гродз., свісл., маст., Сл. ПЗБ), сыно́вэц ’няродны, прыёмны сын’ (Чэрн.), сыно́выць, сыно́вэць ’пляменнік’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. сино́ве́ць, синови́ць ’тс’, рус. сыно́ве́ц, стараж.-рус. сыновьць ’тс’, польск. synowiec, чэш., славац. synovec ’тс’, каш. senovc ’зяць’, в.-луж. synowc ’пляменнік’, серб.-харв. сино́вац ’тс’, славен. sinovec ’тс’. Вытворныя ад *synъ, паводле Скока (3, 237), ад варыянтнай асновы *synov‑, што адлюстравана ў адпрыметнікавым назоўніку харв. sinov ’сын брата або сястры’ (XIII–XIV стст.), пазней толькі з суф. ‑ьc > ‑ac: sinòvac ’сын брата’; відаць, самастойныя ўтварэнні асобных славянскіх моў. Меркаванні пра архаічны характар назвы гл. Панюціч, Лексіка, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Імжа́ 1 ’імгла, дробны дождж’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб.), імга́ ’тс’ (ТСБМ). Рус. дыял. мга, имга́, имжа́, имжи́ца, мжи́ца, мжи́чка, укр. мжа, мжи́чка, польск. mżawka, чэш. mžička, дыял. mžitka. Ад імжыць (гл.). Відаць, ужо ў прасл. *mьga ’імжа, дробны дождж’ поруч з *mьgla ’туман, малапразрыстае паветра’ (гл. імгла), Мяркулава, Этимология, 1973, 59. Імжа́ка (ТСБМ, Мядзв., Шат., Касп., Янк. III; маг., Янк. Мат., 28), мжа́ка, мжак (Мат. Маг.) утворана суфіксам ‑ак‑а ад імжыць. Імжэ́нь (Мат. Маг.) — вытворнае з суф. ‑энь.

Імжа́ 2 ’незлічоная колькасць чаго-н.’ у кантэксце: «што йімжы рыбы» (маст., Весці, 4, 1969, 129). Утворана лексіка-семантычным шляхам ад імжах 1: параўн. паралелізм семантычнай структуры слав. *tьma: ’цемра’ і ’процьма’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярста́ць 1 стаўб. ’ткацкі станок’, карэліц. ’варштат’ (З нар. сл.), палес. вэрста́тʼ, вэрста́цʼ (Уладз.), укр. палес. верста́ть ’ткацкі станок’. Да варста́т (гл.). Канцавое ‑ць‑ — вынік другаснага змякчэння (Карскі, 1, 350), магчыма, пад уплывам слова з той жа семантычнай групы стацівы ’бакавая частка красён’. Параўн. таксама ст.-рус. верстать ’сталярны варштат’ (1686 г.).

Вярста́ць 2 (паліграф.) ’размяшчаць набор паводле старонак’ (БРС, КТС). Запазычана з рус. мовы, дзе верста́ть ’тс’ узнікла лексіка-семантычным шляхам на базе дзеяслова верстать ’выраўноўваць’ (Фасмер, 1, 300; Шанскі, 1, В, 64); параўн. верстать: сіб. ’размяркоўваць’, вяц. ’дзяліць раллю’, алан., кастр. ’выраўноўваць’, валаг. ’абрэзваць, выраўноўваючы’; ’ставіць (салдат) у адзін рад’, ст.-рус. верстати ’размяркоўваць, уключаць, ахопліваць падаткамі’; ’выраўноўваць’; ’вызначаць на службу’ (1577 г.), якія ўтвораны ад верста (гл. вярста́) і суф. ‑ати. Сюды ж вярста́цца, вярста́тка (БРС, КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)