Паго́н 1 ’дарога, па якой гоняць жывёлу на папас’ (ТСБМ, Янк. 1, 3, Некр., Сл. ПЗБ), ’агароджанае месца ў лесе ці ў полі’ (ДАБМ, 78), ’паша’ (Мат. Гом., Федар. VII, 246), ’статак, чарада’ (Федар. VII, 246; Сл. ПЗБ), пагу͡он ’статак’ (Сл. ПЗБ), паго́ня ’паша, выган’ (Нас., Жд. 2), паго́нка ’агароджаны прагон для жывёлы’ (Нар. сл.). Рус. пск. пого́н ’выган’, балг. по́ган ’частка поля, якая вызначана баразной’, пъго́н ’прамавугольны ўчастак поля, які абходзяць пры ворыве’, серб.-харв. pógon ’мера зямлі’. Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад pogoniti або ад pogъnati з іншай апафанічнай ступенню. Параўн. яшчэ гон, гоні — палескія земляробчыя тэрміны. Агляд бяспрэфіксных слав. форм ад гнаць гл. Фасмер, 1, 436; Выгонная, Лекс. Палесся, 52.
Пагон 2 ’парасткі на дрэве’ (Янк. 3., Сцяшк. Сл., Інстр. II, 14). Да гнаць; параўн. рус. пого́н ’познія усходы, новыя парасткі хлеба пасля позніх дажджоў’.
Паго́н 3 ’наплечны знак адрознення’ (ТСБМ). Новае запазычанне з рус. пого́н ’тс’. У рус. мове паводле КЭСРЯ (346) лексіка-семантычнае ўтварэнне на базе пого́н ’прыстасаванне (паласа, дужка, скаба, рамень, нашыўка і г. д.) для замацавання якога-н. прадмета’, якое ў сваю чаргу — бязафіксны дэрыват ад погонять. Такім чынам, погон, уласна, палоскі, нашыўкі для замацавання эпалетаў. Узвядзенне да польск. *pogon < ogon ’хвост’ (Грот, Фил. Раз., 445) Фасмер (3, 295) лічыць сумніцельным.