МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫ люстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш.Гл. таксама Максутава тэлескоп.
Я.У.Чайкоўскі.
Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТАХО́НДРЫЯ (ад грэч. mitos нітка + chondrion зярнятка, крупінка),
арганоід клетак эўкарыётаў, які забяспечвае арганізм энергіяй. Апісана ням. гістолагам Р.Альтманам у 1894. Асн. функцыя — утварэнне энергіі (каля 95% у жывёльнай клетцы і некалькі менш у расліннай і клетцы грыбоў). Складаецца з бялкоў, ліпідаў, РНК і ДНК. Колькасць у клетцы ад 1 да 100 тыс., памеры 1—10 мкм; у некат. клетках бесперапынна рухаюцца і мяняюць форму. Павелічэнне колькасці М. адбываецца ў выніку дзялення шляхам перашнуроўкі. Цыкл жыцця — каля 10 сутак. Ультраструктура М. залежыць ад фізіял. стану арганізма і змяняецца пад уплывам дыхальных ядаў.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Мітахондрыя: электронная мікрафатаграфія зрэзу мітахондрыі падстраўнікавай залозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТО́З (грэч. mitos нітка),
карыякінез, непрамое дзяленне, асноўны спосаб дзялення эўкарыётных клетак. Забяспечвае строга аднолькавае размеркаванне рэдуплікаваных храмасом паміж даччынымі клеткамі, захоўвае генет. раўнацэннасць клетак і пераемнасць у шэрагу клетачных пакаленняў. У М. ўмоўна вылучаюць некалькі стадый (прафазу, метафазу, анафазу і тэлафазу), якія паступова і бесперапынна пераходзяць адна ў адну. Іх працягласць залежыць ад тыпу тканкі, фізіял. стану арганізма, знешніх фактараў і доўжыцца ад некалькіх мінут да многіх гадзін (у сярэднім 1—2 гадзіны). Перыяд паміж 2 паслядоўнымі мітатычнымі дзяленнямі наз.інтэрфазай.
Літ.:
Алов И.А. Цитофизиология и патология митоза. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),
у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.
Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск
.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́НДУ (Rheiformes),
нандупадобныя, страусы амерыканскія, атрад бескілявых птушак. Вядомы з верхняга пліяцэну (каля 2—7 млн. гадоў назад). 1 сям., 2 віды: Н. паўночны, або звычайны (Rhea americana), і Н. даўгадзюбы, або дарвінаў (R. pennata, або Pterocnemia pennata). Пашыраны ў стэпах і паўпустынях Паўд. Амерыкі. Трымаюцца групамі. Падвід Н. даўгадзюбага (R.p.tarapacensis) — у Чырв. кнізе МСАП.
Выш. да 170 см, маса да 50 кг. Апярэнне бураватае, шэрае. Крылы развітыя, але няздатныя да палёту. Ногі трохпальцыя. Добра бегаюць і плаваюць, кормяцца раслінамі, малюскамі, чарвямі, яшчаркамі. Палігамы. Некалькі самак (3—8) адкладваюць яйцы ў адно гняздо (да 30 яец); наседжвае самец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́Ў,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада, прызначаная для лоўлі рыбы, якая сплывае на прадвесні па цячэнні. Меў выгляд сеткавага мяшка, прымацаванага да 2 шастоў (вузмукаў), якія кольцамі злучаліся з доўгімі тоўстымі каламі (жорасцямі) так, што маглі свабодна рухацца па вертыкалі ўздоўж іх. Каб рыба не магла выйсці з мяшка, унутры яго (пры ўваходзе) прывязвалася сеткавая перагародка (падпона). П. устанаўліваўся ў палонцы пры дапамозе жорасцяў, якія ўбіваліся ў дно вадаёма, а верхнія канцы абапіраліся на лёд. У рабочым стане ніжняя частка мяшка прыціскалася вузмукамі да дна, а верхняя падтрымлівалася вяроўкамі. Ад мяшка адыходзіла некалькі шнуроў (старажоў), паторгванне якіх сведчыла, што ў сетцы ёсць рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й (грэч. Perseus; каля 213—166 да н.э.),
апошні цар Македоніі [179—168 да н.э.]. Імкнуўся аднавіць гегемонію Македоніі, якая была падарвана войнамі яго бацькі Філіпа V з Рымам (1-я Македонская вайна 215—205 да н.э.; 2-я — 200—197 да н.э.). Арганізаваў і ўзначаліў антырым. кааліцыю, заключыў саюз з плямёнамі ілірыйцаў, фракійцаў, дзяржавай Селеўкідаў, Родасам і інш. а-вамі Грэцыі; усюды падтрымліваў варожыя Рыму дэмакр. групоўкі. У час 3-й Македонскай вайны (171—168 да н.э.) напачатку атрымаў некалькі перамог, але ў бітве каля Підны (168 да н.э.) быў разбіты, трапіў у палон, адпраўлены ў Рым, дзе і загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЦІ ((Petty) Уільям) (26.5.1623, г. Ромсі, Вялікабрытанія — 16.12.1687),
англійскі эканаміст, адзін з заснавальнікаў класічнай палітэканоміі. Атрымаў мед. адукацыю ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда. Д-р фізікі (1649), праф. анатоміі і музыкі (1651). У творах «Трактат аб падатках і зборах» (1662), «Палітычная арыфметыка» (1676), «Некалькі слоў наконт грошай» (1682) і інш. даследаваў унутр. заканамернасці вытв-сці; лічыў крыніцай багацця сферу вытв-сці. Аўтар тэорыі прац. вартасці, на падставе якой аналізаваў праблему заработнай платы, прыбытку, зямельнай рэнты і інш. Лічыў капіталіст. лад натуральным і вечным. Навук. палажэнні яго вучэння атрымалі развіццё ў працах А.Сміта і Д.Рыкарда.
Тв.:
Рус.пер. — Экономические и статистические работы. Т. 1—2. М., 1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,
бел.нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць ў бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НЫ ЯД, апітаксін,
сакрэт залоз джальнага апарату рабочай пчалы меданоснай. Празрыстая вязкая жаўтаватая вадкасць, са спецыфічным пахам і горкім смакам. На паветры хутка цвярдзее. Тэрмаўстойлівы. Раствараецца ў вадзе, рэакцыя кіслая. У водным растворы хутка разбураецца, высушаны захоўвае актыўнасць некалькі гадоў. Мае меліцін (асн. таксічны кампанент), гістамін, ферменты, арган. кіслоты, мікраэлементы і інш. Пры кожным джаленні пчала выдзяляе 0,2—0,3 мг П.я., смяротная для чалавека доза каля 0,2 г (500—1000 джаленняў). У штучных умовах пчолы выдзяляюць П.я. у адказ на раздражненне слабымі эл. імпульсамі ў спец. апараце. Прэпараты з П.я. выкарыстоўваюць у медыцыне пры лячэнні міязіту, радыкуліту, неўралгіі, крапіўніцы, мігрэні і інш.