РАБА́ТКА (ад ням. Rabatte градка),
кветнік у выглядзе паласы шырынёю 0,5—3 м, акаймаванай дэкар. раслінамі. Выкарыстоўваецца ў дэкар. мэтах пры азеляненні (асабліва партэрным) населеных месцаў. Звычайна Р. размяшчаюць уздоўж дарог, фасадаў будынкаў і інш. або робяць ч. больш складанага кветніка. Пры вял. працягласці яе падзяляюць праходамі на часткі даўж. па 20—25 м. Ствараецца Р. з аднаго ці некалькіх відаў раслін адначасовага тэрміну цвіцення, пасаджаных радамі ці малюнкам. Бываюць адна- і шматколерныя, створаныя ў некалькі ярусаў, адна- і 2-баковыя. Р. пашыраны ў афармленні плошчаў, вуліц, паркаў і інш.
В.Р.Анціпаў.
т. 13, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)