СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)