ТЭ́ЙЛАР (Taylor) Рычард Эдвард (н. 2.11.1929, г. Медысін-Хат, Канада),

канадскі фізік. Чл. Каралеўскага т-ва Канады (1985), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992), Лонданскага каралеўскага т-ва (1997). Скончыў ун-ты Альберты ў г. Эдмантан (Канада, 1952) і Станфардскі (1962). З 1962 у Станфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (з 1970 праф., у 1982—86 нам. дырэктара). Навук. працы па эксперым. фізіцы элементарных часціц, праблемах дэтэктыравання гравітацыйнага выпрамянення, рэнтгенаўскай і гама-астраноміі. Разам з Дж.А.Фрыдманам і Г.У.Кендалам у серыі эксперыментаў пацвердзіў існаванне кваркаў (1967—73). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Фрыдманам, Кендалам).

Тв.:

Рус. пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: ранние годы // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Э.Тэйлар.

т. 16, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ЛКАТ (Walcott) Дэрэк Олтан (н. 23.1.1930, г. Кастры, Сент-Люсія),

трынідадскі паэт і драматург. Скончыў ун-т Вест-Індыі. З 1981 праф. Бостанскага ун-та (штат Масачусетс, ЗША). Піша на англ. мове. Аўтар зб-каў паэзіі «Зялёнай ноччу» (1962), «Пацярпелы ў караблекрушэнні» (1965), «Іншае жыццё» (1973), «Гронкі мора» (1976), «Удачлівы падарожнік» (1982), «Сярэдзіна лета» (1984), «Арканзаскі тастамент» (1987), эпічнай паэмы «Амерас» (1990) і інш., у якіх спалучэнне элементаў карыбскай культуры з англа-амер., еўрап., афр. традыцыямі. П’есы і тэатр. апрацоўкі ў зб-ках «Мроя пра Малпавую Гару» (1970), «Севільскі джокер», «О, Вавілон!» (абодва 1978), «Тры п’есы» (1986). Нобелеўская прэмія 1992.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Д.О.Уолкат.

т. 16, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРХА́Т (сапр. Хасанаў) Мухіддзін

(7.8.1924, кішлак Хаджанайсавор, Таджыкістан — 30.5.1984),

таджыкскі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1948). Працаваў у рэдакцыях газет, выдавецтве, з 1970 у Гал. навук. рэдакцыі Тадж. Сав. Энцыклапедыі. Друкаваўся з 1938. Аўтар зб-каў грамадз. і любоўнай лірыкі «Кветкі радасці» (1948), «Люблю» (1950), «Паэзія свабоды» (1955), «Песні пра каханне» (1962), «Горная рака» (1964), «Вясенняя крыніца» (1972), «Кніга сяброўства» (1976), «Белая чарэшня» (1981), твораў для дзяцей. Асобнымі кнігамі ў яго перакладзе выйшлі зб-кі выбраных вершаў Я.​Купалы «Сонцу» (1965) і «Доля беларуса» (1982), Я.​Коласа «Наш шлях» (1965). На бел. мову асобныя вершы Ф. пераклалі К.​Кірэенка, Р.​Няхай, У.​Скарынкін.

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь. мечта, любовь. М., 1966.

т. 16, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМА́ (Fermat) П’ер (17.8.1601, Бамон-дэ-Ламань, Францыя — 12.1.1665),

французскі матэматык, адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі і лікаў тэорыі. Атрымаў юрыд. адукацыю. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей і геаметрыі змешчаны ў трактаце «Розныя матэматычныя творы» (1679). Развіў метад каардынат, вывеў ураўненні прамой і крывых 2-га парадку. Сфармуляваў агульныя правілы дыферэнцавання і інтэгравання ступеннай функцыі, даў правіла вызначэння экстрэмумаў. Яго імем названы 2 тэарэмы тэорыі лікаў (гл. Ферма вялікая тэарэма і Ферма малая тэарэма) і адзін з асн. прынцыпаў геам. оптыкі (гл. Ферма прынцып).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 5 изд. М., 1990;

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 2. М., 1970.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЛІПС (Phillips) Уільям Даніэль (н. 5.11.1948, г. Уілкс-Барэ, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1995), Нац. АН ЗША (1997). Скончыў Масачусецкі тэхнал. ін-т (1976). З 1978 у Нац. ін-це стандартаў і тэхналогіі ЗША. Навук. працы па атамнай і лазернай фізіцы. Прапанаваў метады ахаладжэння лазерным выпрамяненнем пучка атамаў (1985), стварыў магнітааптычную пастку для лазернага захопу невялікіх ансамбляў ахалоджаных атамаў (1987). Сканструяваў высокадакладны атамны эталон часу. Нобелеўская прэмія па фізіцы 1997 (з С.Чу і К.Н.Каэнам-Тануджы).

Тв.:

Рус. пер. — Охлаждение и локализация атомов (разам з Г.​Дж.​Меткалфам) // В мире науки. 1987. №5;

Лазерное охлаждение и пленение нейтральных атомов // Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, №3.

М.​М.​Касцюковіч.

У.Д.Філіпс.

т. 16, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНІКІ́ЙЦЫ,

старажытныя семіцкія плямёны, што належалі да ханаанскай галіны зах.-семіцкіх плямён (гл. Семіты). Паводле падання, прыйшлі з берагоў Эрытрэйскага м. (магчыма, Індыйскага акіяна). Насялялі ўсх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (гл. Фінікія). Займаліся земляробствам, рыбалоўствам, рамёствамі; найб. актыўна развівалася здабыча пурпуру і вытв-сць пурпурнай воўны, шкла, апрацоўка металаў, караблебудаўніцтва. У канцы 2 — пач. 1-га тыс. да н.э. вялі марскі гандаль ад Месапатаміі да Тартэса, уздоўж марскіх маршрутаў заснавалі калоніі Гадэс, Нора, Карфаген і інш. Сярод аб’ектаў каланізацыі Ф. Фівы ў Беотыі (Грэцыя). Ф. належыць адна з самых стараж. алфавітных сістэм (гл. Фінікійскае пісьмо), якая была запазычана і ўдасканалена грэкамі.

Літ.:

Харден Д. Финикийцы. Основатели Карфагена: Пер. с англ. М., 2002.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДРЫХ (Friedrich) Каспар Давід (5.9.1774, г. Грэйфсвальд, Германія — 7.5.1840),

нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Вучыўся ў Капенгагенскай АМ (1794—98). Працаваў у Дрэздэне, з 1816 выкладаў у АМ. У творах захапленне магутнасцю стыхій і бясконцасцю прыроды, сугучнасць яе сіл стану чалавечай душы, пачуццё прарыву ў невядомае. Пейзажы часта меланхалічна-сузіральныя, вылучаюцца строгім малюнкам, дакладнасцю планаў, багатай гульнёй святлаценю: «Пейзаж з вясёлкай» (1809), «Двое сузіраюць Месяц» (1819—20). Унутраны неспакой у яго карцінах часам перарастае ў шчымлівы сум і горкае асэнсаванне тленнасці ўсяго зямнога: «Меса ў гатычнай руіне» (1819), «Гібель «Надзеі» ў ільдах» (1822).

Тв.:

Рус. пер. — Письмо профессору Шульцу... // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.

К.Д.Фрыдрых. Гібель «Надзеі» ў ільдах. 1822.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУЭ́НТЭС (Fuentes) Карлас (н. 11.11.1928, Мехіка),

мексіканскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Друкуецца з 1954. У раманах «Край бясхмарнай яснасці» (1958), «Смерць Артэміо Круса» (1962), «Стары грынга» (1985) падзеі мекс. рэвалюцыі, крытычнае даследаванне супярэчнасцей паслярэв. і сучаснай мекс. рэчаіснасці. Неаавангардысцкія прыёмы ў раманах «Змена скуры» (1967), «Дзень нараджэння» (1975). У фантасмагарычным рамане-эпапеі «Terra nostra» (1975), філас. раманах «Далёкая сям’я» (1980) і «Хрыстафор ненароджаны» (1987) ідэі часавага кругавароту: страта самакаштоўнасцей сучаснага, незнішчальная актуальнасць мінулага, якое выступае як інтэгравальны пачатак гіст. працэсу. Выступае як драматург (п’есы «Усе кошкі шэрыя», 1970; «Касавокі кароль», 1971, і інш.) і крытык-эсэіст. Аўтар цыкла навел «Спаленая вада» (1981).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1983.

т. 16, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОФТ (Hooft) Герардус (н. 5.7.1946, Дэн-Хелдэр, Нідэрланды),

нідэрландскі фізік. Чл. Каралеўскай нідэрл. АН (1982), замежны чл. Нац. АН ЗША (1984). Скончыў Утрэхцкі ун-т (1972), дзе і працуе (з 1977 праф.). У 1972—74 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў (г. Жэнева, Швейцарыя). Навук. працы па калібровачных тэорыях элементарных часціц, квантавай тэорыі гравітацыі і квантавай хромадынаміцы. Прапанаваў спец. каліброўкі вектарных палёў, прадказаў некат. эфекты электраслабых узаемадзеянняў, атрымаў ацэнкі мас вектарных базонаў. Нобелеўская прэмія 1999 (з М.Вельтманам; гл. Дадатак). Яго імем наз. малая планета.

Тв.:

Рус. пер. — Калибровочные теории сил между элементарными частицами // Успехи физ. наук. 1981. Т. 135, № 3;

Противостояние с бесконечностью // Там жа. 2000. Г. 170, № 11.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТ Флавій Веспасіян (Titus Flavius Vespasianus; 30.12.39—13.9.81),

рымскі імператар [79—81]. З дынастыі Флавіяў. Сын і пераемнік Веспасіяна. У час Іудзейскай вайны 66—73 камандаваў легіёнам у арміі бацькі. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) прыняў ад яго камандаванне ў Палесціне. У 70 задушыў паўстанне іудзеяў і разбурыў Іерусалім. З 71 прэфект прэтарыянскай гвардыі і суправіцель Веспасіяна. У 73—74 цэнзар, правіў у згодзе з сенатам. Ц. расходаваў значныя сродкі на ліквідацыю вынікаў вывяржэння Везувія 24.8.79, мору і пажару ў Рыме ў 80, буд-ва тэрмаў. Памёр ад ліхаманкі.

Літ.:

Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1990;

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.

т. 17, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)