ФЕРМА́ (Fermat) П’ер (17.8.1601, Бамон-дэ-Ламань, Францыя — 12.1.1665),

французскі матэматык, адзін са стваральнікаў аналітычнай геаметрыі і лікаў тэорыі. Атрымаў юрыд. адукацыю. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі імавернасцей і геаметрыі змешчаны ў трактаце «Розныя матэматычныя творы» (1679). Развіў метад каардынат, вывеў ураўненні прамой і крывых 2-га парадку. Сфармуляваў агульныя правілы дыферэнцавання і інтэгравання ступеннай функцыі, даў правіла вызначэння экстрэмумаў. Яго імем названы 2 тэарэмы тэорыі лікаў (гл. Ферма вялікая тэарэма і Ферма малая тэарэма) і адзін з асн. прынцыпаў геам. оптыкі (гл. Ферма прынцып).

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 5 изд. М., 1990;

История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 2. М., 1970.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)