ФРЫ́ДРЫХ (Friedrich) Каспар Давід (5.9.1774, г. Грэйфсвальд, Германія — 7.5.1840),

нямецкі жывапісец; буйнейшы прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Вучыўся ў Капенгагенскай АМ (1794—98). Працаваў у Дрэздэне, з 1816 выкладаў у АМ. У творах захапленне магутнасцю стыхій і бясконцасцю прыроды, сугучнасць яе сіл стану чалавечай душы, пачуццё прарыву ў невядомае. Пейзажы часта меланхалічна-сузіральныя, вылучаюцца строгім малюнкам, дакладнасцю планаў, багатай гульнёй святлаценю: «Пейзаж з вясёлкай» (1809), «Двое сузіраюць Месяц» (1819—20). Унутраны неспакой у яго карцінах часам перарастае ў шчымлівы сум і горкае асэнсаванне тленнасці ўсяго зямнога: «Меса ў гатычнай руіне» (1819), «Гібель «Надзеі» ў ільдах» (1822).

Тв.:

Рус. пер. — Письмо профессору Шульцу... // Эстетика немецких романтиков. М., 1987.

К.Д.Фрыдрых. Гібель «Надзеі» ў ільдах. 1822.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)