Жы́ўчык ’прыкметнае біццё артэрыі, торганне павека’, ’сперматазоід’. Рус. жи́вчик ’торганне павека, жылкі’, ’рэзвы, шустры чалавек’, ’сперматазоід’, укр. жи́вчик ’жылачка, што торгаецца’, ’вяртлявы чалавек’, ’сперматазоід’, польск. żywczyk памянш. ад żywiec ’насадка’, дыял. ’жывы хлопец’. Параўн. балг. живе́ц ’пульс’, серб.-харв. жи́вац ’нерв’, славен. žívec ’жывая істота; нерв’. Памянш. ад бел. жывец 2 ’частка жывога цела’ > ’частка пазногця’ (адкуль ’артэрыя, біццё яе’) і жывец 1 ’жывая рыбка’ < ’жывая істота’ (адкуль ’сперматазоід’) утворана з дапамогай суфікса *‑ikъ ад асновы *živьk‑ (> *živьcь па бадуэнаўскай палаталізацыі), відаць, яшчэ ў прасл. мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паста́ў 1, постаў ’сувой палатна’, ’вялікі кавалак сукна (у 32 локці)’ (ТСБМ, Уладз., Маш., Янк. 1, Гарб.), ’мера самаробнай тканіны, роўная 54 локцям, або 1744 см’ (Мал., Уладз.; свянц., Крывіч, 12), ’даўжыня асновы, наведзенай на ткацкі стан’ (Уладз.), ’тканіна пэўнай даўжыні’ (Нас.), ’ткацкі стан’ (КЭС, лаг.; Шат.). Да паста́ва (гл.).

Пастаў 2 ’пара млынавых камянёў’ (ТСБМ; КЭС, лаг.; Шат.). Прасл. postavъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 124), якое з po‑ і stavъ; апошняе мае яшчэ значэнне ’сажалка’, таксама як бел. пруд абазначае ’сажалка’ і ’млын’. Да ста́віць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прылі́чны ’прыстойны; дзябёлы, мажны’ (Ян.); відаць, сюды ж семантычна (да 1‑га знач.) і арэальна блізкае прылі́цы ’той, хто лёгка ўваходзіць у кантакт з людзьмі; кампанейскі’ (рэч., ЛА, 3) з рэгулярным чаргаваннем канцавога зычнага асновы. Узыходзіць да прасл. *priličьnъjь прэфіксальнае ўтварэнне ад *ličьnъjь, гл. таксама лі́чны 2. Укр. прили́чний ’адпаведны, слушны, дарэчны’, рус. прили́чный ’які падыходзіць, прыстойны’, ст.-рус. приличьныи ’падобны’, ц.-слав. приличьнъ ’тс’, чэш. priličný ’адпаведны’, славен. príličen ’які падыходзіць, значны, вялікі’, серб.-харв. прѝличан ’дастатковы, значны; прыстойны’, балг. прили́чен ’падобны’. Гл. Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разго́н 1 ’гвалтоўнае рассейванне тлуму’, ’рух з паступова нарастаючай скорасцю’ (ТСБМ), ’размах’ (Касп.), ’разбег’ (ашм., Стан.). Ад раз- і гнаць, ганяць (гл.).

Разго́н 2 ’пасаг маладой у выглядзе гаспадарчай маёмасці, статак’ (Федар.). Магчыма, семантычная інавацыя на базе разагнаць, разагна́цца, г. зн. даць асновы і стымул для далейшага развіцця сямейнай гаспадаркі. У песні чаргуецца з прыгон, параўн.: Wyżań swuoj razhòn, wyżań swuoj pryhòn, / katory da minie nahnàła (там жа). Розныя тыпы пасагу?

Разгон 3 ’расліна расходнік, Glechoma hederacea L.’ (Касп.). Відаць, сінанімічнае ўтварэнне да асноўнай назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траі́цца ’раздзяляцца на тры часткі’, ’утройвацца, павялічвацца ў тры разы’ (ТСБМ), укр. трої́ти(ся), рус. трои́ть(ся), польск. troić się, н.-луж. tšojś, в.-луж. trojić, славен. trojíti ’дзяліць на тры часткі’, ’павялічвацца ў 3 разы’, серб. тро̀јити (се). Прасл. *trojiti (sę) утворана ад асновы *troj‑ зборнага лічэбніка *trojі (м., ж. р.), *trojе (н. р.) ’трое’, які развіваўся (пад уплывам *dъvojь) з і.-е. *trei̯ó‑ ’трое’ < *tréi̯es ’тры’ (Покарны, 1092; Сной₂, 786). Сюды ж траі́ць ’дзяліць на тры часткі’, ’злучаць у адно з трох’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БОЛЬ,

непрыемнае, цяжкае, іншы раз пакутлівае адчуванне пры моцных або разбуральных мех., хім., тэрмічных, паталагічных і інш. уздзеяннях на арганізм чалавека і жывёл. У працэсе эвалюцыі арган. свету боль ператварыўся ў сігнал небяспекі, стаў важным біял. фактарам, які забяспечвае захаванне жыцця. Прыносіць цяжкія пакуты, пазбаўленне спакою і працаздольнасці, можа стаць прычынай болевага шоку.

Успрыманне пашкоджвальных уздзеянняў спец. болевымі (у некаторых выпадках і інш.) рэцэптарамі перадаецца па нервах да задніх рагоў спіннога мозга, адтуль па спінна-таламічным шляху да зрокавых бугроў галаўнога мозга, дзе фарміруецца першае пачуццё болю — таламічны боль. Спецыфічныя адзнакі, лакалізацыя болю звязаны з дзейнасцю кары паўшар’я вял. мозга. Эмацыянальная выразнасць, перажыванні пачуцця болю абумоўлены дзейнасцю лобных аддзелаў мозга. Лакальны коркавы цэнтр болю не выяўлены. Анат. ўтварэнні, што ўспрымаюць, праводзяць і фарміруюць пачуццё болю, наз. нацыцэптыўнай сістэмай. Анат. структуры і фізіял. механізмы, што садзейнічаюць зніжэнню або знікненню пачуцця болю, наз. антынацыцэптыўнай сістэмай. Да іх належаць жэлацінозная субстанцыя, якая знаходзіцца каля асновы задняга рога спіннога мозга, куды паступаюць болевыя імпульсы. Для аблягчэння і зняцця болю існуе вял. выбар фармакалагічных сродкаў; выкарыстоўваюцца фізіятэрапеўт. і хірург. метады лячэння (гл. Болепатольныя сродкі, Абязбольванне, Наркоз). На адчувальнасць болю ўплывае псіхічны стан чалавека, тып вышэйшай нерв. дзейнасці, асаблівасці выхавання, культура і інш.

Паняцце болю ўжываецца і ў пераносным сэнсе, калі гавораць пра «душэўны» боль», як асобны псіхічны стан, выкліканы знешнімі і ўнутр. прычынамі і звязаны з цяжкімі адчуваннямі.

Літ.:

Кассиль Г.Н. Наука о боли. 2 изд. М., 1975;

Мелзак Р. Загадка боли: Пер. с англ. М., 1981;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Поясничные боли. 2 изд. Мн., 1989.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НА СФО́РЦА (Bona Sforza; 2.2.1494, г. Віджэвана, Італія — 19.11.1557),

каралева польская і вял. княгіня літоўская, 2-я жонка Жыгімонта І Старога (з 1518), маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнучыся ўзмацніць паліт. ўладу караля і вял. князя шляхам умацавання яе эканам. асновы, значна павялічыла зямельную ўласнасць дынастыі Ягелонаў, абараняла дзярж. землі ад незаконнага прысваення іх феадаламі, асабліва магнатамі. У выніку пажалаванняў, падараванняў і купляў толькі на Беларусі сканцэнтравала ў сваіх руках Аболецкую, Езярышчанскую, Клецкую, Кобрынскую, Шарашоўскую, Пінскую, Рагачоўскую і інш. воласці; выкупіла многія дзярж. ўладанні, што былі ў закладзе ў магнатаў; у судовым парадку вярнула ў склад гаспадарскіх (велікакняжацкіх) уладанняў многія захопленыя феадаламі дзярж. землі (Гродзенскае староства і інш.). Каб павялічыць даходы, у некаторых сваіх маёнтках (найперш у Клецкім і Пінскім староствах) рэарганізавала ў 1552—55 сістэму эксплуатацыі сялянства на аснове ўвядзення новых формаў землекарыстання і абкладання сялян павіннасцямі. Садзейнічала асваенню сялянамі лясоў і пустак з мэтаю ператварэння іх у с.-г. ўгоддзі, і ўтварэння новых нас. пунктаў. Яе мерапрыемствы для павелічэння даходаў з маёнткаў праз узмацненне эксплуатацыі сялян выкарыстаны пры ажыццяўленні агр. рэформы ў ВКЛ (гл. Валочная памера, Устава на валокі 1557). Садзейнічала перасяленню польскіх шляхціцаў у ВКЛ, умацоўвала пазіцыі каталіцкага касцёла. У 1556 выехала на радзіму ў Італію, вывезла з сабой шмат каштоўнасцяў. Яе маёнткі перайшлі да Жыгімонта II Аўгуста.

Літ.:

Пичета В.И. Белоруссия и Литва XV—XVII вв. Мн., 1961;

Pociecha W. Królowa Bona (1494—1557): Czasy i ludzie Odrodzenia. T. 1—4. Poznań, 1949—58;

Bogucka M. Bona Sforza. Warszawa, 1989.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

Бона Сфорца.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧАЯ МЕХА́НІКА,

навука аб прынцыпах і метадах разліку збудаванняў на трываласць, жорсткасць, устойлівасць і ваганні; раздзел прыкладной механікі.

Асновы будаўнічай механікі выкладзены ў 18—19 ст. у працах Л.​Эйлера, Ж.​Лагранжа, Дз.​І.​Жураўскага, У.​Р.​Шухава і інш. На розных этапах развіцця будаўнічай механікі метады разліку збудаванняў вызначаліся ўзроўнем развіцця матэматыкі, механікі, супраціўлення матэрыялаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. выкарыстанне ЭВМ дало магчымасць укараніць эфектыўныя метады разлікаў; статыстычных выпрабаванняў, канечных элементаў, варыяцыйна-рознаснага і інш. Вельмі важныя даныя будаўнічай механікі пры ўзвядзенні сейсмаўстойлівых і вышынных будынкаў.

На Беларусі даследаванні па пытаннях будаўнічай механікі праводзіліся ў 1920-я г. ў БСГА А.​А.​Краўцовым, у 1935—41 у БПІ М.​В.​Венядзіктавым, І.​Р.​Прытыкіным, у 1938—41 у Бел. лесатэхн. Ін-це М.​М.​Рудзіцыным, вядуцца ў Бел. політэхн. акадэміі, Бел. тэхнал. ун-це, Брэсцкім політэхн. ін-це, Полацкім ун-це, Бел. ун-це транспарту, НДІ буд-ва і архітэктуры. Удасканалены метады і алгарытмы аптымізацыі расходу матэрыялаў на шарнірна-стрыжнёвыя, вісячыя і камбінаваныя сістэмы (Л.​І.​Коршун, П.​У.​Аляўдзін, Р.​І.​Фурунжыеў, І.​С.​Сыраквашка). Даследаваны пытанні статыкі і дынамікі нелінейна дэфармаваных шарнірна-стрыжнёвых і вісячых сістэм (Я.​М.​Сідаровіч), устойлівасці стрыжнёвых сістэм (А.​Ф.​Анішчанка, С.​С.​Макарэвіч, Л.​С.​Турышчаў). Праведзены статычныя разлікі рамаў, пласцін, абалонак, труб (А.​А.​Краўцоў, А.​А.​Кручкоў, Л.​Ф.​Беразоўскі, Г.​А.​Герашчанка, А.​А.​Чэча). Вырашаны шэраг кантактавых задач прыкладной тэорыі пругкасці (С.​М.​Ягалкоўскі, С.​В.​Басакоў), прапанаваны метады электроннага мадэлявання нелінейных задач будаўнічай механікі і прыкладной тэорыі пругкасці (У.​М.​Аўсянка).

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАТЭ́ХНІКА (ад гальвана... + тэхніка),

галіна прыкладной электрахіміі, якая займаецца працэсамі электралітычнага асаджэння металаў на паверхні вырабаў. Уключае гальванастэгію, гальванапластыку і розныя спосабы электрахім. апрацоўкі металаў (аксідаванне, анадзіраванне, электралітычнае паліраванне і інш.). Асновы закладзены Б.С.Якобі, які ў 1838 адкрыў гальванапластыку і распрацаваў спосабы яе выкарыстання. Выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні, авіяц., радыётэхн. і электроннай прам-сці, у паліграфіі і інш.

Тэхнал. працэсы гальванатэхнікі заснаваны на з’яве электролізу. Асн. кампанент электраліту — солі металу, які ідзе на пакрыццё. У растворы яны распадаюцца на дадатна зараджаныя іоны металу (катыёны) і адмоўна зараджаныя групы (аніёны). Іоны металу асаджаюцца на адмоўным полюсе (катодзе), якім з’яўляюцца самі вырабы ці іх матрыцы. Аноды — пласціны або пруткі металу, які раствараецца ў электраліце і асаджаецца. У некаторых працэсах (напр., храміраванне, залачэнне) ужываюцца нерастваральныя аноды, а солі асноўнага металу дадаюцца звонку. Гальванатэхн. працэсы выконваюцца ў гальванічных ваннах (стацыянарных, паўаўтаматычных, ваннах-агрэгатах). Стацыянарныя ванны маюць прылады для вымярэння т-ры і прыстасаванні для перамешвання электраліту. Неметал. вырабы і матрыцы (з гіпсу, воску, пластмасы і інш.) для электраправоднасці пакрываюць графітам або тонкім слоем хімічна асаджанага металу; металічныя апрацоўваюцца акісляльнікамі для атрымання пасіўнай плёнкі, што дапамагае аддзяліць копію ад матрыцы. На з’яве нераўнамернага растварэння металу пры аноднай палярызацыі заснавана электралітычнае паліраванне.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Гальванатэхніка: а) Схема стацыянарнай ванны з бесперапыннай цыркуляцыяй электраліту: 1 — анодныя і катодныя штангі; 2 — вырабы; 3 — кран; 4 — фільтр; 5 — труба падачы ачышчанага электраліту; 6 — ячэйка ачысткі раствору; 7 — помпа; 8 — рухавік. б) Схема электрахімічнай устаноўкі для размернай апрацоўкі металічных загатовак: 1 — электраліт; 2 — помпа; 3 — катод (электрод-інструмент); 4 — крыніца пастаяннага току; 5 — анод (загатоўка).

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + ...логія],

раздзел біялогіі і медыцыны, які вывучае працэс старэння жывых арганізмаў, у т. л. чалавека. Уключае герыятрыю, герагігіену і герантапсіхалогію; вылучаюць таксама эксперым., клінічную і сацыяльную геранталогію, якія ахопліваюць шырокае кола біял., мед. і сац. пытанняў, узроставую марфалогію, фізіялогію, біяхімію. Гал. мэта геранталогіі — кіраванне працэсам старэння і працягласцю жыцця. Задачамі геранталогіі з’яўляюцца вывучэнне малекулярна-генетычных механізмаў старэння, узроставых змен рэгулявання генет. апарату, фіз.-хім. і структурных пераўтварэнняў у нуклеінавых кіслотах арганізма, сувязі паміж узроставымі зменамі біясінтэзу бялку і функцыямі клетак, працэсы запавольвання тэмпу старэння і павелічэння працягласці жыцця.

Геранталогія вядома з глыбокай старажытнасці. Працы па папярэджанні заўчаснага старэння друкаваліся ў 15—19 ст. Асновы геранталогіі закладзены працамі рус. і сав. вучоных С.​П.​Боткіна, І.​І.​Мечнікава, І.​П.​Паўлава, А.​А.​Багамольца, А.​В.​Нагорнага, Дз.​Ф.​Чабатарова, англ. Б.​Стрэлера, А.​Комфарта і інш.

На Беларусі навук. даследаванні па геранталогіі вядуцца з 1958, калі ў сістэме АН быў створаны сектар геранталогіі, які ў 1987 пераўтвораны ў Ін-т радыебіялогіі АН. Вывучаліся працэсы старэння, роля ў іх мікраэлементаў, узроставыя асаблівасці біяэнергетыкі клеткі, функцыі эндакрыннай сістэмы, гарманальнай рэгуляцыі метабалізму, фізіялогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы і вышэйшай нерв. дзейнасці чалавека (В.А.Лявонаў, М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, Я.Ф.Канапля, Л.​М.​Лабанок і інш.). Клінічныя аспекты геранталогіі вывучаюцца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (У.​П.​Сыты). Гл. таксама Даўгалецце.

Літ.:

Конопля Е.Ф., Гацко Г.Г., Милютин А.А. Гормоны и старение: мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн., 1991;

Лобанок Л.М. Гормоны и старение: Регуляция сократительной функции сердца. Мн., 1994.

Г.​Р.​Гацко.

т. 5, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)