ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ, «Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎЧО́К Алесь, бел. нар. казачнік. Селянін з в. Крылоўшчына Навагрудскага пав. У 1901 польскі лінгвіст Э.Кліх запісаў ад яго 18 казак і апавяданняў, урыўкі з якіх надрукаваў, дакладна перадаўшы асаблівасці мясц. дыялекту. У традыц. бытавых казачных сюжэтах («Як поп цяліўся», «Марка Багаты» і інш.) Ваўчок самабытна развіваў сац. матывы, жыва перадаваў жанравыя сцэнкі.

Тв.:

[Казкі] // Materiały i prace Komisji językowej Akademii Umiejętności. Kraków, 1903. T. 2, z. 1.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ДАЛЬ (Арцемій Лук’янавіч) (1767, паводле інш. звестак 1770, 1772, Кіеў — 14.7.1808),

украінскі кампазітар, харавы дырыжор, спявак (тэнар). Вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі (да 1787), у італьян. кампазітара Дж.Сарці. Кіраваў харамі ў Маскве, Кіеве, з 1796 — класам вак. музыкі Харкаўскага калегіума і адначасова губернскімі харамі царк. пеўчых. Аўтар 29 царк. хар. канцэртаў (у некаторых сам выконваў тэнаровыя сола). У яго творах адчуваецца ўплыў укр. нар. песні.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАВА (Мая Рыгораўна) (19.5.1932, г. Краматорск, Украіна — 7.10.1994),

руская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). Здымалася ў фільмах: «Аповесць палымяных гадоў», «Крылы», «У агні броду няма», «Цыган», «Развітанне», «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», «Юнацтва Пятра», «У пачатку слаўных спраў», «Васіль і Васіліса» і інш. Выконвала камедыйныя і характарныя ролі. Стварала вобразы, поўныя драматызму, тэмпераменту і сілы.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЫМЕ́ (ад франц. bouts rimés рыфмаваныя канцы),

верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Узнік у Францыі ў 1-й пал. 17 ст. як форма салоннай «лёгкай паэзіі», чыста літаратурная забава. З 20 ст. становіцца пераважна эстрадным жанрам. Прынцып бурыме пакладзены ў аснову некаторых бел. нар. песень: назвы ўсіх дзён тыдня прадвызначылі рыфмы, а разам з тым і арганізавалі вершаваныя радкі жартоўнай песні «Ад панядзелка да панядзелка».

т. 3, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЖА́НСКІЯ (сапр. Валжанкіны),

сям’я рус. артыстаў цырка, канатаходцы. Уладзімір Аляксандравіч (30.5.1917—1983). Кіраўнік нумара. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Маскоўскі тэхнікум цыркавога мастацтва (1933). Акрабат, эквілібрыст, канатаходзец, канструктар цыркавой апаратуры. Партнёры — члены яго сям’і і інш. артысты цырка. У 1977 Валжанскія стварылі атракцыён-спектакль «Праметэй», у якім сродкамі цыркавой выразнасці перадалі сюжэт антычнага міфа. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Літ.:

Ганина М. Канатоходцы Волжанские. М., 1969.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХВЛЕДЫЯ́НІ (Алена Дзмітрыеўна) (5.4.1901, г. Тэлаві, Грузія — 1975),

жывапісец, графік, тэатр. мастак. Нар. мастак Грузіі (1960). Вучылася ў Тбіліскай АМ (1922), у Італіі, Парыжы (1922—27). Майстар пейзажа: панарамныя віды груз. гарадоў, у т. л. серыя «Стары і новы Тбілісі» (1961—67). Ілюстравала творы Э.​Нінашвілі, І.​Чаўчавадзе, Г.​Лангфела, Важа Пшавелы. Аформіла шэраг фільмаў і больш за 60 спектакляў.

А.Ахвледыяні. Тыхне-Джвары. 1952.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ГАРБА́РНЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1965 у г. Бабруйск, у 1971 пушчана 2-я чарга. Цэхі: гарбарна-сыравінны, адмочвальна-попельны, аддзелачны, па выпуску тавараў нар. ўжытку, парасілавы, клею мяздровага. Асн. прадукцыя (1995): хромавыя скуртавары з мяздровага спілку для верху абутку, адзення і мэблі, паўфабрыкат «вет-блу», скура «Краст». Выпускае таксама спілак для каўбаснай абалонкі, клей мяздровы, паўфабрыкат для вырабу жэлаціну, адзенне і галантарэю са скуры.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАНІЯШВІ́ЛІ (Ніна) (Ніно) Гедэванаўна (н. 28.3.1963, Тбілісі),

расійская артыстка балета. Нар. арт. Расіі (1995). Пасля сканчэння Маскоўскага харэагр. вучылішча (1981) салістка Вял. т-ра Расіі. Сярод партый: Маша, Аўрора («Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Жызэль, Мірта («Жызэль» А.​Адана). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Варне (Балгарыя, 1981), Маскве (1985, 1986), у г. Джэксан (ЗША, 1986).

т. 1, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЛЕ́ЙКА Фёдар, бел. гравёр па дрэве канца 17 — пач. 18 ст. Прадстаўнік Магілёўскай школы гравюры. Аўтар гравюр у кн. «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Часослов сиречь Последованию службы» (1703), выдадзеных у друкарні М.Вашчанкі (Магілёў). Гравюрам Ангілейкі характэрна прастата тэхн. прыёмаў і нескладанасць кампазіцыі, што збліжае іх з творамі нар. мастацтва.

Ф.Ангілейка. «Успенне Багародзіцы». Гравюра на дрэве ў кнізе «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна. Магілёў. 1700.

т. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)