філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць працяканне працэсаў у грамадстве і прыродзе. Свядомасць характэрна для дзейнасці чалавека і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пастаўленымі мэтамі, стыхійнасць — для спантанных, ненаўмысных дзеянняў. У дзейнасці людзей яны спалучаюцца. У штодзённай практыцы дзейнасць чалавека, калектыву ці арг-цыі, накіраваная на задавальненне патрэбнасцей, носіць свядомы характар. У маштабах грамадства ўвогуле развіццё набывае стыхійны характар у сувязі з несупадзеннем інтарэсаў асобных людзей, сац. груп і рознай накіраванасцю іх дзейнасці. Вынікі рознанакіраваных стыхійных працэсаў у грамадстве непрадказальныя і часам могуць прыводзіць да разбуральных працэсаў (эканам., экалагічныя, паліт., духоўныя і інш. крызісы, войны, тэрарызм, рост злачыннасці, нац. і рэліг. экстрэмізм і інш.). Уласцівае прыродзе стыхійнае развіццё паслужыла асновай для з’яўлення высокаарганізаваных відаў раслін, жывёл, а потым і чалавека. Кожны арганізм развіваецца стыхійна і адначасова ўпарадкавана (у адпаведнасці з праграмай, закладзенай у малекулах ДНК клетачных ядраў). Пазітыўныя стыхійныя працэсы часта характэрны і для грамадства. Стыхійнасць у прыродзе і грамадстве звязана з іх здольнасцю да самаарганізацыі. Згодна з даследаваннямі ў галіне сінергетыкі, павышэнне арг-цыі ў самаарганізавальных сістэмах адбываецца спантанна, у пераломныя моманты якасных пераўтварэнняў, пад уплывам выпадковых абставін прыводзіць да стварэння новых арганізаваных структур. Эвалюцыю самаарганізавальных працэсаў дакладна прагназіраваць немагчыма. Стыхійныя працэсы самаарганізацыі ў грамадстве стрымліваюцца дзярж. законамі. Значную ролю ў свядомым рэгуляванні грамадскімі працэсамі і скарачэнні элементаў стыхійнасці адыгрываюць мадэліраванне сацыяльнае, прагназіраванне сацыяльнае. Аднак кантраляваць і планаваць усе сац. працэсы немагчыма. Правільнае разуменне суадносін паміж С. і с. ў грамадскіх з’явах дазваляе пазбегнуць гранічнага фаталізму і суб’ектыўнага валюнтарызму ў пазнанні сац. працэсаў.
Літ.:
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Новый диалог человека с природой: Пер. с англ.М., 1986;
Князева Е.Н., Курдюмов С.П. Синергетика как новое мировидение: диалог с И.Пригожиным // Вопр философии. 1992. № 12;
Самоорганизация и наука: Опыт филос. осмысления. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЗА́Н (Cézanne) Поль (19.1.1839, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.10.1906),
французскі жывапісец, вядучы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Муніцыпальнай школе малявання у Экс-ан-Правансе (1858—60) і прыватнай акадэміі Сюіса ў Парыжы (1861—65). Раннім яго творам уласцівы экспрэсіўна-фантасмагарычны характар, уплывы П.Веранезе, Я.Тынтарэта, Э.Дэлакруа і А.Дам’е («Негр Сцыпіён», 1865; «Оргія», 1864—68; «Растае снег. Эстак», 1870). У 1870-я г. звярнуўся да імпрэсіянізму; жывапісная тэхніка набыла характар дробных плаўных мазкоў, вял. значэнне ў творах пачалі мець суразмернасць аб’ёмаў і тонаў, у партрэтах — псіхааналіз: «Дом павешанага» (1873), «Нацюрморт з вазай і садавінай» (каля 1877), «Мадам Сезан у чырвоным крэсле» (1877). У 1880-я г. творчасць С. дасягнула росквіту. У адрозненне ад імпрэсіяністаў яго найб. цікавілі не дынаміка святлопаветранага асяроддзя і змяненне колеру ў атмасферы, а ўстойлівыя заканамернасці колеравых спалучэнняў і форм, матэрыяльнасць прадметнага і прыроднага асяроддзяў. Ён доўга распрацоўваў адзін і той жа матыў у пошуках структурнай канструктыўнасці прыродных форм (шматлікія выявы гары Сент-Віктуар, 1885—1900). Выкарыстоўваў пераважна градацыі трох асн. колераў (зялёнага, блакітнага і жоўтага). Спалучэннем тонкіх і празрыстых фарбаў з кантрастнымі, нанесенымі шчыльнымі корпуснымі мазкамі, ствараў прасторавыя планы і ступень асвятлення. Раўнавагу фарбавай фактуры гарманічна спалучаў са смелым лаканічным малюнкам, канструктыўна-дакладнай, пластычна-абагульненай лепкай формы і ўраўнаважанасцю кампазіцыі (аўтапартрэт, 1879—85; «П’еро і Арлекін», 1888; «Персікі і грушы», 1888—90; «Вялікія купальшчыцы», 1898—1905). Для яго пейзажаў характэрны панарамны ахоп напоўненага святлом ландшафту («Дарога», 1883—87; «Берагі Марны», 1888; «Мост у Труа-Сатэ», 1906). У нацюрмортах з дапамогай фарбавай фактуры і выкарыстання чыстага колеру выяўляў матэрыяльную структуру і строгую пластычнасць прадметнага свету («Нацюрморт з драпіроўкай», 1898—99, і інш.).
Літ.:
Воллар А. Ренуар. Сезанн: Пер. с фр. СПб., 2000;
Перрюшо А. Сезанн: Пер. с фр.М., 1966;
Поль Сезанн: Переписка, воспоминания современников: [Пер. с фр.]. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЫ́ЛІЯ (Sicilia),
найбуйнейшы востраў у Міжземным м., тэр. Італіі. Аддзелены ад Апенінскага п-ва Месінскім пралівам. Пл. 25,46 тыс.км², з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аўт.вобл. Сіцылія, 25,7 тыс.км². Нас. каля 5,5 млн.чал. (2001). Берагі стромкія, слаба парэзаныя, на паўн. і ўсх. узбярэжжах — зручныя бухты. Пераважае гарысты і ўзгорысты рэльеф. Паводле геал. будовы і рэльефу С. з’яўляецца працягам Апенінскага п-ва. У паўн.ч.крышт. горы Пеларытані (1374 м), пясчанікава-сланцавыя горы Небрады (1847 м) і вапняковы масіў Ле-Мадоніе (1975 м). Унутраная ч. в-ва — узгорыстыя ўзвышэнні з кангламератаў, пясчанікаў, мергеляў. На крайнім ПдУ — купалападобнае плато Іблеі (выш. да 986 м), у будове якога дамінуюць вапнякі і базальты. На Пн ад Іблеі плоская акумулятыўная раўніна Катанія. Характэрны неатэктанічнае падняцце, магутныя сейсмічныя і вулканічныя працэсы. На ПдУ — дзеючы вулкан Этна (3340 м), на Пн трапляюцца гразевыя вулканы, гарачыя і тэрмамінер. крыніцы. Здабыча нафты, прыроднага газу, серы, калійнай і кухоннай солей, буд. матэрыялаў. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 11—12 °C, ліп. — 26—28 °C. Вясной і летам з боку Афрыкі дзьме гарачы вецер сірока, тады т-ра павышаецца да 40—45 °C. Ападкаў у гарах 750—1400 мм, на раўнінах — 400—450 мм за год. Рачная сетка развіта слаба. Рэкі невял., разліваюцца зімой і часта перасыхаюць летам. Расліннасць міжземнаморскага тыпу. У гарах да выш. 800—1000 м невял. ўчасткі цвердалістага лесу, маквісу на Пн, гарыгі на Пд. Вышэй — да 1300—1500 м каштанавыя і дубовыя лясы, якія змяняюцца букавымі. Над поясам лясоў — зараснікі калючых хмызнякоў. Лясы моцна высечаны і займаюць 4% плошчы. У цэнтры і на Пд вострава пераважаюць хмызнякі і стэпы. Жывёльны свет моцна вынішчаны. Вырошчваюць пшаніцу, цытрусавыя, масліны, вінаград. Авечкагадоўля. Рыбалоўства. Адм. цэнтр — Палерма. Буйныя гарады: Палерма, Месіна, Катанія, Сіракуза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗфізічны,
метады вызначэння якаснага і колькаснага саставу і будовы рэчываў па спектрах аптычных выпрамянення, паглынання, рассеяння ці адбіцця эл.-магн. выпрамянення. Паводле аб’екта даследавання адрозніваюць С.а. малекулярны, атамны і ядз. (гл.Ядзерная спектраскапія); паводле спосабу атрымання спектраў — эмісійны, люмінесцэнтны, абсарбцыйны, С.а. адбіцця, С.а. камбінацыйнага рассеяння і інш. Магчымы таксама С.а. па няпругкім рассеянні нейтронаў, энергетычным размеркаванні фотаэлектронаў. Праводзяць С.а. па спектрах ядзернага магнітнага рэзанансу і электроннага парамагнітнага рэзанансу (мікрахвалевы дыяпазон), вярчальных і вагальных (субміліметровы і інфрачырв. дыяпазоны), электронных (блізкі інфрачырв., ультрафіялетавы, рэнтгенаўскі дыяпазоны) і ядз. (гама-дыяпазон) з дапамогаю адпаведных спектральных прылад. Пры якасным С.а. вызначаюць даўжыні хваль спектральных ліній ці палос і іх паходжанне, пры колькасным — дадаткова вымяраюць інтэнсіўнасці ліній ці палос.
Для С.а. характэрны універсальнасць, высокая выбіральнасць, хуткасць і дакументальнасць; дазваляе аналізаваць практычна любыя рэчывы ў цвёрдым, вадкім ці газападобным станах. С.а. з выкарыстаннем аптычных аналізатараў (спрошчаныя спектральныя прылады) прыдатны для правядзення экспрэснага аналізу ў цэхах прадпрыемстваў і на патоку з адваротным рэгуляваннем. Атамны С.а. выкарыстоўваюць у машынабудаванні, металургіі, геалогіі, хіміі, біялогіі, сельскай гаспадарцы для аналізу элементнага і ізатопнага саставу сплаваў, мінералаў, руд, глебы і інш.; малекулярны С.а. — для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння чысціні прэпаратаў і асаблівасцей іх структуры, складу сумесей, а таксама наяўнасці пэўных груп і радыкалаў, хім. будовы, між- і ўнутрымалекулярных узаемадзеянняў, прасторавай арыентацыі структурных элементаў малекулы.
На Беларусі даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў малекулярнага і атамнага С.а. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш.
Літ.:
Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972;
Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;
Кузяков Ю.Я., Семененко К.А., Зоров Н.Б. Методы спектрального анализа. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІ Ігар Фёдаравіч (17.6.1882, г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. — 6.4.1971),
расійскі кампазітар, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. Сын Ф.І.Стравінскага. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1900—05). Вучань М.Рымскага-Корсакава. З 1914 за мяжой (Швейцарыя, Францыя, з 1939 ЗША). Для С. характэрны яскравы талент, нац. творчае мысленне, наватарства ў сістэмнай арганізацыі муз. матэрыялу. У сваёй творчай эвалюцыі пераходзіў ад захаплення рус. тэматыкай і муз. фальклорам, стварэння музыкі на аснове стылізацыі розных муз. з’яў мінулага да неакласіцызму. Аддаўшы даніну амаль усім плыням сучаснага муз. мастацтва, розным маст. сістэмам, стварыў уласны стыль, які выяўляецца ў формаўтварэнні, тэматызме, метрарытміцы, інструментоўцы і інш. Сярод твораў: оперы «Салавей» (паст. 1914), «Маўра» (паст. 1922), «Прыгоды гулякі» (паст. 1951), опера-араторыя «Цар Эдып» (паст. 1927; 2-я рэд. 1948); балеты і харэагр. сцэны, у т. л. «Жар-птушка» (паст. 1910), «Пятрушка» (паст. 1911), «Вясна свяшчэнная» (паст. 1913), «Гісторыя салдата» (паст. 1918), «Пульчынела» (паст. 1920), «Байка пра Лісу, Пеўня, Ката ды Барана» (паст. 1922), «Вяселейка» (паст. 1923), «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі» (абодва паст. 1928), «Гульня ў карты» (паст. 1937), «Арфей» (паст. 1948), «Агон» (паст. 1957); Сімфонія псалмоў для хору і арк. (1930), 3 сімфоніі (1907, 1940, 1945); творы для камернага арк., асобных інструментаў з арк., камерна-інстр., для голасу з суправаджэннем і інш. На сцэне Нац.акад.т-ра балета Беларусі паст. балеты «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997), «Жарптушка» (1998), «Пацалунак феі» (1999).
Літ. тв.: Рус.пер. — Хроника моей жизни. Л., 1963; Диалоги. Воспоминания. Размышления. Комментарии. Л., 1971; Статьи и материалы. М., 1973; И.Стравинский — публицист и собеседник. М., 1988.
Літ.:
Смирнов В. Творческое формирование И.Ф.Стравинского. Л., 1970;
Асафьев Б.В. Книга о Стравинском. Л., 1977;
Стравинская К.Ю. О И.Ф.Стравинском и его близких. Л., 1978;
Друскин М. Игорь Стравинский: Личность, творчество, взгляды. 3 изд. Л., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРКО́ЎСКІ Андрэй Арсеневіч (4.4.1932, Масква —6.12.1986),
расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст; буйнейшы майстар сусв. кіно. Сын А.А.Таркоўскага. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1961). Дэбютаваў фільмам «Каток і скрынка» (1960). Цэнтр. тэма творчасці Т. — набыццё чалавекам духоўнай цэльнасці праз веру, любоў і пакаянне. Яго фільмам характэрны шырыня і паэтычнасць мыслення, высокая выяўл. культура, спалучэнне рэаліст. дакладнасці з метафарычнай вобразнасцю і ўмоўнасцю. У фільме «Іванава дзяцінства» (1962, прыз «Залаты леў» Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі; гал. прэміі Міжнар. кінафестываляў у Сан-Францыска і Акапулька) кантрастна спалучаны светлыя ўспаміны пра дзяцінства падлетка і жорсткі свет вайны. Фільм «Андрэй Рублёў» (1966, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — гіст. фрэска 15 ст. часоў татара-мангольскага нашэсця на Расію — сцвярджае бессмяротнасць твораў чалавека духу. У фільмах «Салярыс» (1972, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) і «Сталкер» (1980, прэміі Міжнар. кінафестываляў у Трыесце і Мадрыдзе) у метафарычным плане разглядаюцца праблемы мэты і сэнсу чалавечага жыцця, пошукаў ісціны. Стужка «Люстра» (1975) — лірыка-біягр. споведзь мастака пра сям’ю, дзяцінства на фоне гіст. падзей, адлюстраванне мінулага ў цяперашнім. З 1982 працаваў за мяжой. У фільме «Настальгія» (1983, Італія, Вял. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) створаны вобраз «чалавека-свечкі», які імкнецца служыць людзям. «Ахвярапрынашэнне» (1986, Швецыя, Вял.спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах) — аўтарскае бачанне місіі мастака ў сусвеце: выратаванне чалавецтва ад экалаг., тэхнал. і маральнай катастрофы. Ленінская прэмія 1990. З 1993 на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі прысуджаецца прэмія імя Т.
Літ.:
Зак М.Х. Андрей Тарковский: Творч. портрет. М., 1988;
Михалкович В.И. Андрей Тарковский. М., 1989;
О Тарковском. М., 1989;
Мир и фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;
Туровская М. 7 1/2, или Фильмы Андрея Тарковского. М., 1991;
Тарковская М.А. Осколки зеркала. М., 1999;
Болдырев Н. Сталкер, или Труды и дни Андрея Тарковского. Челябинск, 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл.Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр.Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕЛІ́НІ (Fellini) Федэрыка (20.1.1920, г. Рыміні, Італія — ліст. 1993),
італьянскі кінарэжысёр. Працаваў афарміцелем вітрын, карыкатурыстам, рэпарцёрам і інш. З 1942 у кіно — адзін са сцэнарыстаў фільмаў П.Джэрмі, Р.Раселіні («Рым — адчынены горад») і інш. У першых фільмах [«Агні вар’етэ», 1950; «Белы шэйх», 1952; «Мамчыны сынкі», 1953, прыз Міжнар. кінафестывалю (МКФ) у Венецыі) уплыў неарэалізму з прыкметамі ўласнай манеры. Найб. яна выявілася ў стужках «Дарога» (1954, прыз МКФ у Венецыі, прэмія «Оскар») і «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія «Оскар») пра барацьбу дабра і зла, трагізм чалавечага быцця, адзіноту, у якіх адчуваўся часам адчай, але заставалася надзея. У 1959 стварыў фрэску жыцця тагачаснай Італіі «Салодкае жыццё» (1959, гал. прыз МКФ у Канах) — тэма «несапраўднасці» жыцця, бессэнсоўнасць якога выявілася ў калейдаскопе выразных, часам гратэскавых вобразаў. У фільме «Восем з паловай» (1963, гал. прыз МКФ у Маскве, «Оскар»), аўтабіягр. партрэце мастака ў час творчага крызісу, ужывае прыём «свядомасці» героя (характэрны і для стужкі «Джульета і духі», 1965). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. Ф. звяртаўся да гісторыі Італіі: стараж. «Сатырыкон» (паводле Петронія, 1969) і 20 ст. «Рым» (1972), «Амаркорд» (1974, прэмія «Оскар»). Роздум пра крызіс чалавека і чалавецтва працягваў у фільмах «Казанова Феліні» (1976) і «Рэпетыцыя аркестра» (1979). Гумар, падчас грубаваты камізм, эмацыянальнасць, жыццярадаснасць, а галоўнае — любоў да чалавека выявіліся ў карцінах 1980-х г. «А карабель плыве...» (1983), «Джынджэр і Фрэд» (1985), «Інтэрв’ю» (1987, гал. прыз МКФ у Маскве), дзе ў поўнай меры праявіўся яго «фантастычны» рэалізм. Апошні фільм Ф. — «Голас Месяца» (1990). Прэмія «Оскар» 1993 за творчы ўклад у кінамастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Делать фильм. М., 1984;
Феллини о Феллини. М., 1988.
Літ.:
Федерико Феллини: Статьи. Интервью. Рецензии. Воспоминания. М., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛЬНАБЕЛАРУ́СКІЯ КРАЯВЫ́Я ЛЕДАВІКО́ВЫЯ ЎЗВЫ́ШШЫ І ГРА́ДЫ,
геамарфалагічная вобласць у цэнтр. частцы Беларусі (паводле геамарфалагічнага раянавання А.В.Мацвеева, 1988). Мяжуе з геамарфалагічнымі абласцямі Беларускага Паазер’я на Пн і Перадпалесся на Пд. Падзяляецца на Заходне- і Усходне-Бел. падвобласці і 19 геамарфалагічных раёнаў: Гродзенскае, Мінскае, Ваўкавыскае, Слонімскае і Навагрудскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Скідзельская ледавікова-азёрная нізіна, Любчанская водна-ледавіковая нізіна, Лідская і Стаўбцоўская марэнныя раўніны, даліна Нёмана, Воранаўская водна-ледавіковая раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі, Ашмянскія і Капыльскія краявыя ледавіковыя грады, Вілейская марэнная водна-ледавіковая нізіна, Крывіцкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Зах.-Бел. падвобласць) і Верхнебярэзінская водна-ледавіковая раўніна, Лукомскае і Аршанскае краявыя ледавіковыя ўзвышшы, Горацкая марэнная раўніна з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Усх.-Бел. падвобласць).
Рэгіён характарызуецца развіццём найб. значных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ледавіковага покрыва (гл.Сожскае зледзяненне). Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгорысты рэльеф з пакатымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. Шмат дэнудацыйных лагчын і скразных далін. На краявых утварэннях часта залягаюць лёсападобныя пароды, дзе пашыраны шматлікія яры і суфазійныя западзіны. Азёрныя і інш. катлавіны трапляюцца рэдка. Рэкі з добра аформленымі далінамі, трапляюцца таксама вузкія і глыбокія з камяністым дном і парогамі. Пераважаюць выш. 200—250 м, найвыш. і макс. для Беларусі — 342 і 345 м (Лысая гара і Дзяржынская гара). Падвобласці з рознай структурна-тэктанічнай будовай: зах.ч. вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што праявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынамікі ледавікоў. Для Зах.-Бел. падвобласці характэрнывял.абс. і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, сярод якіх многія абумоўлены праяўленнем гляцыядыслакацый. У межах Усх.-Бел. падвобласці рэльеф набыў платопадобны характар, зніжаны абс. вышыні і зменшана гарыз. і верт. расчлянёнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
*Пу́ця1, дзіц. пу́тя ’курыца’ (Клім.), пу́тачка ’курачка’ (барыс., LKK, 17, 187), пу́ценькі ’кураняткі’ (Сцяц.), в.-луж., н.-луж. дзіц. puta ’курыца’, польск.вілен.putʼa ’курыца’, славен.pùta ’тс’. Паводле Турскай (Powstanie, 106), польскае слова ўтворана ад выгуку puť‑puť, якім клічуць курэй, тое ж датычыць беларускага (гл. пуць-пуць), лужыцкага і славенскага слоў (ад put‑put), гл. Шустар-Шэўц, 2, 1194; Сной, 517. Грынавяцкене і інш. (LKK, 17, 187) выводзіць пу́тачка з літ.putùtė ’курачка’, што сумнеўна.
*Пу́ця2, пу́тя ’cunnus’ (драг., БЛ, 17, 67), польск.сейн.putʼa, putʼka ’pudmen muliebre’, дыял.puta, putka ’penis; cunnus’. Меркаванне пра балтыйскае паходжанне, параўн. літ.pùtė ’pudmen muliebre’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 83; Лучыц-Федарэц, БЛ, 17, 67), якое грунтуецца на фармальным атаясамліванні пу́ця1 і пуця2, недастаткова абгрунтаванае, бо табуізаванне назваў геніталій праз назвы хатніх птушак вядомае значна шырэй, параўн. ку́рыца2, пятух (гл.), балг.кур ’penis’, пу́тка ’cunnus’ і пад.; спасылка на вакалізм пачатку слова pu‑, прысутны ў літ.putýtis ’птушка’, лат.putns ’тс’ пры прасл.*pъta (Лучыц-Федарэц, там жа), не пераконвае, бо ў аснове назвы пуця1 ляжыць гукаперайманне; палаталізаваны варыянт канца слова характэрны для т. зв. дзіцячых слоў, параўн. ко́ця ад кот, ву́ця ад вутка і пад. Да пуця1 ў выніку табуізацыі ці эўфемізацыі зыходнай назвы.