СТРАВІ́НСКІ Ігар Фёдаравіч (17.6.1882, г. Ламаносаў Ленінградскай вобл. — 6.4.1971),

расійскі кампазітар, дырыжор, адзін з буйнейшых кампазітараў 20 ст. Сын Ф.​І.​Стравінскага. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1900—05). Вучань М.​Рымскага-Корсакава. З 1914 за мяжой (Швейцарыя, Францыя, з 1939 ЗША). Для С. характэрны яскравы талент, нац. творчае мысленне, наватарства ў сістэмнай арганізацыі муз. матэрыялу. У сваёй творчай эвалюцыі пераходзіў ад захаплення рус. тэматыкай і муз. фальклорам, стварэння музыкі на аснове стылізацыі розных муз. з’яў мінулага да неакласіцызму. Аддаўшы даніну амаль усім плыням сучаснага муз. мастацтва, розным маст. сістэмам, стварыў уласны стыль, які выяўляецца ў формаўтварэнні, тэматызме, метрарытміцы, інструментоўцы і інш. Сярод твораў: оперы «Салавей» (паст. 1914), «Маўра» (паст. 1922), «Прыгоды гулякі» (паст. 1951), опера-араторыя «Цар Эдып» (паст. 1927; 2-я рэд. 1948); балеты і харэагр. сцэны, у т. л. «Жар-птушка» (паст. 1910), «Пятрушка» (паст. 1911), «Вясна свяшчэнная» (паст. 1913), «Гісторыя салдата» (паст. 1918), «Пульчынела» (паст. 1920), «Байка пра Лісу, Пеўня, Ката ды Барана» (паст. 1922), «Вяселейка» (паст. 1923), «Апалон Мусагет» і «Пацалунак феі» (абодва паст. 1928), «Гульня ў карты» (паст. 1937), «Арфей» (паст. 1948), «Агон» (паст. 1957); Сімфонія псалмоў для хору і арк. (1930), 3 сімфоніі (1907, 1940, 1945); творы для камернага арк., асобных інструментаў з арк., камерна-інстр., для голасу з суправаджэннем і інш. На сцэне Нац. акад. т-ра балета Беларусі паст. балеты «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997), «Жарптушка» (1998), «Пацалунак феі» (1999).

Літ. тв.: Рус. пер. — Хроника моей жизни. Л., 1963; Диалоги. Воспоминания. Размышления. Комментарии. Л., 1971; Статьи и материалы. М., 1973; И.​Стравинский — публицист и собеседник. М., 1988.

Літ.:

Смирнов В. Творческое формирование И.​Ф.​Стравинского. Л., 1970;

Асафьев Б.В. Книга о Стравинском. Л., 1977;

Стравинская К.Ю. О И.​Ф.​Стравинском и его близких. Л., 1978;

Друскин М. Игорь Стравинский: Личность, творчество, взгляды. 3 изд. Л., 1982;

Ярустовский Б.М. И.​Стравинский. 3 изд. Л., 1982.

Т.​А.​Дубкова.

І.Ф.Стравінскі.

т. 15, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)