ФЕЛІ́НІ (Fellini) Федэрыка (20.1.1920, г. Рыміні, Італія — ліст. 1993),
італьянскі кінарэжысёр. Працаваў афарміцелем вітрын, карыкатурыстам, рэпарцёрам і інш. З 1942 у кіно — адзін са сцэнарыстаў фільмаў П.Джэрмі, Р.Раселіні («Рым — адчынены горад») і інш. У першых фільмах [«Агні вар’етэ», 1950; «Белы шэйх», 1952; «Мамчыны сынкі», 1953, прыз Міжнар. кінафестывалю (МКФ) у Венецыі) уплыў неарэалізму з прыкметамі ўласнай манеры. Найб. яна выявілася ў стужках «Дарога» (1954, прыз МКФ у Венецыі, прэмія «Оскар») і «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія «Оскар») пра барацьбу дабра і зла, трагізм чалавечага быцця, адзіноту, у якіх адчуваўся часам адчай, але заставалася надзея. У 1959 стварыў фрэску жыцця тагачаснай Італіі «Салодкае жыццё» (1959, гал. прыз МКФ у Канах) — тэма «несапраўднасці» жыцця, бессэнсоўнасць якога выявілася ў калейдаскопе выразных, часам гратэскавых вобразаў. У фільме «Восем з паловай» (1963, гал. прыз МКФ у Маскве, «Оскар»), аўтабіягр. партрэце мастака ў час творчага крызісу, ужывае прыём «свядомасці» героя (характэрны і для стужкі «Джульета і духі», 1965). У канцы 1960 — пач. 1970-х г. Ф. звяртаўся да гісторыі Італіі: стараж. «Сатырыкон» (паводле Петронія, 1969) і 20 ст. «Рым» (1972), «Амаркорд» (1974, прэмія «Оскар»). Роздум пра крызіс чалавека і чалавецтва працягваў у фільмах «Казанова Феліні» (1976) і «Рэпетыцыя аркестра» (1979). Гумар, падчас грубаваты камізм, эмацыянальнасць, жыццярадаснасць, а галоўнае — любоў да чалавека выявіліся ў карцінах 1980-х г. «А карабель плыве...» (1983), «Джынджэр і Фрэд» (1985), «Інтэрв’ю» (1987, гал. прыз МКФ у Маскве), дзе ў поўнай меры праявіўся яго «фантастычны» рэалізм. Апошні фільм Ф. — «Голас Месяца» (1990). Прэмія «Оскар» 1993 за творчы ўклад у кінамастацтва.
Тв.:
Рус.пер. — Делать фильм. М., 1984;
Феллини о Феллини. М., 1988.
Літ.:
Федерико Феллини: Статьи. Интервью. Рецензии. Воспоминания. М., 1968;