раскі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.

1. Шырока развесці ў бакі. Раскінуць крылле. □ А Нінка яшчэ спіць. Як міла раскінула яна свае тонкія ручкі, як хораша ёй са смуглаватым румянцам першага вясновага загару!.. Брыль. Хлопчык, як угледзеў Галю, раскінуў рукі і пабег да яе. Сабаленка. // Шырока распасцерці ў розныя бакі. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнай голле. Дуброўскі. // Адкінуць у бакі, разгарнуць, раскрыць. Тады Хвядзько злез [з воза], сам раскінуў вароты і ўвёў фурманку. Лобан. Вось раскінулі хлопцы варты, І на новай зялёнай трохтонцы, Як на сцэне, з раёна артыст Заспяваў аб радзімай старонцы. Нядзведскі.

2. Разаслаць, разгарнуць на паверхні што‑н. Люба раскінула на падлозе брызент — паслала сабе і Васілю. Даніленка. Прося здагадалася: сцягнула посцілку, раскінула на падлозе і натаптала клунак. Паўлаў. // Раскласці што‑н. складзенае. Раскінуць стол. Раскінуць антэну. // Знайшоўшы месца, паставіць, размясціць што‑н. Раскінуць палаткі. □ Падобна было на першы погляд, што тут [на ўзлеску] проста раскінулі свой часовы лагер маладыя турысты. Хадкевіч.

3. Распасцерці, працягнуць на вялікай прасторы. Вецер мяккі, Цёплы і сіні прыходзіць на помач, Гоніць крылатыя лодкі, Быццам іх хоча ўдаль заманіць, Туды, дзе сінія хвалі Раскінула Нарач на поўнач, На поўдзень, на захад, на ўсход. Танк.

4. Раскідаць, рассыпаць па чым‑н. што‑н. Сцяпан выскубнуў колькі ахапкаў сена, раскінуў іх па доле. Скрыган. Ганна раскінула падушкі на ложку, паслала белыя, як снег, просціны — словам, пасцель падрыхтавала так, як мае быць. Гроднеў. // перан. Разм. Размеркаваць, раздзяліць што‑н. паміж кім‑, чым‑н. Раскінуць абавязкі.

•••

Раскінуць розумам — падумаць, памысліць.

Раскінуць рукамі — тое, што і развесці рукамі (гл. развесці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фонд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Грашовыя сродкі або матэрыяльныя каштоўнасці дзяржавы, прадпрыемства, якія выкарыстоўваюцца для розных мэт. Фонд заработнай платы. □ [Далодка:] — Трэба будаваць сваю гідрастанцыю. Будаваць — трэба мець фонд, ці залезці ў крэдыт. Грамовіч. Высокія даходы дазваляюць рассветаўцам штогод адлічваць вялікія сумы на папаўненне непадзельнага фонду. Данілевіч. // Рэсурсы, запасы, рэзервы чаго‑н. Насенны фонд. Зямельны фонд. Жыллёвы фонд. Асноўны слоўнікавы фонд мовы. □ Што такое трус? Сена не патрабуе, зімуе і летуе без усякіх там збожжавых фондаў. Ракітны. Кантора не мела ўласнага падменнага фонду, і жыхары, перацягнуўшы ўсе рэчы ў калідор ці кухню, сяк-так масціліся, пакуль у кватэры ішоў рамонт. Даніленка. // Сховішча рукапісаў, гістарычных дакументаў, старадрукаў і пад. Рукапісны фонд. Архіўныя фонды. // толькі адз.; чаго або які. Грашовыя сродкі, якія накопліваюцца шляхам збору на карысць каго‑, чаго‑н. Фонд міру. □ Яшчэ ў пачатку работ па аднаўленню горада быў арганізаваны грамадскі фонд, у які добраахвотна ўнеслі свае ўзносы тысячы рабочых, служачых, сялян. «Беларусь».

2. толькі мн. (фо́нды, ‑аў). У капіталістычных краінах — каштоўныя паперы, якія даюць прыбытак у выглядзе вызначанага працэнта. Банкаўскія фонды. Зніжэнне фондаў на біржы.

3. з азначэннем. Арганізацыя для аказання матэрыяльнай дапамогі творчым работнікам (пісьменнікам, мастакам і інш.). Літаратурны фонд СССР. Мастацкі фонд СССР.

•••

Залаты фонд (запас) — дзяржаўны фонд золата ў злітках і манетах, які захоўваецца ў цэнтральным эмісійным банку або казначэйстве краіны.

Фонд накаплення — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, што ідзе на расшырэнне вытворчасці, стварэнне рэзерваў, а таксама для павелічэння матэрыяльных запасаў невытворчай сферы.

Фонд спажывання — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, прызначаная на задавальненне індывідуальных і грамадскіх патрэб у прадметах ужытку і паслугах.

[Фр. fonds.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляда1 (ж. і н.), ля́до, лядо́, ле́до, ля́ды, ля́дзіна ’дзялянка высечанага лесу, хмызняку; высека’, ’расчышчанае месца ў лесе пад пасеў або пад сенажаць’ (ТСБМ, Гарэц., Зн., Нас., Растарг., Шн. 2; усх.-бел. ДАБМ, к. 337), а таксама ’пакінутая зямля’, ’дзікае месца’, ’пожня’, ’цаліна’, ’поле ў кустах’, ’неаранае поле са свірэпай’, ’вялікае поле’, ’будынак, у якім ніхто не жыве’ (ДАБМ, к. 337; Яшк.; Талстой, Геогр.; Растарг.), ’месца, якое зарасло густым, маладым лесам’, ’сухадольны лес’, ’харошы лес’, ’сасновы лес’, ’востраў, дзе добра расце сасна’, ’чубок лесу сярод поля’, ’цёмны лес’, ’месца з высечаным лесам, дзе ляжыць галлё’ (Маш., ДАБМ, к. 337); ля́давіца, лядцо, лядца, лядзечка, лядцовічка ’невялікі ўчастак ляда’, лядзішча ’поле на высечцы’ (Яшк.), ’месца, прыдатнае для ачышчэння ад зарасніку’ (Нас. Доп.). Укр. н.-валын. лядо ’высокае месца ў лесе, дзе расце будаўнічы лес’, палес. ’невялікая плошча сярод лесу’; лядина, ровенск. лядо́ва (лядова́та) сосна ’смалістая хваіна’, ’стрыжань хваіны ці яліны’, рус. ля́да, ляда́, дя́дина — вельмі шмат значэнняў, большасць з якіх аналагічная да бел.; польск. lędzina, каш. lëʒëna, laʒëna, ladzina ’пожня’, назвы азёраў Lendo, Polędzie; палаб. lʼǫdü ’ралля’, н.-луж. lědo, lěda, lědy (мн. лік) ’пустка, неапрацоўваемая зямля, папар’, в.-луж. lado, lada ’тс’; чэш. lado, lada ’тс’, славац. ležať ľadom ’ляжаць лядам’; славен. ledína ’аблога’, ledič ’лясны луг’, серб.-харв. лѐдина, леди́на ’неапрацоўваемае поле, пакрытае дзірваном’, макед. ледина ’аблога’, лендина ’лясная паляна’, балг. леда ’аблога’, ле́дина, леди́на ’тс’, ’лясная паляна’, ц.-слав. лѧдина ’аблог’. Прасл. lędo, lędina ’неапрацоўваемая зямля’ (Слаўскі, 4, 201; Мартынаў, Лекс. взаим., 144) ці, увогуле, ’зямля, не прыдатная для апрацоўкі’ (Талстой, Геогр., 137); і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. lindan ’даліну’, швед. linda ’папар’, гоц. land ’зямля, поле’, ірл. land, lann ’плошча, адкрытае месца’ — усе да і.-е. *lendho‑ (Траўтман, 157; Бернекер, 1, 705; Брукнер, 289; Фасмер, 2, 549; Махэк₂, 317; Скок, 2, 284; Бязлай, 2, 130; Трубачоў, Эт. сл., 14, 44–48). Мартынаў (БЛ, 6, 79) параўноўвае бел. ляда з літ. lyda ’вырубка (лесу)’. Сюды ж ляда біць ’ускопваць’ (клім., БНТ, Лег. і пад.), ля́дны ’з ляда’; лядныя сенасена з ляда’ (Юрч., Вытв.). Тарнацкі (Studia, 53–54) і Папоўска–Таборска (Бел.-польск. ізал., 105–106) адзначалі палес.-каш. ізалексу са значэннем ’пожня’.

Ля́да2, ля́до ’гарошак плотавы, Vicia sepium L.’ (нясв., КЭС; гродз., Кіс.), ’мышыны гарох’ (пін., Шатал., ТС), ’віка’ (Мікуц.), ’гарошак’ (лях., стаўб., Сл. ПЗБ). Укр. ляд, лядве́ць, лядвене́ць, ля́дник, рус. ля́двенец, ля́дник, польск. lędziaj, lędziej, leńdziak і інш., якія ў слав. мовах называюць розныя расліны, — усе да прасл. lędo (> ляда1) з першасным значэннем ’расліны, якія растуць на лядзе, на аблогу’ (гл. Слаўскі, 4, 201–202). Пасля гэта сема замацавалася за асобнымі раслінамі.

Ляда3, ляды ’бруд у хаце’ (талач., КЭС), ’непарадак’, ’шкода’ (зах.-віц., ДАБМ, к. 337; Сл. ПЗБ), ’пустазелле’ (Сцяшк.), ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ (зах.-бел., палес., ДАБМ, к. 337; кругл., Мат. Маг.). Да ля́да1. Талстой (Геогр., 141) уключае гэтыя лексемы ў семантычны ланцуг: ’лес’ ∼ ’лісцевы лес’ ∼ ’хмызняк’ ∼ ’сучча’ ∼ ’пустазелле ў абмалочаным збожжы’ ∼ ’смецце, бруд’. Сюды ж в.-дзв. ля́дам‑градам ’у беспарадку’ (Сл. ПЗБ).

Ля́да4, лядо ’драўлянае карыта ў сячкарні’ (гродз., брэсц., ДАБМ, к. 337; Сцяшк., Нар. лекс.), ’сячкарня’ (маст., Шатал.), ’калода, на якой рэжуць касой салому для жывёлы’ (пруж., кам., ДАБМ), ’набіліцы’ (Сцяшк., Сцяц., Жд. 1, ЛАПП, Тарн.; пін., КЭС; Шатал., Мат. Маг., ТС, Сцяшк. Сл.; ДАБМ, к. 337), ’дзверы ў пограб, у склеп’, ’прылавак у магазіне’ (Растарг.; ельск., Мат. Гом.); ’верхняя частка церніцы’ (маст., Сл. ПЗБ); ляда, лядо, лядь ’прылада для падымання цяжкіх прадметаў’ (зах.-бел., ДАБМ, к. 337; Словаўтв., Нар. сл., Нар. лекс., Нар. словатв., Мат. Гом., ТС, Сцяшк., Клім., Сл. ПЗБ), лядава́ць ’паднімаць, класці бярвенне на воз пры дапамозе ляды’ (гродз., Нар. сл., слонім., Нар. лекс.). Запазычаны праз польск. мову з ням. Lade (Weberlade, Ladebaum) ’скрыня, шуфляда’, ’набіліцы’, ’ляда для паднімання цяжкіх прадметаў’, с.-в.-ням. lada ’скрыня’, ’дыль’, ст.-нарв. blada ’свіран’ (Бернекер, 1, 682; Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 20–21; Талстой, Геогр., 141–142; Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 9; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Ля́да5 ’абы’ (беласт., ваўк., Сл. ПЗБ). Да леда (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

звалі́ць I сов., в разн. знач. свали́ть; (заставить упасть — ещё) сбро́сить; (повалить набок — ещё) опроки́нуть; свороти́ть; (самолёт, машину, корабль — ещё) накрени́ть; (выстрелом — ещё) срази́ть;

з. ля́мпу — свали́ть (опроки́нуть) ла́мпу;

з. з ног — свали́ть с ног;

з. дро́вы ў ку́чу — свали́ть дрова́ в ку́чу;

з. се́на з во́за — свали́ть се́но с теле́ги;

хваро́ба ~лі́ла яго́ — боле́знь свали́ла его́;

з. віну́ на і́ншага — свали́ть вину́ на друго́го;

з. з плячэ́й — сбро́сить (свали́ть) с плеч;

з. на ле́вы бок — своротить на ле́вый бок;

з. самалёт на пра́вае крыло́ — свали́ть (накрени́ть) самолёт на пра́вое крыло́;

з. з хво́рай галавы́ на здаро́вую — свали́ть с больно́й головы́ на здоро́вую

звалі́ць II сов. сваля́ть, уката́ть;

з. сукно́ — сваля́ть (уката́ть) сукно́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

цэ́лы в разн. знач. це́лый; (о единицах исчисления времени — ещё) весь;

ц. дзень — це́лый (весь) день;

ц. ты́дзень прахварэ́ў — це́лую (всю) неде́лю проболе́л;

шкля́нка ўпа́ла, але́ застала́ся цэ́лая — стака́н упа́л, но оста́лся цел;

вы́піць цэ́лую шкля́нку малака́ — вы́пить це́лый стака́н молока́;

узя́ць цэ́лым кава́лкам — взять це́лым куско́м;

ц. шэ́раг но́вых прабле́м — це́лый ряд но́вых пробле́м;

ідзі́, паку́ль ц.! — уходи́, пока́ цел!;

ц. лікмат. це́лое число́;

ц. век — ве́ки ве́чные, це́лая ве́чность;

паку́ль ц. — по добру́, по здоро́ву;

цэ́лым і спра́ўным — в це́лости и сохра́нности;

нагавары́ць ц. мех — наговори́ть с три ко́роба;

цэ́лую ве́чнасць (не ба́чыліся) — це́лую ве́чность (не вида́лись);

і се́на цэ́лае і ко́зы сы́тыяпогов. и во́лки сы́ты и о́вцы це́лы

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПААЗЕ́Р’Е, Падзвінне,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую ч. Віцебскай вобл. На ПдУ па дняпроўска-дзвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на Пд і ПдЗ па ўмоўнай лініі на Пн ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнай Беларуссю і Панямоннем. Як гіст.-этнагр. рэгіён адпавядае асн. масіву стараж. Полацкай зямлі (полацкія крывічы). У складзе Кіеўскай Русі Полацкая зямля была найб. самастойнай з уласцівымі ёй векавымі традыцыямі грамадска-паліт. ладу і арыгінальнай культурай. У 11 ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканам. цэнтраў (Полацк, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і інш.; гл. Полацкае княства). Для П. разам з часткай Падняпроўя на працягу сярэднявечча і да 2-й пал. 19 ст. захавалася этнагр. назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэр. Беларусі. З утварэннем Рэчы Паспалітай (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся землеўладанні езуітаў. Ратуючыся ад рэліг. ганенняў і сац. ўціску, сюды перасялілася ч. рус. старавераў. У выніку Лівонскай вайны 1558—83, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўночнай вайны 1700—21 мясц. эканоміка і культура панеслі вял. страты, адбыліся істотныя змены ў геагр. размяшчэнні і этнасац. структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў. У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (1772 і 1793) П. далучана да Расіі і ўваходзіла ў склад Полацкай, з 1796 — Беларускай, з 1802 — Віцебскай губ.; зах. ч. ўваходзіла ў Віленскую губ. Пасля 1917 і ўтварэння БССР усх. П. ў складзе БССР; зах. (левабярэжная) ч. П. ўз’яднана з БССР у 1939.

Традыц.-быт. культура складвалася на працягу стагоддзяў, адлюстроўваючы як агульнабел. рысы, так і спецыфіку мясц. гіст. і прыродных умоў. Нар. вытв. практыка выпрацавала свой гадавы каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і інш. з улікам мясц. прыродных умоў. Палі апрацоўвалі з дапамогай мясц. варыянта сахі з перакладной паліцай, архаічнай бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабнення камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для П. 2-рэбравых нахільных мялках. Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі развіццю жывёлагадоўлі. Асн. і найчасцей адзінай рабочай жывёлай у сял. гаспадарцы быў конь. З канца 19 ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтр маслабойнай вытв-сці ў Віленскай губ. — Дзісенскі пав.). З развіццём капіталіст. адносін пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнай клёпкі і вываз іх у прыбалт. парты. Мноства сялян ішло на буд. і земляныя работы: мясц. каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесляроў можна было сустрэць у адыходзе ў губернях Расіі. Найб. густа населеным здаўна было левабярэжжа Зах. Дзвіны. На П. пераважалі маладворныя сельскія пасяленні (3—5 сядзіб), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёр, у баку ад вял. дарог. Наяўнасць блізка ад вёсак і хутароў выгану і свабодных зямель, суседства з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невял. вёскі, хутары і асобныя двары звязвалі вузкія прасёлкі і сцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабай набітасцю грунту і невыразнымі абрысамі. Узімку ўзнікалі часовыя дарогі, т.зв. зімнікі. Найб. пашыраны тып сядзібнай забудовы — вянковы. Побач з размяшчэннем пабудоў па перыметры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гасп. памяшканні цесна прымыкалі да жылля, утвараючы адзіны жыццёва-быт. комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэгіёне). На адлегласці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазню. Гумно ў мясц. вызначэнні — комплекс гасп. пабудоў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняй для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасці нярэдка ставілі невял. млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сял. гаспадаркі. Тыповая планіроўка жылля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвён хвоі ці елкі, звязаных паміж сабой у просты вугал «з астаткам» («у чашку»), Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-й пал. 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыц. адзення жыхароў уласцівы прамы, свабодны крой. Найб. пашыраныя колеры адзення белы і светла-шэры. З верхняга адзення апрача агульнабел. світ і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў любое надвор’е. Паясное жаночае адзенне вызначалася значнай тыпалагічнай разнастайнасцю: льняныя спадніцы, разнаколерныя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожвання пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жан. адзенні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі і мярэжкай. У вышыўцы дамінаваў чырв. колер, у набіванцы — сіні ці блакітны. Кераміка вызначалася масіўнасцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і грунтоўнасцю апрацоўкі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначаюцца мясц. вусна-паэт. творчасць і традыц. абраднасць. Побач з агульнабел. каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песнямі пашыраны тыя жанры, якія ў інш. рэгіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомы, — валачобныя, масленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песні. Для песеннага фальклору П. ўласціва сольнае (манадыйнае) выкананне: мелодыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя. Мясц. гаворкі П. складаюць групу паўн.-ўсх. дыялекту (гл. Дыялект).

В.С.Цітоў.

т. 11, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крук, ‑а, м.

1. Род вялікага цвіка, драўлянага ці металічнага, з загнутым тупым канцом. Убіць крук у сцяну. Зняць з крука шапку. □ Бацька павесіў на крук дубальтоўку і, пакульгваючы, падышоў да вешалкі. Чарнышэвіч. Рыгор моўчкі здзеў гарнітур і далікатна павесіў яго на сцяне, на драўляным круку. Гартны. // звычайна мн. (крукі́, ‑оў). Цвікі падобнай формы, якія ўбіваюць у вушак для навешвання дзвярэй, варот. Хаты стаялі з павыбі[ван]ымі вокнамі і знятымі з крукоў .. дзвярамі. Чорны.

2. Прыстасаванне для падчэплівання і перамяшчэння грузаў: кароткі металічны прут, загнуты на адным канцы і прымацаваны другім канцом да каната, вяроўкі і пад. А яны — Ліда Палігоша, Надзя Ханкевіч і Зіна Кулянок — падчапілі ўжо форму да крука аўтакрана. «Маладосць».

3. Дзвярная зашчапка ў форме загнутага на канцы металічнага прута, які накідваецца на прабой. Банадысь рвануў дзверы, зачыніў пуню і ўзяў дзверы на крук. Чорны. У калідоры пачуліся крокі, і .. [Павел] адшчапіў крук. Чарнышэвіч.

4. Металічнае вастрыё з загнутым канцом, асаджанае на шост, палку, якое служыць для падчэплівання, перацягвання чаго‑н. Міша дапамагаў хлопцам расцягваць крукамі палаючыя асмалкі сцен. Арочка. // Двухзубыя вілы з загнутымі пад прамым вуглом канцамі для скопвання гною з воза. Скідаць гной крукам. // Разм. Завостраная палка з суком для выскубвання сена, саломы са стога.

5. Лішняя адлегласць пры хадзьбе кружным шляхам. І часта ў добрую пагоду Ідзе Міхал дамоў з абходу, І хоць чуваць, што ныюць ногі, Але зварочвае з дарогі І робіць крук, бо як стрымацца, Каб не зайсці палюбавацца І ярыною і жытамі? Колас.

•••

Гнуцца крукам; гнуцца ў крук гл. гнуцца.

Гнуць у крук (безас.) гл. гнуць.

Крукам галавы (носа) не дастаць гл. дастаць.

Сядзець крукам гл. сядзець.

Крукам стаяць (вісець) над кім-чым гл. стаяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

двор 1, двара, м.

1. Участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам ці сценамі будынкаў. Выйсці з хаты на двор. Выехаць з двара. □ Прасторны, роўны двор вясёлы Заўсёды повен быў жывёлы. Колас. Хата мела ў сабе пяць акон: тры на двор і два на вуліцу. Гартны. // Абгароджаны ўчастак з будынкамі для скаціны. Скацінны двор. □ Меркавалася сена з грудоў прывезці да коннага двара. Чарнышэвіч.

2. Сялянскі дом, хата з усімі гаспадарчымі пабудовамі; асобная сялянская гаспадарка. Сяло Чмарава па ўзгор’і — вялікае, а хаты параскіданы як папала; некалькі двароў ёсць новых. Каваль. Вучняў было нямнога — вёска налічвала ўсяго сорак двароў. Кавалёў. / У значэнні падліковай адзінкі. З разлікам на кожны двор.

3. Гіст. Памесце, маёнтак. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты. Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. Памятаў Рыгор і тыя моманты, калі цёмныя лістападаўскія ночы асвятляліся вогненнымі факеламі з панскіх двароў. Гартны.

4. Гаспадарчы цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства (калгаса, саўгаса і пад.). Калгасны двор — стайня і кароўнік — быў на загуменні. Лобан.

•••

Манетны двор — дзяржаўнае прадпрыемства, якое вырабляе манеты, ордэны, медалі і іншыя знакі і вырабы з металу, прымяняючы залачэнне, серабрэнне і ювелірныя эмалі.

Заезны двор (дом) (уст.) — памяшканне для начлегу з дваром для коней і фурманак, а таксама карчмой.

На дварэ — не ў хаце, на вуліцы, на адкрытым паветры.

На двор — па натуральнай патрэбе (схадзіць, папрасіцца, хацець і пад.).

Ні кала ні двара гл. кол ​2.

Прахадны двор — а) адкрыты двор, праз які можна прайсці чужым людзям; б) хата, дом і пад., куды часта прыходзяць людзі.

двор 2, двара, м.

У манархічных краінах — манарх і яго акружэнне. Будучы апазіцыйна настроеным да царскага двара, Сувораў не аднойчы трапляў у няміласць. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бы 1 (пасля галосных б), часціца.

Ужываецца пры дзеясловах пр. часу, інфінітывах і прэдыкатыўных прыслоўях са значэннем магчымасці або неабходнасці дзеяння, утвараючы ўмоўны лад або апісальную форму ўмоўнага ладу; ставіцца пасля дзеяслова або слоў, на якія падае сэнсавы націск.

1. Са значэннем умоўнай магчымасці дзеяння. Які дзівосны сад квітнеў бы тут, каб рука чалавека адвяла воды горных рэк. Самуйлёнак. Я б смяяўся, жартаваў бы, Каб вас чуць развесяліць. Колас.

2. Са значэннем пажадання або пажаданай неабходнасці дзеяння. Цябе, зямля, ў адзенні новым, Хацеў бы к сэрцу прыгарнуць. Колас. — Чаго вы так спяшаецеся? Набылі б трохі, пагулялі. Пагасцілі б у новых сваякоў. Чорны. Шэрае пер’е аблокаў Вецер світальны нясе. Покуль пагодзіць і годзіць, Сена сабраць бы ў стагі. Танк. Хутчэй бы прайсці, праскочыць гэта страшнае месца. Лынькоў.

3. Са значэннем просьбы. — Ты схадзіў бы, Максімка, да іх, праведаў бы... Шамякін.

бы 2, злучн.

Разм. Ужываецца пры дапушчальным параўнанні рэальнага характару ў значэнні «як», «усё роўна як». [Сава] як адляціць ды пачне выгукваць ды плакаць, бы малое дзіця, дык аж пошчак ідзе па лесе. Якімовіч. А дзеці прыціхнуць, бы тыя птушкі ў гняздзе, калі над імі каршун пралятае... Колас. // Ужываецца пры дапушчальным параўнанні ўмоўна-ўяўнага характару; адпавядае па свайму значэнню злучнікам «быццам», «нібы». З-за павароту дарогі перад Сцёпкам вынікнуў семафор, бы нейкі вартаўнік з працягнутаю рукою. Колас. Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне-мора. Танк. [Юстынь] прыхінуўся плячамі да сцірты, бы адчуваў — падагнуцца ногі, не ўстоіць. Чарнышэвіч. Як маці, яна [цётка Аксення] паглядзела мне ў вочы, Бы кажа: не будзь сёння, хлопчык, малым. Прыходзька.

•••

Быццам бы гл. быццам.

Калі б гл. калі.

Хоць бы гл. хоць.

Як бы гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)