КАРНІ́ЛАВА МЯЦЕ́Ж 1917,

карнілаўшчына, узброенае выступленне рас. вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.​Ф.​Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.​М.​Крымава і Дз.​П.​Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм. ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-т нар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам.ген. М.​В.​Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.​С.​Лукомскі, І.​П.​Раманоўскі, С.​А.​Маркаў, І.​Г.​Эрдэлі, А.​І.​Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.

Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв. к-т Зах. фронту (старшыня — эсэр А.​М.​Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.​І.​Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.​В.​Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.

Літ.:

Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;

Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт. Мн., 1997.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казю́лька1 ’маленькая лавачка’ (Касп.), ’выразаны з яліны цурбан з сукамі, які служыць замест зэдліка’ (Бяльк.). Рус. смал. казюлька ’невялікая драўляная лавачка’, ’драўляная лавачка з ножкамі з тоўстых сукоў’: падобныя значэнні зафіксаваны і ў Калінінскай вобласці. Рэгіянальны наватвор; да каза1, відаць, праз казюлька ’нешта рагатае’. У слоўніку Бялькевіча зафіксавана асноўнае значэнне, у Каспяровіча — або перанос, або недастаткова поўнае апісанне рэаліі. Параўн. яшчэ казулька.

Казю́лька2 ’казяўка, казурка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Нас.). Гэтыя ўсх.-бел. утварэнні нельга аддзяліць ад рус. пск., цвяр., смал., уладз., кур., варонеж. козюлька ’тс’. Статус інавацыі (усх.-слав.? рус.?) не зусім ясны. Словаўтваральна — ад казюля, казюлька ’нешта рагатае’ або, магчыма, і перанос ад неадзначанай назвы свойскай жывёлы, як у іншых назвах, дзе сувязь з дэрыватамі ад каза1 больш празрыстая. Матывацыя — наяўнасць зааморфных адзнак у насякомых. Параўн. яшчэ казурка (гл.).

Казю́лька3 ’дошчачка з выемкай для здымання ботаў’ (в.-дзвін., Шатал.). Верагодна, самастойны рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’, якое да каза1. Матывацыя назвы зразумелая: два выступы, утвораныя выемкай, успрымаюцца як рожкі. Аб іншых магчымасцях утварэння (перанос з казюлька ’свойская жывёла’; субстытуцыя тэрмінаў) гл. каза1.

Казю́лька4 ’сажань’ (Мат. Гом.). Рэгіянальны наватвор ад казюлька ’нешта рагатае’. Да каза1; рэалія з відавочнымі зааморфнымі прыкметамі. Не выключана субстытуцыя тэрмінаў.

Казю́лька5 ’паласа, участак, адмераны драўляным цыркулем, або палкай, роўнай яго даўжыні’ (слаўг., Яшк.). Перанос ад папярэдняга слова. Рэгіянальны наватвор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыго́да ’нечаканы выпадак; цікавае, незвычайнае або рызыкоўнае здарэнне’ (ТСБМ, Шпіл., Нас., Гарб., Мал., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк., Ян., ТС), ’падстава, прычына’ (Мік., Гарэц.); з працягам семантыкі прыго́д ’хваравіты стан, перапуду выніку нечаканага здарэння, выпадку’ (Нар. Гом.) і вытворны прыметнік прыго́длівы ’нешчаслівы, непаспяховы’ (Шпіл.). Сюды ж дэсемантызаванае прыго́да, якое ўжываецца ў значэнні неазначальнага займенніка: — Де ваш аграном? — Прыгода его знае, не знаю (Ян.), ст.-бел. пригода ’выпадак; нечаканы выпадак, у выніку якога што-небудзь здарылася; абставіны’. Узыходзіць да прасл. *prigoda < *prigoditi (гл. прыгадзі́ць), прэфіксальнае да *goditi. Магчымае развіццё семантыкі можа выглядаць наступным чынам: ’дапамагчы, спатрэбіцца і пад.’ → ’дапамагчы пры выпадку’ → ’выпадак’. Укр. приго́да ’патрэба, карысць; прыгода, здарэнне; няшчасце, няшчасны выпадак’, рус. зах.-бранск. приго́да ’прыгода’, смал. ’бяда, нягода, няшчасце’, ст.-рус. пригода ’выпадак; непрыемнасць, няшчасце; пярэчанне’, польск. przygoda, каш. prëgoda, чэш. příhoda ’здарэнне, выпадак’, славац. prihoda, в.-луж. příhoda, н.-луж. pśigoda ’тс’, серб.-харв. при̋года ’(зручны) выпадак’, балг. прѝго̀да ’выпадак; зручнасць’. Таксама сюды ж утварэнні з захаваннем першаснай семантыкі прасл. *prigoditi (): прыго́да ’дапамога; выгада’ (Нас., Мал.), прыго́да ’патрэба’ (мін., Шн. 2; ваўк., Арх. Федар.; Нар. Гом.) у выразе: быць (стаць) у прыгодзе ’згадзіцца, спатрэбіцца’ (ТСБМ, Нар. Гом.), стаць у (вялікай) прыгодзе ’спатрэбіцца пры выпадку, спатрэбіцца ў цяжкім становішчы, пры незвычайным здарэнні’ (Янк. БФ), прыго́дны ’такі, які падыходзіць да чаго-небудзь, які можа спатрэбіцца, здатны, які прыносіць карысць; прыдатны для выкарыстання’ (Байк. і Некр., ТСБМ), прыго́длівы ’статны, прыгожы’ (Нар. Гом.). Гл. Копечны, Zákl. zásoba, 290–291; БЕР, 5, 706.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыво́т1 уст. ’жыццё’. Рус. уст. живо́т, укр. уст. живі́т, польск. кніжн. żywot ’жыццё’, палаб. zaivăt ’цела, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. živòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’, балг. живо̀т, макед. живот жыццё’. Ст.-слав. животь ’жыццё’, ’жывёла’. Ст.-рус. животъ ’жыццё’, ’жывёла’, ’здабытак’, з XVI ст. ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё, маёмасць, жывот’. Літ. gyvatà ’жыццё; сядзіба; жыллё’, ст.-прус. giwato ’жыццё’, лац. vīta (< *g​iotā) ’жыццё’, кімр. bywyd, ст.-інд. jivātu, jīvathaḥ ’жыццё’, ст.-грэч. βιοτή ’жыццё, сродкі для жыцця’. Прыклады сведчаць аб яшчэ і.-е. утварэнні з суф. *‑t‑ ад і.-е. кораня *g​ei‑ з нарашчэннем *u̯: *gui​u: *g​i​oto‑s, адкуль слав. *život‑ з першапачатковым значэннем ’жыццё’. Покарны, 1, 468–469; Фасмер, 2, 52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290; Мейе, Études, 292–293; БЕР, І, 542; Брукнер, 670; Скок, 3, 681; Тапароў, E–H, 255–256; Траўтман, 76. Гл. жывы, жыццё, жывот2.

Жыво́т2 ’частка цела’. Рус. живо́т, укр. живіт, польск. уст. дыял. żywot ’жывот’, в.-луж. žiwot ’тс’, н.-луж. žywot жывот, матка’, палаб. zaivǎt ’цела, жывот, жыццё’, чэш., славац. život ’жыццё’, разм. ’частка цела’, славен. ziwòt ’жыццё, цела, наследнік’, серб.-харв. жѝвот ’жыццё; цела, моц’. Ст.-рус. (з XVI ст.) живот ’жывот’. Ст.-бел. живот ’жыццё; маёмасць; жывот’. Яшчэ ў прасл. перанос з *životъ ’жыццё’ (гл. жывот1) на абазначэнне часткі цела (Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 290). Замацаванне ў функцыі абазначэння часткі цела, звязанае з пашырэннем выкарыстання для абазначэння паняцця «жыццё» іншых слоў (жыццё, життя, жизнь), адбылося ва ўсх.-слав. мовах, магчыма, не без уплыву эўфемістычных матываў (Ларын, История русского языка и общее языкознание, 1977, ИЗ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,

рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць ў бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс. чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ. калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс. чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.​Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.​Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш. еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс. рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ. ген. Ч.​Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс. англ. гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс. еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.

Літ.:

Война за независимость и образование США М., 1976;

Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 3, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт‑. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́ба ’від хваробы’ (Касп.). Ілюстрацыя як быццам пацвярджае дэфініцыю: «Каб цебе каліба, як ты мяне падманіў». З назваў хваробы адразу звяртае на сябе ўвагу рус. вяц. калига ’хвароба грыжа’, аднак паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю гэта паралель не вельмі надзейная. Адносна семантыкі рус. назвы параўн. смал. килаватка ’бручка, Brassica napus’, бел. грыжа ’тс’ (нягледзячы на генезіс апошняй назвы). Няясна; у роднасных паўн.-бел. гаворках паралелей да гэтага слова не адзначана, таму можна меркаваць аб рэгіянальным утварэнні. Фармальна можна дапусціць сувязь з калываць (калібаць), параўн. да фанетыкі калібель (Жд. 3, Кліх), аднак такое супастаўленне нічога не праясняе. Цалкам імаверна, што Каспяровічам зафіксавана структура, дзе канкрэтнай назвы не было наогул. Можна думаць, што першапачаткова тут была структура тыпу *каб цябе, каб…, дзе другое каб не толькі ўзмацняе першае, але, магчыма, з’яўляецца субстытутам адпаведнай формулы, якая магла ўключаць і назву хваробы. Прычынай падобнай з’явы магла быць другародная функцыя назвы хваробы параўнальна з функцыяй уласна структуры, не выключана таксама, што тут назіраецца эўфемізацыя выразу, узмацняючая праклён, паколькі пад другім каб можа разумецца любая хвароба з найбольш непажаданых. У канкрэтным выразе каліба адпавядае разгледжанаму вышэй каліб (гл.). Праўда, не вельмі ясна, з’яўляецца гэта наватворам унутры гаворкі, ці тут назіраецца вынік узаемадзеяння гаворак і ўплыву выразу каліба цябе каліба на мяркуемы ’каб цябе, каб…’. Не выключана і запазычанне, аднак знайсці крыніцу нам не ўдалося. У польск. гаворках таксама няма матэрыялу, які б дазволіў меркаваць аб запазычанні. Звяртае на сябе ўвагу дыял. kaleba і kalemba ’старая і худая карова’, ’лянівая жанчына’ і да т. п., аднак гэта паралель не задавальняе. Фармальна падобны гукакомплекс знаходзіцца ў назвах раслін: kolibaba ’расліна… galeopsis ladanum’, kolebok ’radix bardanae’ (дэфініцыя паводле старога тлумачэння Карловіча). Семантычна такое супастаўленне магчымае (назва расліны можа суадносіцца з назвай хваробы), але вельмі няпэўнае. Не выключана і мясцовае ўтварэнне ад калоць з суфіксацыяй як у сядзіба, гасціба (гл. Сцяцко, Афікс. наз., 84–85). Аб канкрэтнай семантыцы назвы меркаваць цяжка, аднак у гаворках дэрываты ад калоць азначаюць розныя хваробы і з боку семантыкі такое тлумачэнне сумнення не выклікае. Нельга выключаць таксама нейкай памылкі пры запісе, відавочна, патрабуецца ўдакладненне прыведзенай Каспяровічам інфармацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,

грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел. нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел. нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баброўскага, І.​Даніловіча, І.​Анацэвіча, І.​Лабойкі, І.​Грыгаровіча, К. і Я.​Тышкевічаў, Т.​Нарбута, А.​Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.​Баршчэўскага, Я.​Чачота, П.​Багрыма, А.​Вярыгі-Дарэўскага, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, П.​Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.​Савіч, А.​Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у т. л. ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел. нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел. вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.​Багушэвіча, А.​Гурыновіча, А.​Абуховіча, К.​Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук. беларусазнаўства (публікацыі П.​Бяссонава, І.​Насовіча, М.​Доўнар-Запольскага, Е.​Раманава, Я.​Карскага, А.​Сапунова, А.​Ельскага, Я.​Карловіча, Г.​Татура, М.​Нікіфароўскага, М.​Федароўскага, П.​Шэйна, А.​Сержпутоўскага, М.​Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.​Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт. газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел. рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел. нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.​Бычкоўскага, В.​Гадлеўскага, А.​Пачопкі, А.​Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.​Купала, Я.​Колас, Цётка, М.​Багдановіч, Ядвігін Ш., А.​Гарун, Ц.​Гартны, М.​Гарэцкі, З.​Бядуля, браты А. і І.​Луцкевічы, А.​Уласаў, В.​Ластоўскі, І.​Буйніцкі, У.​Галубок, А.​Смоліч, Б.​Тарашкевіч, Я.​Лёсік, Ф.​Шантыр, Л.​Сівіцкая (З.​Верас), Я.​Хлябцэвіч, Л.​Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял. кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у т. л. бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел. нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.​Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел. газ. «Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНК Зах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел. этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у 1920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.

Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.​Скалабана // Бел. гіст. Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.​Гаўрон, Я.​Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд. Мн., 1992);

Купала Я. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7;

Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт. Мн., 1993;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991;

Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;

2 выд. Мн., 1993;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд. М.; Л., 1926;

Тое ж. Мн., 1992;

Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. Мн., 1975;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Turonek J. Wacław Iwanowski і odrodzenie Białorysi. Warszawa, 1992;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988.

А.​К.​Каўка.

Да арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Дзеячы беларускіх партый і арганізацый. Мінск. Кастрычнік 1917.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ БЕЛАРУ́СІ (КПБ),

да 1952 Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], палітычная арганізацыя, састаўная частка Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). Існавала ў 1918—91. Арганізацыйна аформілася на VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыі РКП(б) (30—31.12.1918, Смаленск). Пры яе стварэнні падкрэслівалася, што работу ўсіх парт. арг-цый узначальвае Цэнтр. бюро КП(б)Б (ЦБ), якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». Уся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася праграмнымі і статутнымі палажэннямі РКП(б), указаннямі яе цэнтр. органаў і кіраўнікоў. Напачатку вядучую ролю ў цэнтр. органах КП(б)Б адыгрывалі кіраўнікі Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). З 15 членаў ЦБ толькі З.Х.Жылуновіч і І.​В.​Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі РКП(б), старшынёй ЦБ КП(б)Б быў выбраны А.​Ф.​Мяснікоў. сакратаром В.Г.Кнорын. Цэнтр. друкаваным органам партыі стала газ. «Звязда». На VI Паўн.-Зах. абл. парт. канферэнцыі быў абвешчаны падрыхтаваны ў ЦК РКП(б) Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (гл. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, БССР). 1.1.1919 абвешчаны і Маніфест Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай Сацыяліст. Сав. Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У адм.-гасп. адносінах тэр. Беларусі падзялялася на 7 раёнаў і 53 падраёны (паветы). Стваралася адпаведная структура парт. органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія ячэйкі. У студз. Часовы ўрад і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР засталіся Віцебская і Магілёўская губ. Спробы членаў ЦБ КП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да старшыні СНК У.І.Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. У гэты ж перыяд узнік і Камуністычны саюз моладзі Беларусі. Галоўнымі ў дзейнасці КП(б)Б былі пытанні дзярж. будаўніцтва, умацавання і абароны сав. улады. I Усебел. з’езд Саветаў (2—3.2.1919) прыняў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, абраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР. Па прапанове старшыні ВЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я.М.Свярдлова з’езд прыняў рашэнне пра аб’яднанне Літвы і Беларусі ў адзіную Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). 4—6.3.1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі, на якім старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ] быў выбраны В.С.Міцкявічус-Капсукас, сакратаром — Кнорын. Сярод 15 членаў ЦК КП(б)ЛіБ не было ніводнага беларуса. Бел. камуністаў прадстаўлялі б. дзеячы Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б). Кіраўніцтва парт. арг-цыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губ. к-т КП(б)ЛіБ. Неаднаразова праводзіліся парт. мабілізацыі на франты грамадз. вайны, камуністы разам з прадстаўнікамі інш. партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. У жн. 1920 у склад КП(б)ЛіБ увайшла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх акупантаў і абвяшчэння незалежнасці Літвы (май 1920) ЦК КП(б)ЛіБ 5.9.1920 прыняў пастанову пра стварэнне самаст. кампартый Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясц. парт. органаў. III з’езд КП(б)Б (22—26.11.1920) адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б)... і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». IV (25.2—2.3.1921), V (15—20.10.1921) і VI (15—19.3.1922) з’езды КП(б)Б асн. ўвагу звярталі на пытанні пераходу да сацыяліст. будаўніцтва, замену палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп). Была падтрымана палітыка беларусізацыі, якая актыўна разгарнулася з 1924, значная ўвага аддавалася стварэнню сістэмы вышэйшай, сярэдняй спец. і агульнай адукацыі. У выніку чысткі ў партыі і абмену парт. дакументаў (15.8—20.10.1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чал. (24,7%). У барацьбе супраць інш. паліт. партый (Бунд, эсэры і інш.) бальшавікі побач з ідэалаг. сродкамі выкарыстоўвалі дзярж. карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзярж. паліт. ўпраўлення (АДПУ). 16.9.1922 большасць членаў ЦБ КП(б)Б выказаліся за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б) кіраўніцтва КП(б)Б адобрыла план Леніна (у яго аснове ляжаў прынцып федэрацыі) па стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26.3.1923) указаў на неабходнасць актыўнага ўдзелу бел. камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, пашырэння тэр. Беларусі (гл. Узбуйненне БССР) і новага адм.-тэр. падзелу рэспублікі. У выніку аб’яўленага пасля смерці Леніна (21.1.1924) ленінскага прызыву ў КП(б)Б прынята 2007 чал., з іх больш за 98% рабочых. Пасля VIII з’езда КП(б)Б (12—14.5.1924) у сувязі з уключэннем у склад БССР тэр. Віцебскай і часткі Гомельскай губ. і зменамі ў адм.тэр. падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтр. органы (ЦК, ЦКК, Рэвіз. камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гар. раённых к-таў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва парт. і паліт. работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦК КП(б)Б. Парт. ячэйкі будаваліся паводле тэр.-вытв. прынцыпу. З’езды і пленумы 1920-х г. вял. ўвагу аддавалі пытанням эканам. і сац. развіцця, дзярж. і нац.-культ. будаўніцтва. З канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акр. к-таў КП(б)Б вяліся на бел. мове. У выніку самаліквідацыі Бунда (сак. 1921) і ліквідацыі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) (чэрв. 1924) у Беларусі трывала ўсталявалася аднапарт. паліт. сістэма. Кампартыя кантралявала дзейнасць усіх грамадска-паліт. арг-цый, прафсаюзы, камсамол і інш. 2-я пал. 1920-х г. характарызавалася зменамі ў палітыцы Камуніст. партыі: імкненнем да супрацоўніцтва з капіталіст. краінамі (у прыватнасці з Германіяй), паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа, пераходам да індустрыялізацыі і кааперацыі. Пад лозунгамі барацьбы з т. зв. ворагамі народа адбывалася згортванне ўнутрыпарт. дэмакратыі. У выніку чысткі (23—29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пачаліся рэпрэсіі палітычныя супраць парт., дзярж. і сав. работнікаў, бел. інтэлігенцыі. У 1930-я г. члены партыі актыўна ўдзельнічалі ў гасп. і культ. будаўніцтве, умацаванні абароны. Самаадданай працай народа былі дасягнуты значныя поспехі ў эканам. і сац. развіцці рэспублікі. З аграрнай яна ператварылася ў аграрна-індустрыяльную, ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сац.-быт. будаўніцтва, у 1935—36 адменена картачная сістэма. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Аднак побач з поспехамі ў сацыяліст. будаўніцтве складвалася паліт. сістэма, у якой мелі месца грубыя парушэнні дэмакр. прынцыпаў развіцця савецкага грамадства, якія абвяшчаліся ў праграмных дакументах ВКП(б), Канстытуцыях СССР і БССР. У працэсе калектывізацыі былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі, рэпрэсіраваны многія сяляне. Невыкананне планаў у прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. галінах нярэдка тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў», «контррэвалюцыянераў» і «ворагаў народа».

Традыцыйнымі заставаліся рашэнні з’ездаў і пленумаў ЦК КП(б)Б пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з бел. бурж. нацыяналізмам. У 1931 у КП(б)Б прынята 15 981 чл. і 8273 канд. у чл. (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58). У 1934 уведзена новая структура парт. органаў. У апараце ЦК КП(б)Б ствараліся аддзелы па асн. кірунках работы, у гаркомах і райкомах уводзіліся пасады інструктараў. У 1936 упершыню з часу існавання К.П(б)Б 1-м сакратаром быў абраны беларус В.Ф.Шаранговіч. У 1930-я г. НКУС БССР сфабрыкаваў шэраг спраў аб існаванні ў Беларусі «антысавецкіх, дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (гл. «Аб’яднанае антысавецкае падполле»). У 1933—36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам парт. дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21% усяго складу). Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся (адноўлены ў ліст. 1936). З 1938 у паліт., навук. жыцці, ідэалаг. і культ. рабоце асн. сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі ВКП(б)». Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы парт. арг-цый склікаліся нерэгулярна, выбары парт. органаў замяняліся кааптацыяй. У ходзе чыстак і паліт. рэпрэсій колькасць чл. і канд. у чл. КП(б)Б скарацілася з 75 238 у 1932 да 31 526 у 1938. У чэрв. 1938 Выканком Камінтэрна па ініцыятыве ЦК ВКП(б) распусціў Камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі (КПЗБ) і Зах. Украіны (гл. адпаведныя арт.). У 1939 адбылося ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. У зах. абласцях пачалося стварэнне парт. органаў і арг-цый КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных парт. арг-цыях і групах налічвалася 50 754 чл. і 24 297 канд. у чл. КП(б)Б; працавалі 10 абл., 14 гар., 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых к-таў партыі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны 1941—45 асн. дзейнасць парт. органаў была скіравана на барацьбу з фашызмам. З вер. 1941 да снеж. 1943 ЦК КП(б)Б прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях падп. і партыз. руху. У вер. 1942 створаны Беларускі штаб партызанскага руху. На акупіраванай тэр. Беларусі дзейнічалі 10 абл., 193 міжраённыя, гар. і раённыя падп. к-ты КП(б)Б, больш за 1200 парт. арг-цый у партыз. фарміраваннях, 184 тэрытарыяльныя парт. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў [гл. Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, Партызанскі рух, Патрыятычнае падполле]. Гераічная і самаадданая барацьба камуністаў з ворагам значна ўмацавала аўтарытэт Кампартыі сярод насельніцтва. У 1944 пасля вызвалення Беларусі ў ёй працавалі 12 абкомаў, 14 гаркомаў, 181 райком партыі; у пярвічных арг-цыях было 30 тыс. камуністаў. Пытанні аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі, сац. сферы, навукі, адукацыі і культуры разглядаліся на XIX (15—18.2.1949) і XX (20—23.9.1952) з’ездах КП(б)Б. XIX з’езд ВКП(б) (5—14.10.1952) прыняў новы Статут партыі і назву КПСС. КП(б)Б стала называцца КПБ. 1950-я г. характарызаваліся стварэннем прынцыпова новых галін прам-сці: хімічнай, машына- і станкабудавання, металаапрацоўкі, вытв-сці трактароў, аўтамабіляў і інш. Аднаўлялася калгасна-саўгасная сістэма, але адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў. У сярэдзіне 1950-х г. пачалася рэабілітацыя ахвяр паліт. рэпрэсій. Важнае значэнне мела пастанова ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦК КПБ (28.7.1956) 2-і раз з часу існавання КПБ выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К.Л.Мазурава. Аддавалася ўвага развіццю бел. нац. школы, мовы, л-ры і культуры. Аднак арыентацыя кіруючых парт.-дзярж. органаў на двухмоўе вяла да ўзмацнення ўплыву рус. мовы, асабліва сярод гар. насельніцтва. У 1956—60 штогод у чл.

КПБ прымалася 9—15 тыс. чал., канд.

у чл. — 11—18 тыс. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты 3-й Праграмы і Статута КПСС. У 1963 па ўказанні ЦК КПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прам-сцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай і адзіны кантрольны орган — К-т парт.-дзярж. кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. У выніку падзелу мясц. парт. органаў арганізаваны 12 абкомаў, 25 гаркомаў і гар. райкомаў, 23 к-ты па прамысл. зонах і 77 па вытв. калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак пасля змяшчэння з парт. і дзярж. пасад М.С.Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦК КПСС Л.І.Брэжнева ў ліст. 1964 адноўлены тэр.-вытв. прынцып пабудовы парт. органаў. У 1964 у КПБ прынята 22 348 чл. і 23 730 канд. у чл. (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI (3—5.3.1966), XXVII (22—24.2.1971), XXVIII (4—6.2.1976), XXIX (27—29.1.1981) і XXX (30—31.1.1986) з’езды КПБ праходзілі па звычайнай схеме: абмяркоўваліся асн. кірункі эканам. і сац. развіцця, адабраліся дырэктывы па 5-гадовых планах, адзначаліся поспехі ў развіцці прам-сці, сельскай гаспадаркі, сац. сферы, навукі і культуры. Значная ўвага аддавалася новым галінам індустрыі: хім. і нафтахімічнай, радыёэлектроніцы і інш. На кожным з’ездзе адзначаліся традыц. недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкая прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш. У 1973—74 праведзены абмен парт. дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання парт. радоў і павышэння дзейнасці ўсіх парт. арг-цый. У 1961—66 канд. у чл. КПБ штогод прымалася ў сярэднім 21 тыс. чал. (прырост складаў 8,5%), у 1966—71—17 тыс. (4,1%), у 1971—76—16,6 тыс. (2,8%). З 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс. чал. у год. Асн. ўвага скіроўвалася на рост КПБ за кошт рабочых, колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28% ад усіх прымаемых. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, прадубліраванае ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978. З 1970-х г. усё больш выразна пачаў праяўляцца эканам. і паліт. крызіс сав. грамадства. Нежаданне парт. кіраўніцтва пачаць карэнную перабудову ў краіне, сказаць народу пра сапраўдныя прычыны крызісу курсу на пабудову камунізму сталі прычынай зніжэння аўтарытэту партыі. Асабліва яскрава гэта выявілася пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986. Хоць на Беларусі эканам. паказчыкі былі лепшыя, чым у інш. рэгіёнах СССР, мела месца паліт. стабільнасць, аднак змены адбываліся марудна, не закраналі асноў парт.-дзярж. адм. сістэмы. Паліт. гучанне набывалі пытанні нац. адраджэння, развіцця бел. мовы і культуры. Паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 11.1.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930—40-х і пач. 1950-х г. 4.3.1990 пачаліся першыя за многія дзесяцігоддзі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў на альтэрнатыўнай аснове. Яны расцягнуліся да снеж. 1991 і праходзілі ў вострай паліт. барацьбе. Камуністы захавалі большасць у Вярх. Савеце Рэспублікі. Працягваўся рост парт. арг-цый. Да канца 1990 колькасць чл. і канд. у чл. КПБ дасягнула 697 608 чал. Але кіраўніцтва партыі пачало страчваць аўтарытэт. На XXXI з’ездзе КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню вострая крытыка прагучала ў адрас ЦК КПСС і Ген. сакратара М.С.Гарбачова, узнята пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нац. інтарэсам. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦК КПБ праведзены на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе. 27.7.1990 Вярх. Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 31.1.1991 набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі. 4-я сесія Вярх. Савета БССР (чэрв. 1990) прыняла рашэнне аб дэпартызацыі дзярж. прадпрыемстваў і арг-цый. За 1990 з КПБ добраахвотна выйшлі 53 346 чал., у т. л. 31 168 рабочых, было выключана 22 218 чал., з іх 87,5% за парушэнне парт., дзярж. і працоўнай дысцыпліны. 25.8.1991 Вярх. Савет БССР прыняў пастанову «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПССКПБ на тэрыторыі Беларусі». Гэта азначала заканадаўчую забарону дзейнасці КПБ. 19.9.1991 БССР перайменавана ў Рэспубліку Беларусь. 10.12.1991 паводле пастановы Вярх. Савета «Аб уласнасці КПССКПБ» уласнасць Кампартыі перададзена дзяржаве. Пасля дэнансацыі дагавора 1922 аб утварэнні СССР (гл. Белавежскія пагадненні 1991) існаванне КПБ як неад’емнай часткі КПСС страціла сэнс. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў беларуская (ПКБ, зарэгістравана 26.5.1992). У лют. 1993 Вярх. Савет адмяніў сваю пастанову ад 25.8.1991. Да гэтага часу парт. структура распалася. XXXII з’езд КПБ (нечарговы, май 1993) і II з’езд ПКБ прынялі рашэнне аб аб’яднанні. Але стварыць адзіную Кампартыю не ўдалося. 2.11.1996 адбыўся XXXIII (I аднаўленчы) з’езд КПБ. Старшынёй Савета партыі абраны Я.Я.Сакалоў, 1-м сакратаром ЦК — В.​В.​Чыкін. У пач. 1998 партыя налічвала больш за 7 тыс. членаў (гл. таксама арт. пра кожны з’езд КПБ). Кіруючыя органы КПБ узначальвалі А.​Ф.​Мяснікоў (1917—19), В.​С.​Міцкявічус-Капсукас (1919—20), В.​Г.​Кнорын (1920—22, 1927—28), В.​А.​Багуцкі (1922—24), А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі (1924), А.​І.​Крыніцкі (1924—27), Я.​Б.​Гамарнік (1928—29), К.​В.​Іей (1930—32), М.​Ф.​Гікала (1932—37), В.​Ф.​Шаранговіч (1937), А.​А.​Волкаў (1937—38), П.​К.​Панамарэнка (1938—47), М.​І.​Гусараў (1947—50), М.​С.​Патолічаў (1950—56), К.​Т.​Мазураў (1956—65), П.​М.​Машэраў (1965—80), Ц.​Я.​Кісялёў (1980—83), М.​М.​Слюнькоў (1983—87), Я.​Я.​Сакалоў (1987—90), А.​А.​Малафееў (1990—93), Сакалоў і В.​В.​Чыкін (з 2.11.1996).

Літ.:

КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. Мн., 1934;

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд Мн., 1968;

Ч. 2. Мн., 1967;

Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. Мн., 1970—80;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3—5. Мн., 1973—75;

Машеров П.М. Избранные речи и статьи. Мн., 1982;

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 1—3. Мн., 1983—85;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. Мн., 1983—87;

По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистіческой партии Белоруссии: Док. и материалы. Мн., 1988;

Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. Мн., 1988;

Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Мн., 1990;

Идеологическая деятельность Компартии Белоруссии, 1918—1945. Ч. 1. Мн., 1990;

Страницы истории Компартии Белоруссии;

суждения, аргументы, факты. Мн., 1990;

Чарвякоў АР. ...Я ніколі не быў ворагам: Выбр. арт. і прамовы;

Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995.

В.​Ф.​Кушнер.

Даты і месца з’ездаў, колькасць прадстаўленых на з’ездзе камуністаў, колькасны склад Кампартыі Беларусі
З’езд, месца правядзення Дата правядзення Прадстаўлена на з’ездзе Колькасны склад партыі на 1 студз. адпаведнага года
чл. партыі канд. у чл. партыі чл. партыі канд. у чл. партыі
1 2 3 4 5 6
I з’езд КП(б)Б, Смаленск 30—31.12.1918 17 771 не было на снеж. 1918
17 771 не было
II з’езд КП(б)Б, Вільня 4—6.3.1919 17 636 не было на сак. 1919
7652 не было
III з’езд КП(б)Б, Мінск 22—26.11.1920 1700 не ўлічана на ліст. 1920
1700 не ўлічана
IV з’езд КП(б)Б, Мінск 25.2—1.3.1921 3000 не ўлічана звесткі не выяўлены звесткі не выяўлены
V з’езд КП(б), Мінск 15—20.10.1921 3325 не ўлічана на вер. 1921
2889 1360
VI з’езд КП(б)Б, Мінск 15—19.3.1922 5150 4445 1439
VII з’езд КП(б)Б, Мінск 20—26.3.1923 3850 з камуністамі вайсковых часцей
2890 600
VIII з’езд КП(б)Б​1, Мінск 12—14.5.1924 10 438 (разам з камуністамі вайсковых часцей 13 975) 2946 1052
IX з’езд КП(б)Б, Мінск 8—12.12.1925 8912 6163 на 1.1.1926
9458 7265
X з’езд КП(б)Б, Мінск 3—10.1.1927 16 170 (разам з камуністамі вайсковых часцей 30 955) 9455 16 170 9455
XI з’езд КП(б)Б, Мінск 22—29.11.1927 23 735 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 11 392 на 1.1.1928​2
19 333 10 137
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 5—16.2.1929 29 330 (разам з камуністамі вайсковых часцей 41 207) 11 877 23 950 9431
XII з’езд КП(б)Б, Мінск 30.5—12.6.1930 27 692 (разам з камуністамі вайсковых часцей 46 806) 11 564 27 011 9297
XIV з’езд КП(б)Б, Мінск 23—29.1.1932 46 958 (разам з камуністамі вайсковых часцей) 28 280 37 944 21 231
XV з’езд КП(б)Б​3, Мінск 16—22.1.1934 26 861 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 65 119) 11 048 26 861 11 048
XVI з’езд КП(б)Б, Мінск 10—19.6.1937 24 549 9029 (разам з камуністамі вайсковых часцей і чыг. транспарту 47 000) 24 735​4 9093
XVII з’езд КП(б)Б, Мінск 10—18.6.1938 22 784 8742 22 990 8613
XVIII з’езд КП(б)Б, Мінск 15—20.5.1940 36 388 23 465 33 869 24 084
XIX з’езд КП(б)Б, Мінск 15—18.2.1949 91 554 18 652 90 976 19 134
XX з’езд КП(б)Б, Мінск 20—23.9.1952 107 252 20 184 на 1.1.1953
108 017 19 199
XXI з’езд КПБ, Мінск 10—13.2.1954 119 865 10 161 118 895 10 690
XXII з’езд КПБ, Мінск 24—27.1.1956 132 414 12 655 132 414 12 655
XXIII з’езд КПБ, Мінск 14—15.1.1959 168 716 19 193 168 716 19 193
XXIV з’езд КПБ, Мінск 17—19.2.1960 183 855 19 592 183 855 19 592
XXV з’езд КПБ, Мінск 26—28.9.1961 214 399 25 954 на 1.1.1962
223 699 25 969
XXVI з’езд КПБ, Мінск 3—5.3.1966 320 622 22 421 320 622 22 421
XXVII з’езд КПБ, Мінск 22—24.2.1971 412 873 21 654 412 873 21 654
XXVIII з’езд КПБ, Мінск 4—6.2.1976 485 671 20 558 485 671 20 558
XXIX з’езд КПБ, Мінск 27—29.1.1981 572 313 22 998 572 313 22 998
XXX з’езд КПБ, Мінск 30—31.1.1986 645 754 22 226 645 754 22 226
XXXI з’езд КПБ, Мінск 28.11—1.12.1990 больш за 600 000 685 270 12 338
XXXII з’езд КПБ (аб’яднаўчы з ПКБ) 29—30.5.1993 дакладных звестак няма дакладных звестак няма
XXXIII з’езд КПБ (I аднаўленчы) 2.11.1996 1160 каля 7000

1 На 1.1.1924 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 2946 чл. і 1052 канд. ў чл. партыі (усяго 3998 чал.). На момант VIII з’езда КП(б)Б налічвала 10 438 чл. і канд. у чл. партыі.
2 На 1.1.1928 у тэрытарыяльных арг-цыях КП(б)Б налічвалася 29 470 камуністаў.
3 Звесткі пра колькасць прадстаўленых на з’ездзе дадзены без уліку камуністаў парт. арг-цый чыгуначнага транспарту і вайсковых часцей. На 1.1.1934 на ўлік у парт. арг-цыі чыгуначнага транспарту было перададзена 4589 чл. і канд. у чл. партыі.
4 Без уліку камуністаў чыгуначнага транспарту. На 1.6.1936 там працавалі 3294 камуністы.

т. 7, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз‑), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвы — дрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, ряст — назвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)