Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛКО́ЎСКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 20.5.1942, в. Судзілы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (драм.тэнар). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968). З 1966 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета (з 1996 Нац.акад.т-р оперы Беларусі). Сярод партый нац. рэпертуару: Сяргей («Алеся» Я.Цікоцкага), Нунцый («Джардана Бруна» С.Картэса), Раман («Сівая легенда» Дз.Смольскага), Ціханаў («Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера). У класічным рэпертуары вылучаюцца партыі драм. і лірыка-драм. плана: Пінкертон, Каварадосі («Чыо-чыо-сан», «Тоска» Дж.Пучыні), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Радамес, Дон Карлас («Аіда», «Дон Карлас» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Герман, Вадэмон («Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анатоль Курагін («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў (1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРУ́ЗА ((Caruso) Энрыка) (25.2.1873, г. Неапаль, Італія — 2.8.1921),
італьянскі спявак (тэнар); адзін з выдатных прадстаўнікоў стылю бельканта. Вучыўся ў Г.Верджыне і В.Ламбардзі. У 1894—1920 спяваў у буйнейшых оперных т-рах свету. У 1903—20 саліст т-ра «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодаў голасам незвычайнай прыгажосці. Яго выкананне спалучала мяккі лірызм і агністы тэмперамент. Выступаў у рознахарактарных партыях (каля 80), з якіх каля 30 лічыліся лепшым выкананнем: Манрыка, Герцаг, Радамес («Трубадур», «Рыгалета», «Аіда» Дж.Вердзі), Каварадосі, Рудольф («Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі), Федэрыка («Арлезіянка» Ф.Чылеа), Лорыс («Федора» У.Джардана), Фауст («Мефістофель» А.Бойта), Надзір, Хазэ («Шукальнікі жэмчугу», «Кармэн» Ж.Бізэ), Ліянель («Марта» Ф.Флотава). Адзін з лепшых выканаўцаў неапалітанскіх песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал. Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),
бел. і расійскі спявак (лірыка-драм.тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял.т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГЕ́ЙЧАНКА (Эдуард Іванавіч) (н. 2.1.1941, г. Луганск, Украіна),
бел. і рас. артыст оперы (тэнар). Нар.арт. Расіі (1984). Скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1972). З 1972 саліст Пермскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Нац.акад.т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Стварыў шэраг разнапланавых вобразаў: Ленскі, Герман, Вадэмон («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дон Карлас, Рычард, Радамес, Альфрэд («Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Аіда», «Травіята» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі) і інш. У бел. операх выканаў партыі Майстра і Іешуа («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Альфрэда Іла («Візіт дамы» С.Картэса), у радыёзапісах опер — Фіёша («Матухна Кураж» Картэса) і Штылера («Францыск Скарына» Дз.Смольскага), Тэакрыта («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага; канцэртнае выкананне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ПА ((Schipa) Ціта) (2.1.1889, г. Лечэ, Італія — 16.12.1965),
італьянскі спявак (лірычны тэнар). Вучыўся ў А.Джэрунды ў Лечэ і ў Э.Пікалі ў Мілане. У 1910—55 выступаў на сцэне італьян. і інш. оперных т-раў Еўропы і Амерыкі, у т. л. Чыкагскага, «Метраполітэн-опера», «Ла Скала». З 1946 выступаў і як канцэртны выканаўца. Адзін з буйн. італьян. оперных спевакоў 20 ст. Майстар бельканта. Яго голас вылучаўся багаццем адценняў. пластычнасцю, пяшчотнасцю і мяккасцю гучання. Сярод лепшых партый: граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына, Эрнеста («Любоўны напітак», «Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Вертэр («Вертэр» Ж.Маснэ). Спяваў у спектаклях з Ф.Шаляпіным. Здымаўся ў муз. кінафільмах, у т. л. «Любімыя арыі». Аўтар аперэты «Прынцэса Ліяна» (паст. 1935), хар. і фп. твораў, песень.
Літ.:
Лаури-Вольпи Дж. Вокальные параллели: Пер. с итал Л., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЦКІ (Пётр Іванавіч) (1899, Саратаўская вобл., Расія — 1941),
рускі і бел. спявак (тэнар). Нар.арт. Беларусі (1940). Вучыўся ў Саратаўскай і Данской (Растоў-на-Доне) кансерваторыях. Дэбютаваў у опернай трупе Растова ў 1920. У 1923—24 працаваў у Вял. т-ры ў Маскве і ў опернай студыі пры ім (пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага), у 1924—37 у оперных т-рах Ленінграда. У 1938—41 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы ўменне надзяляць персанажаў дакладнай псіхал. характарыстыкай, старанная распрацоўка сцэн. малюнка, што найб. яскрава выявілася ў партыях бел. рэпертуару — Саўкі («У пушчах Палесся» А.Багатырова) і Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова). З інш. партый — Мішук («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча).