ЛО́РЦЫНГ, Лортцынг (Lortzing) Альберт (23.10.1801, Берлін —21.1.1851), нямецкі кампазітар. Музыцы вучыўся самастойна. З 1820 оперны спявак (тэнар). З 1833 спявак і капельмайстар у Лейпцыгскім гар. т-ры, у 1846—50 оперны дырыжор у Вене, тэатр. капельмайстар у Берліне. Аўтар каля 30 опер і зінгшпіляў. Большасць яго опер блізкія да ням. зінгшпілю і ўвасабляюць рысы італьян. і франц. камічнай оперы. Імкнуўся да стварэння нац. муз. дэмакратычнай мовы, заснаванай на фальклоры. Сярод твораў: оперы «Скарбніца інкаў» (паст. 1836), «Цар і цясляр, або Два Пятры» (1837), «Казанова» (1841), «Ундзіна» (1845), «Збраяносцы Роланда» (1849) і інш., зінгшпілі «Чацвёра вартавых на пасту» (1828), «Паляк і яго дзіця», «Куцця», «Сцэны з жыцця Моцарта» (усе 1832) і інш.; араторыя, кантата, хары, песні, музыка да драм. спектакляў.

т. 9, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)