Кво́лы ’фізічна не развіты, слабага здароўя, хваравіты’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Грыг., Сержп. Пр., Ян., ТС, Бяльк., КЭС, лаг.). Руская тэрыторыя, дзе зафіксавана кволый, уваходзіць у адзін арэал з беларускай (Герд, Бел.-рус. ізал., 32). Беларуска-ўкраінская інавацыя (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 47). Укр. кволий ’слабы, хваравіты, марудны, павольны’. Паходзіць ад прыслоўя кволи ’павольна’, якое да *къволи (параўн. польск. gwoli і бел. павольна, укр. повільно) (ЕСУМ, 2, 419). Параўн. таксама кволіць 2. Такая этымалогія прыводзіць да адмаўлення ад ранейшых версій, абгрунтаванне якіх было вельмі цяжкім. Гэта датычыцца Ільінскага, РФВ, 1917, 3–4, 204–206 (кволы < *kъv‑, звязанага з kyvati ’ківаць’), Праабражэнскага, I, 304 (хилый > *хволый > кволы), Фасмера, 2, 218–219 (кволый < квелить ’дражніць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Талала́ (тылыла́, тылылы́) ’пра балбатню’ (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне, параўн. та‑та‑та ’пра тарахценне, балбатню’ (там жа) і ла-ла-ла (гл.), сюды ж з рознымі нарашчэннямі талало́й ’крык, гам, шум’ (ТС), талало́м фігуральна ’шумная гульба’ (Пятк. 2), талалёх: а мужык талалёх, талалёх, гдзе напіўся, там і лёг (Астравух, Ідыш-бел. сл.); сюды ж талала́хаць, талала́хкаць ’балбатаць’, талала́канне ’балбатня’, талала́й ’балбатун’, талала́йства ’зброд’ (гл.). Параўн. укр. талала́й ’балбатун’, талала́йство ’набрыдзь’, рус. талала́ ’картавы’, талалы́ ’балбатня, пустаслоўе’, талала́кать ’балбатаць, гаварыць’, польск. tałałajstwo ’набрыдзь, навалач, галота’, літ. talala (выгук), talalúoti ’балбатаць, трашчаць’ і інш. Паралельныя ўтварэнні ў асобных мовах, аднак звяртае на сябе ўвагу паўночнаславянскі арэал іх распаўсюджання, гл. таксама Фасмер, 4, 14; ЕСУМ, 5, 507; Махэк₂, 649.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нажалопкацца ’наглытацца’ (гродз., Цых.), нажолупицца ’наглытацца не жаваўшы’ (ТС), нажлопацца ’напіцца гарэлкі, нахлябтацца’ (Сл. ПЗБ), рус. прыбалт. нажелубиться ’наесціся’, польск. nażłopać się ’нахлябтацца’. Экспрэсіўныя словы, у аснове якіх ляжыць каранёвы элемент *žlop‑ (параўн. польск. zlopać ’прагна піць’), які чаргуецца са *žlok‑ (параўн. жлокаць ’хлябтаць’, нажлокацца ’нахлябтацца’ (Нас.), што могуць узыходзіць да лопаць ’жэрці’, локаць ’хлябтаць’ з узмацненнем пры дапамозе пачатковага ж- (гл. жлокаць)). Звяртае на сябе ўвагу значнае падабенства ў семантыцы і фанетыцы літ. iluöbti ’жэрці, глытаць вялікімі кавалкамі’ да славянскіх форм, таксама як і паралелізм žluobti: iluöbas ’кармушка (для каровы)’ і адпаведных славянскіх форм і назоўніка жолаб (żłób) ’драўлянае карыта; кармушка’, што, улічыўшы кампактны арэал распаўсюджання экспрэсных слоў, магло б сведчыць аб запазычанні ці хутчэй аб агульным паходжанні названых слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сту́дня ‘калодзеж’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Федар. 4, Сл. ПЗБ), сту́ння ‘тс’ (навагр., ДАБМ, камент., 807), сту́льня, сту́лня ‘тс’ (Сцяшк.; ваўк., ДАБМ, камент., 806). Заходне- і часткова ўсходнеславянскае: укр. дыял. сту́дня, польск. studnia ‘калодзеж’, ст.-польск. ‘крыніца’, в.-луж. studnja, н.-луж. studńa, чэш. studna, славац. studňa. Прасл. дыял. *studьńa, дэрыват ад прасл. *studъ, параўн. чэш. stud, рус. дыял. студ, ц.-слав. стоудъ ‘холад; сцюжа’, ст.-слав. стоудень ‘халодны’, гл. Борысь, 585; Махэк₂, 589–590. Шустар-Шэўц (1369) лічыць вытворным ад дзеяслова *studiti ‘студзіць’. У беларускай і ўкраінскай, хутчэй за ўсё, запазычанне з польскай, паводле суфіксацыі, лінгвагеаграфіі (абмежаваны паўночна-заходні арэал, гл. ДАБМ, к. 241) і з-за адсутнасці ў беларускага слова значэння ‘крыніца’, параўн. студзень 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ёўня ’будынак для сушкі снапоў’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Янк. II, Касп., Гарэц., Бяльк., Шн., ДАБМ). Рус. смал. евня, ёвня, укр. евня. Абмежаваны арэал і немагчымасць этымалагізацыі на слав. глебе даўно прывялі да думкі аб балтыйскім паходжанні лексемы. Да таго ж сельскагаспадарчыя будынкі часта маюць на беларускай моўнай глебе назвы балтыйскага паходжання (параўн. пуня, клуня, асець, гл.). Патабня, РФВ, 5, 254; Карскі, Белорусы, 133, Карскі, РФВ, 49, 19; Сабалеўскі, Slavia, 5, 450; Ільінскі, Slavia, 2, 263; Урбуціс, Baltistica, 1969, 5 (1), 58. У якасці крыніцы або слова, блізкага да крыніцы, указваецца літ. jáuja ’ёўня’. У старабеларускіх помніках мы знаходзім таксама варыянт, які непасрэдна суадносіцца з літ. словам евья (Карскі, Белорусы, 133; Булыка, Запазыч., 105; Булыка, Лекс. запазыч., 99), евьи ’ёўні’ (Гарб., 120).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАЛАЧО́БНЫЯ ПЕ́СНІ, валачэўныя, валхоўныя, лалоўныя песні,

від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш. слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Валачобныя песні. Мн., 1980.

Літ.:

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Ліс А.С. Валачобныя песні. Мн., 1989.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 3, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сербалі́на, сурбалі́на, сырбалі́на, сірбалі́на ‘ажыны’ (віц., ЛА, 1; Нік. Очерки), сербалі́н ‘тс’, сірбалі́ніна ‘лазіна ажыны’ (Касп.). сурмалі́на ‘тс’ (віц., ЛА, 1), рус. сорбали́на ‘ажыны’, сербали́на, сирьбяри́на ‘шыпшына’, рус. смал. цербали́н ‘ажыны’, укр. сербери́на ‘шыпшына, Rosa canina L.’. Традыцыйна звязваюць з літ. serbentà ‘смародзіна’ < літ. sir̃pti ‘спець (пра ягады)’ (Фасмер, 3, 721), збліжэнне з свярбець (гл.), на думку Бязлая (Eseji, 135), народнаэтымалагічнае. Насуперак гэтаму Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 272) узводзіць адпаведныя рускія словы да *s(v)orb‑, *s(v)rьb‑ ‘свярбець, часаць’, а Варбат (Этим. исслед., 7, 7) рэканструюе *svьrborina, што асабліва адпавядае раздражняльным уласцівасцям насення шыпшыны. Формы ўтвараюць адзіны беларуска-рускі арэал з выхадам на ўкраінскую моўную тэрыторыю. На некаторым формы паўплывала слова маліна (гл.). Да фанетыкі параўн. сербе́ть ‘свярбець’ (Растарг). Гл. таксама Баброва, ЭИРЯ, 4, 9; ЕСУМ, 5, 216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калю́гавіна ’каляіна з выбоінамі’ (КЭС, лаг.; маладз., Янк. 1), ’калюга’ (навагр., Сцяшк.; слаўг., Яшк.); калюгавіна ’глыбокая брудная канава на дарозе, прарэзаная коламі’ (бах., Мат. АС), ’калюга’ (Нас.; слаўг., Яшк.), калюгжына ’тс’ (слаўг., Яшк.). З новых запісаў: калюгавіна. калугавіна, калювіна ’каляіна’ (Сл. паўн.-зах.). У суседніх гаворках адэкватнай лексікі як бы ціха м не адзначана. Асноўны арэал, як здаецца, на захадзе беларускай тэрыторыі, аднак цэнтр інавацыі хутчэй за ўсё іншы. Параўн. геаграфію лексем калявіна (Нас.), калягіна (Шат.), калявіна (лаг., смал., Яшк.), палавіна, палавіна (пух., слаўг., Яшк.); формы тыпу калюгавіна могуць быць вынікам кантамінацыі лексем калюга і калявіна. Наяўнасць форм калягіна і калявіна сведчаць аб нратэтычным характары ‑г‑, ‑в‑ (у каляіна). Параўн. яшчэ калюга (пух., слаўг., Яшк.), якое, відаць, з каленкалюга. Наогул група слоў са значэннем ’каляіна, калужа’ ўключас шэраг кантамінаваных канструктаў (лакалізуецца на сумежжы гаворак або ў зонах з неаднародным насельніцтвам).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы, у натуральных ландшафтах якіх пераважаюць пустыні. Распасціраюцца ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, субтрапічных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў Зямлі. Асобна вылучаецца арктычных пустыняў зона. Агульная плошча пустынь складае 31,4 млн. км² (каля 22% сушы Зямлі).

П.з. ўмеранага пояса займаюць участкі ў Паўн Амерыцы ў міжгорных катлавінах нагор’я Вял. Басейн на Пн ад 38—40° паўн. ш., у Еўразіі — паўд. ч. Прыкаспійскай нізіны, плато Усцюрт, ч. Туранскай нізіны, Казахскага драбнасопачніка, паўн. ч. тэр., прылеглай да Куньлуня і Наньшаня, Джунгарскую катлавіну і катлавіну Вял. Азёр у Манголіі (шыр. зоны да 700—800 км). Арэал іх распасцірання перарваны горнымі сістэмамі Цянь-Шаня і Джунгарскага Алатау. Большая ч. зоны прадстаўлена пясчанымі пустынямі. Паміж Каспійскім і Аральскім морамі, на плато Усцюрт — друзаватая гіпсаваная, у межах Тургайскага плато — гліністая, у зах. ч. Прыбалхашша — глініста-камяністая пустыні. Клімат кантынент., з гарачым летам і халоднай марознай зімой. Сярэднія т-ры ліп. 22—32 °C, макс. да 50 °C, студз. ад -7 да -15 °C, мінім. да -48 °C. Гадавая сума ападкаў 100—200 мм, у асобных месцах Сярэдняй Азіі — да 10 мм. Паверхня П.з. атрымлівае сонечнай радыяцыі 500—630 кДж/см² (120—150 ккал/см²) за год. П.з. субтрапічных паясоў распасціраюцца на Пн Афрыкі, уздоўж паўд. ўзбярэжжа Міжземнага м.; у Азіі — асобнымі арэаламі на Пд Сярэдняй Азіі (на Пд ад 40° паўн. ш.), унутры Іранскага нагор’я, уключаны плямамі ў паўпустыні на Пн Сірыі і Ірака, ахопліваюць высакагорныя халодныя пустыні Усх. Паміра і Тыбета; у Паўн. Амерыцы займаюць паўд. ч. Вял. Басейна, пустыню Махаве, паўн. ч. Мексіканскага нагор’я; у Аўстраліі — паўд. раёны мацерыка; у Паўд. Афрыцы пашыраны на плато і ў міжгорных упадзінах Вял. Кару, у Паўд. Амерыцы прымеркаваны да ўсх. схілаў і падножжаў Анд, дзе чаргуюцца з паўпустынямі. Клімат П.з. рэзка засушлівы, з гарачым летам і халаднаватай зімой. Сярэднія т-ры самага халоднага месяца рэдка бываюць ніжэй за 0 °C, а самага цёплага — ніжэй за 20—25 °C. У Паўн. Амерыцы (Даліна Смерці), у адным з самых гарачых месц на Зямлі, т-ра паветра дасягае 56,7 °C. Высакагорныя пустыні Паміра і Тыбета маюць халодны кантынент. клімат. Сярэднія т-ры летам 10—15 °C, зімой ад -15 да -20 °C. Гадавая сума ападкаў 50—200 мм. Выпаральнасць 1500—2000 мм. Сумарная сонечная радыяцыя складае 670—750 кДж/см² (160—180 ккал/см²) за год. П.з. трапічных паясоў размешчаны ва ўнутраных раёнах і зах. (прыакіянічных) сектарах амаль усіх мацерыкоў. Найб. плошчы займаюць у Афрыцы (пустыні Сахара, Калахары, Наміб), у Азіі (пустыні Аравійскага п-ва і пустынныя раёны ў Індыі і Пакістане), у Аўстраліі (Вял. Пясчаная пустыня і Вял. пустыня Вікторыя). У Паўн. і Паўд. Амерыцы П.з. выцягнуты ўздоўж зах. ускраін (Каліфарнійскі п-аў, Мексіканскае нагор’е, схілы Анд). Клімат засушлівы, з мяккай цёплай зімой (сярэднія т-ры студз. 20—25 °C). Ваганні тэмператур ад -3—5 °C да 50—60 °C, паверхня глебы можа награвацца да 90 °C. Ападкаў выпадае 50—100 мм за год, у асобных раёнах ападкі не выпадаюць на працягу некалькіх гадоў. У пустынях прыакіянскіх сектараў ападкаў больш за 100 мм за год. Выключнай сухасцю вызначаюцца прыакіянскія пустыні Наміб і Атакама. Воблачнасць амаль адсутнічае. Сонечная радыяцыя пустынь трапічных паясоў дасягае найб. значэнняў на Зямлі — 750—920 кДж/см² (180—220 ккал/см²) за год. Пустынныя землі выкарыстоўваюцца шляхам развіцця аазіснага земляробства, арашэння, качавой жывёлагадоўлі. Глебы, расліннасць і жывёльны свет гл. ў арт. Пустыня.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)