Клапата́ць ’рупліва, старанна займацца чым-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., Мат. Гом., Сл. паўн.-зах.), ’дакучаць, назаляць’ (Нас.). Укр. клопотати ’рупліва займацца чым-небудзь’, рус. клопотать ’тс’, польск. kłopotać ’дакучаць, назаляць’, чэш. klopotati ’надрывацца на рабоце’. Іншыя, мабыць, першасныя значэнні: чэш. klopotati, ’спяшацца, бегчы, калаціць’, славац. klopotať ’стукаць’, н.-луж. kłopotaś ’калаціць’, балг. клопотя ’грымець’, серб.-харв. клопо̀тати ’тс’, славен. klopotáti ’стукаць’, ст.-рус. клопотати ’шумець, грымець, стукаць, злавацца’. Геаграфія лексем і іх значэнняў сведчыць аб тым, што другаснае значэнне клапатаць, якое збераглося ў беларускай мове, ахоплівае арэал, што ўключае польскую, беларускую, украінскую і ў меншай меры рускую мовы (у апошняй — заходнюю частку арэала). Таму можна меркаваць аб польскай крыніцы. Пры гэтым пранікнуць мог назоўнік клопат, а вытворныя ад яго маглі ўзнікнуць на ўсходнеславянскай глебе незалежна ад польскай. З пункту погляду прамоўнай рэканструкцыі прасл. klopotati (як klokotati) як гукапераймальны дзеяслоў узнікла ад прасл. klopotъ < klop‑otъ < klopati (балг. клопам, серб.-харв. кло́пати, славен. klópati ’стукаць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)