Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ёмка 1,

1. Прысл. да ёмкі.

2. безас. у знач. вык. Разм. Добра, зручна. Сядзець [Віктару], відаць, было не вельмі ёмка, і ён раз-пораз варочаўся, намагаўся вылезці з кажуха. Шамякін.

ёмка 2, ‑і, ДМ ёмцы; Р мн. ‑мак; ж.

Абл. Чапяла. Дзядзіна.. пякла аладкі, нервуючыся, бразгала праз меру моцна аб прыпечак ёмкаю і патэльняй. Галавач.

ёмкасць, ‑і, ж.

1. Тое, што і ёмістасць (у 1 знач.).

2. Уласцівасць ёмкага (у 1, 2 знач.).

ёмкі, ‑ая, ‑ае.

1. Якім добра і лёгка карыстацца; зручны. Ёмкі кій. □ Пасля працоўнага дня гэтак прыемна бывае праехаць у ёмкіх санках, на добрым кані! Шамякін.

2. Зграбны, спрытны. На пні прымасціўся Гарвада, Сярэдняга росту, худы, Касцісты і ёмкага складу І з віду яшчэ малады. Колас. Зінчанка — ёмкі хлопец і ўмее даглядаць машыну. Шынклер. // Моцны; лоўкі, меткі. Ёмкі ўдар. □ Ёмкі стрэл, ад якога шумела ў ельніку рэха, агонь, што вырываўся з гільзы, прадавалі нам смеласці. Пташнікаў.

3. Вялікі, ладны. — Папраўляйся, галубок, — разгладжваючы вусы, гаварыў дзед Мікалай. Ён любаваўся, як апетытна Сашка ўплятаў ёмкую лусту хлеба. Даніленка. То была рэчка Вітлянка, з якой я, прыязджаючы сюды ўлетку, не раз цягаў гарбатых ёмкіх акунёў. Хадкевіч. // Моцнага целаскладу; дзябёлы. Андрэй выглядаў ёмкім, прысадзістым, якраз да танка, а мінамётчык — цыбаты, няскладны. Грамовіч. За салдатам у дзвярах паказаліся яшчэ двое, адзін рослы, худы, другі нізкарослы, ёмкі. Дуброўскі.

4. Тое, што і ёмісты; умяшчальны. — Даць больш ёмкія на груз вагоны і мацнейшыя паравозы! Шынклер. — Я вельмі рада, што маю чым падлячыць вас. — [Вольга Віктараўна] налівае ёмкую чарку. — Піце, Андрэй Пятровіч: гэта першы спосаб усцерагчыся ад прастуды. Колас.