Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чэ́зласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан чэзлага.

чэ́злы, ‑ая, ‑ае.

1. Які слаба расце, хілы (пра расліны). За рэчкаю слаўся голы куп’істы выган, на якім віднелася толькі некалькі чэзлых кусточкаў. Мележ. Неўзабаве пачалося балота, парослае чэзлымі бярозкамі ды лазняком. Ваданосаў. // З беднай расліннасцю. Жыццё красавала на Поўдні, а на Поўначы былі холад і пустэча, мёртвая зямля і чэзлая расліннасць. М. Стральцоў.

2. Хваравіты, слабы, кволы. У дзверы стукае вартаўніца — чэзлая, апранутая ў мужчынскі, да пят, кажух кабецінка — яна ўносіць запаленую лямпу. Навуменка.

чэ́знуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. чэз, ‑ла; незак.

1. Станавіцца чэзлым (у 1 знач.). У гарачыню, у лета, калі скрозь на падворках у нашай вёсцы жаўцела і перасыхала трава, калі на вуліцы быў гарачы, як прысак, жоўты пясок, калі вяла і скручвалася ў трубку лісце на бэзе, а на полі гінула і чэзла ўсё, у нашай хаце збіраліся кабеты і ішлі на рэчку сыпаць мак, каб быў дождж. Адамчык. Яблыня.. раптоўна пачала чэзнуць, вянуць. Лісточкі і пялёсткі зморшчыліся, абамлелі. М. Ткачоў.

2. Губляць здароўе, сілы, знясільвацца. — То што ж мне рабіць з вамі? — пачала ламаць рукі маці. — Сядзець ды глядзець, як вы [дзеці] марнееце ды чэзнеце? — яна заплакала. Сачанка. Прыбітыя горам бацька і маці бачаць, як на вачах чэзне дачка. Кудраўцаў.

3. перан. Станавіцца менш яркім, цямнець; гаснуць. Чэзлі цьмяныя фарбы захаду на спадах гор, хмурнела далеч. Надыходзіла ноч. Самуйлёнак. Касцёр то ярчэў, то чэз... Сябры, што разам хадзілі, Змахнуўшы слязу з вачэй, Ядлоўцавы дым вінілі. Кляўко. // Змяншацца, радзець, станавіцца менш выразным; знікаць. Прадвесне пеўня паіць з верхаводкі, сумёт зляжалы ўвачавідкі чэзне. Пысін. Чэзла, адступала нязвыкласць і прыходзілі ўпэўненасць, адчуванне павагі і даверу да складанай і магутнай тэхнікі, што была вакол. Савіцкі. І не дзіва, што чэзне туман, Што, народжаная ўначы, З павароткаю кожнай адходзіць зіма, Пасля студзеня ўладна прыходзіць май, Гучна звонячы ў сонечны шчыт. Караткевіч.