ятры́шнікавыя, ‑ых.
Сямейства аднадольных травяністых раслін; тое, што і архідныя.
я́ўка, ‑і, ДМ яўцы; Р мн. явак; ж.
1. З’яўленне, прыход куды‑н. або прысутнасць дзе‑н. (звычайна па афіцыйнаму распараджэнню). Яўка ў суд.
2. Канспіратыўная сустрэча. Мінула гадзіна, прызначаная для яўкі, а .. [Косця] не ішоў. Новікаў. Паўлоўская мае сувязь з падполлем, атрымлівае і выконвае адказныя заданні, наладжвае яўкі, сустракаецца з іншымі падпольшчыкамі. Кудраўцаў. // Месца, памяшканне, дзе адбываецца такая сустрэча. Хведар.. быў чацвёрты чалавек у брыгадзе, .. які ведаў усе гарадскія яўкі. Шамякін. [Туравец] даў адрасы явак, сказаў умоўленыя паролі і працягнуў пашпарт і пропуск. Мележ. / Пра адрасы і іншыя звесткі аб такіх сустрэчах. [Хведар:] — Вось паролі і яўкі. Звязвайся з нашымі людзьмі. Няхай.
я́ўканне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. яўкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. — Кот, відаць, увіваўся каля некага і бесперапынным яўканнем вымагаў спажыву. Кулакоўскі.
я́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Тое, што і мяўкаць.
я́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да яўкаць.
я́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Не скрыты, не сакрэтны; адкрыты. Адсідка ў крэпасці вяла за сабою паліцэйскі нагляд: яўны або патайны. Лужанін. Пасля ўсяго Гані стала зразумела адно: калі ў бойцы вораг быў яўны, адкрыты, узброены, яго бачылі твар у твар, то зараз, у мірную пару, яго цяжка распазнаць, нават з вока на вока. Грамовіч. І ні разу ён [Алесь] не прамінаў, каб дазнацца прычыну тых страхаў. А іх — яўных і ўяўных — хапала тады. Ваданосаў.
2. Зусім відавочны, зразумелы ўсім. Конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад. Лынькоў. Ад гэтага вее ўжо не чым іншым, як яўным жаданнем некаму спадабацца. Васілевіч.
яўрэ́і, ‑яў; адз. яўрэй, ‑я, м.; яўрэйка, ‑і, ДМ ‑рэйцы; мн. яўрэйкі; ‑рэек; ж.
Народ семіцкай моўнай групы, аб’яднаны агульным паходжаннем і, часткова, рэлігіяй, які цяпер жыве ў розных краінах.
яўрэ́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да яўрэяў, які належыць, уласцівы ім. Яўрэйская мова. Яўрэйскае насельніцтва. □ Ідучы з прыяцелем у Смалярню, Янка гаварыў аб яўрэйскай інтэлігенцыі, з якой пазнаёміўся. Колас.