Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

юрлі́вец, ‑ліўца, м.

Чалавек, якому ўласціва павышанае імкненне да задавальнення палавых пачуццяў. Неспадзявана для Смілгаса ў Зыгмунты знайшлося столькі сілы, што ад яе штуршка стары юрлівец адляцеў, як мех, бразнуўся вобзем і аж заенчыў. Сабаленка.

юрлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Пажадлівы, поўны юру. Паны ўсе на адзін твар: гультаяватыя, фанабэрыстыя, .. разбэшчаныя, юрлівыя. Навуменка. // Які выражае юр. Сулкоўскі зірнуў на .. [Алёну] ласа, як кот на смятану, і твар яго расплыўся ў юрлівай усмешцы. Чарнышэвіч.

юро́дзівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць юродзівага.

юро́дзівы, ‑ая, ‑ае.

1. Дурнаваты, блізкі да вар’яцтва. Юродзівы хлопец.

2. у знач. наз. юро́дзівы, ‑ага, м. У веруючых, рэлігійных людзей — вар’ят, які валодае дарам прадказання. Распаўсюджвалі розныя небыліцы багамольцы, юродзівыя, а ў першую чаргу духавенства. «Звязда».

юро́дства, ‑а, н.

1. Стан бессвядомасці, вар’яцтва.

2. Недарэчны ўчынак, неразумныя паводзіны.

юро́дстваваць, ‑твую, ‑твуеш, ‑твуе; незак.

1. Быць юродзівым (у 2 знач.).

2. Рабіць недарэчныя ўчынкі, неразумна паводзіць сябе.

юро́к 1, ‑рка, м.

Птушка атрада вераб’іных, якая жыве ў хваёвых лясах Еўропы і Азіі; уюрок.

юро́к 2, ‑рка, м.

Разм. Прыстасаванне для звівання нітак; вірок (у 2 знач.).

ю́рскі, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да юры, уласцівы ёй. Юрскі вапняк. Юрская флора.

•••

Юрскі перыяд (юрская сістэма) — другі (сярэдні) перыяд мезазойскай эры ў гісторыі Зямлі.

[Ад геагр. назвы.]

юрт, ‑а, М юрце, м.

Гіст. Сукупнасць уладанняў асобных татарскіх ханстваў. Крымскі юрт. Сібірскі юрт.

[Цюрк.]

ю́рта, ‑ы, ДМ юрце, ж.

Пераноснае, крытае шнурамі або лямцам з конусападобным дахам жыллё з жэрдак у некаторых качавых народаў Азіі і Паўднёвай Сібіры. Па пясках можна было ехаць сотні кіламетраў і не сустрэць ніводнага кішлака, ніводнай юрты. Васілевіч. У неба бялюткія выспачкі юрт Стрэшкамі вострымі цэляцца. Калачынскі.

[Ад цюрк. jurt.]