Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эскадро́н, ‑а, м.

Падраздзяленне кавалерыйскага палка, якое адпавядае пяхотнай роце. [Каршукоў:] — Салдат у Гітлера не шмат. Б’е браніраваным кулаком, а тыл — дзіравы. Кінь ты сюды конніцы некалькі эскадронаў, дык да самога Берліна можна ісці без прыпынку... Асіпенка. З дзесятак старыцкіх хлопцаў-партызан зрабілі ў кустах за вёскай засаду і прымусілі ўцякаць у паніцы цэлы ўланскі эскадрон. Хадкевіч.

[Фр. escadron.]

эскадро́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эскадрона, належыць яму. Эскадронная маёмасць. Эскадронная канюшня. // у знач. наз. эскадро́нны, ‑ага, м. Камандзір эскадрона. Выклікае эскадронны.

эскадры́лля, ‑і, ж.

1. Падраздзяленне ваеннай авіяцыі, якое складаецца з некалькіх звенняў самалётаў. Партызанам нічога не заставалася, як рушыць у паход без батарэй, бо адпомсціць за збіты самалёт сюды, як пасля выявілася, ляцела цэлая эскадрылля цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў. Ваданосаў.

2. Група лётчыкаў, якія ўваходзяць у склад такога падраздзялення. [Камандзір] загадаў першай эскадрыллі адразу пасля пастраення ісці ў баракамеру. Алешка.

3. перан. Разм. Пра вялікую колькасць птушак, рыб і пад. Ля берага ў праменні сонца грэюцца эскадрыллі маленькіх рыбак. Карпюк.

[Фр. escadrille.]

эскала́тар, ‑а, м.

Лесвіца з рухомымі прыступкамі для пад’ёму і спуску людзей на розныя ўзроўні. Прайшлі ў метро. Не становячыся на эскалатар. Ніна Іванаўна яшчэ раз папярэдзіла сваіх малодшых сяброў: — Бачыце, як заходзяць на яго? Дубоўка.

[Англ. escalator ад лац. scala — лесвіца.]

эскала́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эскалатара. Эскалатарныя прыступкі.

эскала́цыя, ‑і, ж.

Паступовае павелічэнне, узмацненне, пашырэнне чаго‑н. Эскалацыя вайны. □ [Андрэ:] «Я супраць такога разумення, як «якасць мастацтва». Гэта змяншае яго маштабы і садзейнічае эскалацыі цэн. «ЛіМ». // Нарошчванне ўзбраення імперыялістычнымі дзяржавамі, абвастрэнне міжнародных адносін.

[Ад англ. escalation — паступовае ўзмацненне, павелічэнне.]

эскало́п, ‑у, м.

Падсмажаныя кавалкі мяккага нятлустага мяса (свініны, бараніны, цяляціны і пад.) прадаўгаватай формы.

[Фр. escalope.]

эскапа́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Кніжн. Учынак, паводзіны, якія пярэчаць агульнапрынятым нормам.

[Фр. escapade.]

эскапі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Імкненне асобы адысці ад рэальнага жыцця ў свет ілюзій, фантазія.

[Ад англ. escape — бегчы, ратавацца.]

эска́рп, ‑а, м.

Спец.

1. Задняя спадзістая сценка знадворнага рова ваеннага ўмацавання.

2. Супрацьтанкавая земляная загарода, якую ствараюць на схілах мясцовасці, звернутых у бок ворага. Над ціхаю ракой драты, драты, У беразе — ступенькамі эскарпы. Мільгаюць, разяваючы раты, У ціне люстраныя карпы. Калачынскі.

[Фр. escarpe.]