эмбрыяло́гія, ‑і, ж.
Раздзел біялогіі, які вывучае развіццё эмбрыёнаў. Эмбрыялогія жывёл.
[Ад грэч. émbryon — зародак і logos — вучэнне.]
эмбрыяна́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эмбрыёна. Эмбрыянальнае развіццё. // Звязаны з часам развіцця эмбрыёна. Эмбрыянальны перыяд. // перан. Які знаходзіцца ў самым пачатку свайго развіцця. Выявіць хваробу ў эмбрыянальным стане.
эметрапі́я, ‑і, ж.
Спец. Праламляльная здольнасць вока, пры якой чалавек добра бачыць і далёкія і блізкія прадметы.
[Ад грэч. émmetros — суразмерны і ōps — вока.]
эмігра́нт, ‑а, М ‑нце, м.
Чалавек, які перасяліўся з сваёй айчыны ў іншую краіну па палітычных ці іншых прычынах.
[Ад лац. emigrans, emigrāntis.]
эмігра́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да эмігрант.
эмігра́нцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эмігранта, прызначаны для яго. Эмігранцкі пашпарт. Эмігранцкае становішча. // Які складаецца з эмігрантаў. Эмігранцкі гурток.
эміграцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эміграцыі. Эміграцыйны рух.
эмігра́цыя, ‑і, ж.
1. Перасяленне з сваёй айчыны ў іншую краіну па эканамічных, палітычных, рэлігійных і інш. прычынах. Мы добра ведаем з біяграфіі У. І. Леніна аб яго вымушанай эміграцыі за мяжу. Каршукоў. Крыўдна, што балюе беглы карнік Каля ўспамінаў дарагіх — Герцэн... Эміграцыя... Друкарні... Песні волі... Песні і сцягі. Панчанка. // Разм. Наогул пераезд у іншы горад ці іншую мясцовасць.
2. Знаходжанне за межамі сваёй айчыны ў выніку такога перасялення. Левандоўскі якраз два дні таму назад вярнуўся з эміграцыі. Карпюк. Знаходзячыся ў эміграцыі, Цётка [Алаіза Пашкевіч] прадаўжала марыць аб звароце на радзіму, каб працягваць рэвалюцыйную работу. Клімковіч.
3. зб. Эмігранты. Частка польскай моладзі ў краі знаходзілася пад уплывам ідэй лідэра польскай эміграцыі Л. Мераслаўскага. Смірноў.
[Ад лац. emigrare — перасяляцца, высяляцца.]
эмігры́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
Ажыццявіць (ажыццяўляць) эміграцыю (у 1 знач.). Пасля яны [хлопцы] рагаталі нада мною, як гіены, а я шкадаваў, што мой прадзед не эмігрыраваў у Парагвай і асудзіў нашчадка на ганьбу і сорам. Караткевіч.
эмі́р, ‑а, м.
Тытул правіцеля, уладарнага князя ў некаторых мусульманскіх краінах Усходу і Афрыкі. // Асоба, якая мае гэты тытул. А хіба вочы вясёлымі будуць, Калі людзі эміра (якія там людзі!) Адабралі ў іх колеры. Сіпакоў.
[Араб. amīr — уладар.]