шэдэ́ўр, ‑а, м.
Узорны, выдатны твор мастацтва, майстэрства. У нацыянальнай галерэі, дзе выстаўлены шэдэўры Цорна і Рубенса, вісіць таксама мазня новых модных мастакоў. Мележ. Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Вобраз Веры ў выкананні Ждановіч быў сапраўдным шэдэўрам і атрымаў вельмі высокую ацэнку гледача і прэсы. «Полымя».
[Ад фр. chef-d'oeuvre.]
шэелі́т, ‑у, М ‑ліце, м.
Мінерал у выглядзе белых або шэрых крышталяў; руда вальфраму.
шэзло́нг, ‑а, м.
Лёгкае рассоўнае крэсла, у якім адпачываюць паўлежачы. Шыковіч адышоў ад парэнчаў і паваліўся ў шэзлонг, з асалодай пацягнуўся, выставіўшы з-пад піжамных штаноў валасатыя ногі. Шамякін. На карме за басейнам збіраюцца, грэюцца ў шэзлонгах на сонцы. Мележ.
[Фр. chaise longue.]
шэйк, ‑а, м.
Сучасны англійскі танец, які выконваецца ў манеры сцэнічных паводзін бітлаў, а таксама музычны рытм, які з’яўляецца асновай для некаторых іншых танцаў. Ужо праз хвіліну Юрка і Алег знялі пінжакі: пілаваць дровы было б лягчэй, як танцаваць шэйк. Ярашэвіч.
[Ад англ. shake — трэсціся.]
шэйх, ‑а, м.
1. Галава роду, а таксама старэйшым абшчыны ў арабскіх краінах. П’юць віно Каля ларкоў абхазцы, Штось гавораць, Нібы шэйхі ў казцы... Лойка.
2. Прадстаўнік вышэйшага духавенства ў мусульман, багаслоў і прававед. У сем’ях шэйхаў з дзяцінства вучаць валодаць абліччам. Караткевіч.
[Ад арабск. šaih.]
шэйх-уль-ісла́м, ‑у, м.
Тытул галавы мусульманскага духавенства. // Асоба, якая носіць гэты тытул.
[Араб. šaih ul-'islām.]
шэла́к, ‑у, м.
Смалістае рэчыва, якое здабываецца з маладых парасткаў некаторых раслін, ужываецца ў вытворчасці лаку, пластмасы, сургучу і пад. Здабываюць з некаторых дрэў смалу шэлак, якая з’яўляецца каштоўнай сыравінай для лакафарбавай прамысловасці. «ЛіМ».
[Гал. schellak.]
шэ́лег, ‑а, м.
Старажытная дробная манета. А бацька толькі што выплаціў арэнду, і ў хаце не было болей ані шэлега, каб наняць папа і адслужыць па нябожчыцы малебен. Грахоўскі.
шэ́лест, ‑у, М ‑сне, м.
Разм. Тое, што і шолах. Што гэта быў за момант, калі я, пад шэлест старонак, убачыў сваё імя, свае радкі! Брыль. Ён [новы дзень] у шэлесце дрэў Плыў па пыльнай бясконцай дарозе. Танк.
шэ́льма, ‑ы, м. і ж.
1. Махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец. — Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце! — Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі — Так спрытна шэльма мерае. Крапіва. — Ага, шэльма, — захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на .. [чалавека] і хватаючы яго за рукі. Чорны. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен, апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.
2. Хітрун, круцель, дураслівец, махляр (звычайна ўжываецца як выражэнне захаплення, спагады, адабрэння). — Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка... Зарэцкі. [Каваль:] — І дарога грыміць, І душа спявае. І людзі глядзяць і радуюцца: бач, як ляціць, шэльма!.. Савіцкі.