Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шышкі. [Дзятлы] шапацелі карой і сыпалі з хвой шышачную луску на чысцюткую белізну маладой парошы. Ракітны.

шы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прадаўгаватае суквецце хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрытае луской. На лясной дарозе, пад старой разлапістай сасной, ляжаць апалыя шышкі. Ігнаценка. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. // Плод або гронкі пладоў некаторых раслін, якія формай, знешнім выглядам нагадваюць такое суквецце. Врусніц было многа, яны віселі на куп’і шышкамі, як авечыя хвасты, бурыя ад густога сонца. Пташнікаў.

2. Круглы бугор на целе чалавека, жывёлы; гуз. А шышка ўсё ж падскочыла [ў Артура] на лысіне. Гроднеў. Ад першай да апошняй старонкі героі падалі з лодкі, набівалі шышкі, загледжваліся на дзяўчат, грузлі ў балоце. «Звязда». // Выпуклая няроўнасць, бугор на паверхні чэрапа, якія быццам бы (паводле фрэналогіі) паказваюць на ўласцівасці, здольнасці, схільнасці чалавека. Ды вы зірніце на ягоны [Яшкаў] лоб, Якія мудрыя дзве шышкі! Валасевіч.

3. Разм. іран. Пра якую‑н. важную асобу. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Лынькоў. — А сам ты хто? У якім жа чыне? — Вартую двор! Вартую сад! — Ці чулі вы?! От гэта шышка!.. Бялевіч.

4. Патаўшчэнне авальнай ці акруглай формы на канцы, вярхушцы якога‑н. прадмета, звычайна для ўпрыгожання. Шлем з шышкай.

шышкава́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шышкаватага.

2. Спец. Наяўнасць патаўшчэнняў па паверхні пражы, тканіны як дэфект.

шышкава́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае шышкі, з шышкамі (у 1 знач.). А Грыша проста цяльпук, але самы разумны з усёй кампаніі. Гэта было відаць хаця б па тым, што галава ў яго была вялізная і ўся шышкаватая, «розум лез наверх». Караткевіч. // Спец. Які мае вузлы, патаўшчэнні на паверхні (пра дэфектную тканіну, пражу). Шышкаватая пража.

2. Які формай, сваім знешнім выглядам нагадвае шышку (у 1, 4 знач.). [Чалавек] прычапіў на шышкаваты нос рыжыя акуляры і чытаў кніжку. Пянкрат.

шышкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Збіраць кедравыя шышкі для нарыхтоўкі арэхаў. Працоўнаму чалавеку ўсюды рабіць трэба. .. Шышкаваць хадзілі: збіраць кедравыя арэхі... Пальчэўскі.

шышкано́сны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які дае шышкі (у 3 знач.), з шышкамі. Шышканосная расліна. // Як састаўная частка пазваў раслін. Шышканосны хвойнік.

шышкападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае выгляд, форму шышкі.

шышня́к, ‑у, м.

Вадзяная ці балотная шматгадовая травяністая расліна сямейства сланаягаднікавых.

шы́я, ‑і, ж.

Частка цела паміж галавой і тулавам у чалавека і наземных пазваночных жывёл. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. На скронях, на шыі сінімі шнурамі напяліся вены. Шамякін. — Лялька, а не конь... Жывот падцягнуты... Зубы, як адзін, шыя, нібы ў лебедзя. Васілевіч. // Тое, што сваім знешнім выглядам, формай, абрысамі нагадвае такую частку цела. На пагорку віднеліся гмахі шматпавярховых дамоў. За імі — з доўгімі шыямі пад’ёмныя краны. Гроднеў. На .. варотцах — памытыя гарлачы ўніз шыямі. Кулакоўскі.

•••

Вешацца на шыю гл. вешацца.

Вісець на шыі гл. вісець.

Выехаць на чужой шыі гл. выехаць.

Гнаць у шыю гл. гнаць.

Даць па шыі гл. даць.

Намыліць шыю гл. намыліць.

Павесіцца на шыю гл. павесіцца.

Сесці на шыю гл. сесці.

Скруціць (зламаць) (сабе) шыю гл. скруціць.

Сядзець на шыі гл. сядзець.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.

шэд, ‑а, М ‑дзе, м.

Стрэшка, пад якой размяшчаюцца клеткі на зверафермах.