шваге́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жончына сястра. Здалёк, як з-за сцяны ўсё роўна, далятаў да Рыгора голас швагеркі. Лецка.
шва́гра, ‑а, м.
Разм. Тое, што і швагер. — Садзіся, Лобук, садзіся! — смяяўся высокі, відны сабою, шыракаплечы Курульчук, швагра панны Марыны. Колас.
шва́граў, ‑ава.
Які належыць швагру. Я павёў Вальку дахаты, на шваграву сядзібу за ракой. Брыль.
швагру́сь, ‑я, м.
Разм. Тое, што і швагер. — Вось ты толькі, швагрусь, пакінь усякія цырымоніі ды садзіся трактуйся, — папрасіла Тадося. Гартны. Не прамінуў я і таго, як мяне Лопух паставіў нанач да свайго швагруся Архіпа Мікуця. Сабаленка.
шва́йка, ‑і, ДМ швайцы; Р мн. шваек; ж.
Плоскае шыла, якім колюць свіней. Прымак прыбег са швайкаю і дакалолі парсючка. Мурашка.
шва́льня, ‑і, ж.
Уст. Кравецкая майстэрня.
швартава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. швартаваць.
швартава́цца, ‑туецца; незак.
1. Прымацоўвацца да прычальных прыстасаванняў пры дапамозе швартоваў (пра судны). Паглядзелі мы, як швартуецца карабель, пастаялі над душой у рыбакоў, дакучаючы непазбежнымі ў такіх выпадках парадамі. М. Стральцоў.
2. Зал. да швартаваць.
швартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.
Прымацоўваць, прывязваць судна швартовамі да прычальных прыстасаванняў. Швартаваць параход.
шварто́віць, ‑тоўлю, ‑товіш, ‑товіць; незак., што.
Разм. Тое, што і швартаваць. Швартовіць судна.