ша́хта, ‑ы, М ‑хце, ж.
1. Сістэма падземных збудаванняў, дзе здабываюцца падземныя выкапні, або месца правядзення якіх‑н. падземных работ. Шахта будаўніцтва метро. □ Сон маладзецкі шахцёрскі Там абрываюць гудкі. З горада Салігорска У шахты ідуць гарнякі. Звонак. // Горнапрамысловае прадпрыемства, якое вядзе падземную здабычу карысных выкапняў. На заводы, шахты, гуты Прыйшла фабрычная вясна. Таўбін.
2. Спец. Вертыкальная падоўжаная поласць у некаторых канструкцыях. Ліфтавыя шахты. Вентыляцыйная шахта.
[Ням. Schacht.]
шахтабудаўні́к, ‑а м.
Спецыяліст па будаўніцтву шахт (у 1 знач.). Гэты вось пясок больш за ўсё і не падабаўся шахтабудаўнікам. Чаркасаў.
ша́хтавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да шахты (у 1 знач.). У .. [Міхася] падабралася ўжо выдатная брыгада — у гэтым яму шмат дапамог шахтавы калектыў. Лупсякоў.
2. Спец. Аснашчаны шахтай, які мае выгляд шахты (у 2 знач.). Шахтавая печ.
•••
Шахтавы ствол гл. ствол.
шахтакіраўні́цтва, ‑а, н.
Кіраўнічы орган на шахце (у 1 знач.), які ведае ўсёй вытворчасцю. Мы сабраліся на трэцім паверсе шахтакіраўніцтва ў вялікай зале-параднай. Скрыган.
шахтапад’ёмнік, ‑а, м.
Від грузавога ліфта для пад’ёму (спуску) людзей і грузаў па шахтавых ствалах.
шахтапрахо́дчык, ‑а, м.
Чалавек, які ажыццяўляе праходку горных выпрацовак, шахт і пад. Усё глыбей пранікаюць у зямлю шахтапраходчыкі. «Звязда».
шахцёр, ‑а, м.
Горнарабочы, які працуе ў шахце. Аднойчы на змене, Прайшоўшы забой, Шахцёры спачыць там Прыселі на камень. Броўка.
шахцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Разм.
1. Жан. да шахцёр.
2. Брызентавы рабочы касцюм шахцёра, а таксама рабочая шапка шахцёра.
шахцёрскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шахцёра, уласцівы яму. Шахцёрская праца. □ — А наогул, Мікола ваш хлопец — во! — Аляксей паказвае вялікі палец левай рукі. — Ён тут да-а-аў дразда. Паказаў шахцёрскую хватку. Чыгрынаў. // Прызначаны для шахцёра. Шахцёрскае адзенне. Шахцёрская лямпа.
шах-ма́х, выкл.
Ужываецца для абазначэння рашучага хуткага дзеяння. — Гатовай праўды захацелася? — прамовіў Галубовіч. — Не, брат, праўду трэба здабываць з боем. А гэта не так проста, як малююць балбатуны-анархісты: шах-мах — скінулі цара, і кожны сам сабе сіла і права. Колас.